Часнок — карысная для нашага здароўя расліна. Ён прадухіляе хваробы сэрца, добра ўплывае на імунітэт і нават зніжае рызыку некаторых відаў раку. Але мала хто ведае, што максімальны эфект часнок дае, калі выконваць адно простае правіла.
Найперш, часнок дапамагае ад прастуды або грыпу.
Калі парэзаць або растаўчы зубчык часнаку, у ім ўтвараецца рэчыва аліцын, якое дапамагае расліне абараняць сябе ад шкодных мікраарганізмаў. Менавіта аліцын надае часнаку ўсе яго карысныя ўласцівасці.
Гэтая расліна мае антыбактэрыяльны і антыгрыбковы эфект, можа абеззаражваць паверхню органаў дыхання, зніжае крывяны ціск і дапамагае падтрымліваць узровень халестэрыну.
Для карысці часнок ядуць свежым: аліцын разбураецца пры награванні.
Часнок можна спажываць хоць кожны дзень, але ў меру. Адзін-тры зубочкі за дзень, не больш. Часнок пякучы. Калі есці яго зашмат і не заядаючы, ён можа раздражняць страўнік і біць па печані.
Перад тым, як есці часнок, растаўчыце яго ці парэжце і пакіньце на 10 хвілін, каб у ім сфарміраваўся аліцын.
У часнаку ёсць і іншыя карысныя рэчывы. Гэта ахаэн, адэназін, аліксін, кверцыцін, скардзін і іншыя. Гэтыя рэчывы падтрымліваюць нашы каранарныя артэрыі, маюць антыбактэрыяльны эфект, дапамагаюць пры дыярэі і хваробах мочавыдзяляльных шляхоў.
Падчас гатавання карысныя ўласцівасці часнаку змяншаюцца.
Каб карысці ад часнаку было больш, рабіце вось так: дадавайце яго ў суп ці боршч проста ў талерку, а не ў каструлю.
У соусы ці плоў часнок можна дадаваць у момант гатоўнасці, калі вы ўжо знялі страву з агню.
Дыетолагі таксама высока ацэньваюць прыём часнаку з кефірам ці натуральным ёгуртам. Вітаміны і аліцын захоўваюцца, у той жа час кісламалочныя прадукты абараняюць стрававод страўнік ад апёку часночным сокам.
Каментары