11 ліпеня па поўначы Беларусі пранёсся магутны смерч. У выніку ў некалькіх раёнах Віцебскай вобласці (найперш — у Шаркаўшчынскім) былі сарваныя дахі жылых і гаспадарчых пабудоваў, перакуленыя краны, аўтамабілі, пацярпелі тры чалавекі.
Cмерч у Шаркаўшчынскім раёне: сарваныя дахі, перакуленыя краны, выбітыя шыбы ФОТА, ВІДЭА
Па словах галоўнага сіноптыка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святланы Рыбаковай, у раёне метэастанцыі Віцебскай вобласці вецер дасягаў 16 метраў за секунду. Але ў самім эпіцэнтры тарнада хуткасць магла дасягаць 30-ці метраў за секунду (108 км у гадзіну).
На думку спецыяліста, тое, што ў апошні час смерч — не такі рэдкі госць у Беларусі, звязана з пацяпленнем клімату.
Рыбакова: «Смерч ці тарнада — гэта з'ява, характэрная для больш паўднёвых шыротаў. Сама па сабе яна вельмі лакальная. А паколькі 11 ліпеня смерч выйшаў на тэрыторыю пасёлка — таму такія разбурэнні. Калі б ён прайшоў па нейкім полі ці лесе, гэта было б не так заўважна: скруціла б ураджай ці паламала дрэвы. Акурат летась у Гомельскай вобласці таксама быў зафіксаваны смерч, але ў меншых маштабах: ён прайшоўся па полі».
У бліжэйшыя дні ў Беларусі працягнуцца навальніцы і моцныя дажджы, у асобных раёнах магчымы град і моцны парывісты вецер.
Каментары