Кіно55

Як мінскі айцішнік Аляксей Палуян стаў кінарэжысёрам

Здараюцца цікавыя гісторыі, калі маладыя і паспяховыя людзі кідаюць прыбытковую працу і насуперак матэрыяльным патрэбам пачынаюць займацца тым, да чаго ляжыць душа. Да такіх прыкладаў можна аднесці гісторыю 26-гадовага Аляксея Палуяна з Баранавіч.

Хлопец скончыў БДУІР, працаваў у вядомай буйной IT-кампаніі, але вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё.

Цяпер Аляксей — студэнт апошніх курсаў інстытута кіно і тэлебачання ў Вышэйшай школе мастацтваў Касэля, паспяхова здымае кароткаметражнае і дакументальнае кіно і ўжо паспеў стаць удзельнікам міжнародных кінафестываляў.

«Наша Ніва» пагутарыла з Аляксеем і абмеркавала яго нестандартны жыццёвы шлях, працу са знакамітым нямецкім акцёрам Гансам Хіршмюлерам і перспектывы беларускага кіно.

Аляксей Палуян быў праграмістам, але кінуў усё дзеля кіно.

НН: Аляксей, Вы былі студэнтам БДУІРа, працавалі ў вялікай IT-кампаніі, і ў Вас быў прыстойны для Беларусі заробак. Што Вас змусіла так кардынальна змяніць сферу дзейнасці?

АП: Чымсьці мая гісторыя падобная на гісторыю майго земляка, выдатнага кінарэжысёра Сяргея Лазніцы (ён, дарэчы, таксама нарадзіўся ў Баранавічах). Лазніца скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер-матэматык» і нават некалькі гадоў працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце кібернетыкі. Але праз некалькі гадоў канчаткова зразумеў, што тое, чым ён займаецца — не яго. Вось і ў мяне было таксама. Але я ні ў якім разе не хачу нават нейкія паралелі праводзіць паміж мною і Сяргеем Лазніцаю.

Шчыра кажучы, я дакладна не ведаў, чым хацеў займацца: вагаўся паміж тэатрам і кіно. Але ніяк не працаваць над камп’ютарам, якой бы прыбытковай гэтая праца ні была.

Яшчэ ў Мінску я запісаўся ў нямецкамоўную аматарскую тэатральную групу. Было цяжка, мовы тады я амаль не ведаў. Потым былі невялікія гастролі ў Берліне. Менавіта там я канчаткова вырашыў, чым буду займацца ў сваім жыцці.

Спачатку я планаваў паступіць у Патсдамскую кінаакадэмію. Але ўрэшце зусім раптоўна я атрымаў месца ў інстытуце кіно і тэлебачання ў Акадэміі мастацтваў Касэля. І я вельмі шчаслівы, бо апынуўся ў правільны час у правільным месцы.

Выявілася, што інстытутам кіруе Яна Друзь. Яна выбітная ўкраінская актрыса, рэжысёр і сцэнарыст. Чалавек з велізарным досведам і разуменнем кіно. Гэта прадстаўнік «старой школы» савецкага кіно ў найлепшым сэнсе гэтага слова. Фільмы Яны Друзь і яе мужа Давіда Сафарана захоўваюцца ў галоўным у свеце музеі кінамастацтва «Cinémathèque française». Тады я зразумеў, што маюць на ўвазе японцы, калі кажуць: «Вучань шукае не школу, а майстра!» Я раздумаў паступаць у Патсдам і прыклаў усе намаганні, каб хутчэй стаць студэнтам Яны Друзь.

Першы год я рабіў партфоліа. Патрэбна было зрабіць 3 фільмы, 1 сцэнар і раскадроўку. Усяго было каля 260—270 кандыдатаў, з якіх у выніку адабралі 30 чалавек. І 5 з іх — на аддзяленне кіно. Астатнія пайшлі на іншыя кірункі (фота, мультфільмы, графіка).

НН: То бок першыя ўражанні ад Касэля былі пазітыўныя?

АП: Безумоўна. Я трапіў у групу, у якой былі людзі з розных краін і культур, з абсалютна розным жыццёвым досведам. Гэта людзі з Грузіі, Ірана, Афганістана, Расіі… Мы творым разам, вучымся адзін у аднаго. Паміж намі існуе, дзякуючы ўстаноўкам нашага прафесара, адзін з самых галоўных законаў мастацтва: мы ніколі не крытыкуем, мы можам толькі прапанаваць сваю ідэю.

Тут няма нейкай мяжы паміж студэнтамі і нестудэнтамі. Мы працуем і здымаем разам з былымі студэнтамі, якія ўжо цяпер працуюць на «рынку» кіно, канкурэнцыя на якім шалёная.

Таму мы шмат вучымся ў нашых больш дасведчаных сяброў.

Некаторыя думаюць, што рэжысёры вельмі багатыя людзі, але гэта зусім не так. У рэжысуру ідуць не дзеля грошай. З усіх рэжысёраў у свеце можа толькі некалькі працэнтаў — людзі, у якіх ёсць вялікія грошы, але і яны ў асноўным прадстаўляюць камерцыйнае кіно. Таму і канкурэнцыя сярод рэжысёраў за атрыманне рэсурсаў велізарная. Але яшчэ ніводзін рэжысёр з голаду не памёр!

Усе мае фільмы я здымаў за ўласныя грошы. Даводзіцца працаваць вечарамі і начамі. Як бачыце, не ўсё так проста.

НН: Вы малюеце нейкую апакаліптычную карціну. Што ж Вас тады натхняе гэтым займацца?

АП: На самай справе, гэта і добра. Ціск і цяжкасці вельмі дапамагаюць у творчасці.

А самае натхняльнае — гэта калі ты здымаеш і стаіш на здымачнай пляцоўцы, азіраешся, і за табой, дзеля тваёй ідэі, стаіць вялікая колькасць людзей, і ты разумееш адказнасць перад імі.

Кіно — гэта каманднае мастацтва. Фільм ніколі не здымае адзін чалавек. Таму кожнага чалавека з тваёй каманды неабходна зацікавіць, зрабіць апантаным тваёй ідэяй. Трэба быць добрым псіхолагам, каб усе ўдзельнікі здымачнага працэсу адчувалі сябе камфортна.

Мэтр кіно Федэрыка Феліні ў свой час перад здымкамі падыходзіў амаль да кожнага са ста чалавек з яго здымачнай групы: да асвятляльнікаў, аператараў, дэкаратараў… Ён іх матываваў, жартаваў, цікавіўся іх справамі. Ён кіраваў атмасферай на здымачнай пляцоўцы. Феліні нават падыходзіў да кіроўцы, які займаўся перавозкай акцёраў. Бо разумеў, што, калі кіроўца будзе не ў гуморы, яго настрой перадасца акцёрам і з імі будзе складаней працаваць.

Так павінен рабіць кожны рэжысёр, бо рэжысёр ёсць псіхолагам. Паглядзіце «Амерыканскую ноч» Франсуа Труфо. Вы зразумееце, пра што я вам кажу і як павінен працаваць гэты механізм. Гэта неймаверна цяжка, але адначасова і вельмі натхняюча.

Рэжысёр — гэта, як кажа мой майстар, праца толькі для дарослых! Чалавек, які прыйшоў у рэжысуру, павінен быць сумленным з самім сабой. Ён павінен кожную раніцу задаваць сабе пытанне: што такое кіно для мяне? Навошта я здымаю новы фільм? Ці павінен чалавек увогуле глядзець яго?

Прафесія рэжысёра — бесперапынны пошук адказу на галоўнае пытанне мастацтва: як пабудаваны наш свет? І менавіта гэтае асабістае бачанне павінна быць новым! Ад твайго незвычайнага разумення залежыць якасць фільма, які ты здымаеш, тая думка, якую ты перадаеш гледачам. У фільме павінна быць адкрыццё для гледача — тады ты маеш права здымаць фільм. На гэтым будуецца кіно Таркоўскага, Параджанава, Кеслеўскага, Бергмана, Гадара… Я магу пералічваць ланцужок гэтага кінематаграфічнага алімпу доўга.

Не трэба гуляцца ў кіно — трэба здымаць кіно, а гэта бесперапынная праца. Паглядзіце на Фасбіндэра — чалавек згарэў ад свайго запалу да кінамастацтва. 44 фільмы за 16 гадоў! Яму было што сказаць гледачам. Мой акцёр Ганс Хіршмюлер, які сыграў галоўную ролю ў ягоным фільме «Гандляр чатырох пор года», расказваў мне, як яны здымалі фільм. Амаль увесь фільм быў зняты з першага дубля. Вы можаце сабе ўявіць інтэнсіўнасць працы акцёраў і Фасбіндэра на здымачнай пляцоўцы? Ведаеце, чаму так было? Бо Фасбіндэр ведаў, чаго ён хацеў ад акцёраў, і акцёры разумелі, што трэба рэжысёру. Хіршмюлер атрымаў пасля гэтага фільма прыз найлепшага акцёра Нямеччыны ў 1972 годзе.

НН: Колькі стужак Вы ўжо знялі?

АП: Як рэжысёр, я зняў 5 кароткаметражных фільмаў, сярод якіх дзве дакументальныя стужкі. У нашай фільм-групе NUR FILM Group я здымаў чатыры мастацкія кароткаметражныя фільмы як аператар, у двух быў гукавіком, асвятляльнікам, 4 фільмы я прадзюсіраваў і г.д. Агулам я браў удзел прыкладна ў 20 фільмах у розных ролях за апошнія чатыры гады.

Сёлета ўвесну я здымаў у Касэлі фільм «Спыненне спакою» па кнізе Вішнеўскага «Адзіноцтва ў сеціве». Гэта фільм пра маладога хлопца Якуба, які закахаўся ў дзяўчыну Наталлю, з якой яму было наканавана сустрэцца ў сталоўцы. Пасля працяглых пошукаў ён знаходзіць яе і даведваецца, што яна глуханямая. Стужка пра тое, як людзі могуць знайсці супольную мову без слоў. Фільм амаль гатовы, засталося толькі дапісаць музыку.

Цяпер я пачаў працу над сцэнаром новай стужкі. Гэта будзе мой першы мастацкі фільм, які я буду здымаць у наступным годзе на радзіме, з беларускімі акцёрамі.

Калі ўсё ўдасца, то гэта будзе беларуска-нямецкая супольная прадукцыя. Частка тэхнічнай каманды будзе з нямецкага боку. Мне таксама пашанцавала, што я буду супрацоўнічаць з адным з самых моцных маладых пісьменнікаў Беларусі. Акрамя гэтага, гісторыя заснаваная на асабістым досведзе майго таты. Ён у мяне, як і матуля, скарбонкі гісторый.

Ну а самым першым маім фільмам была стужка «Сафія». Фактычна гэта фільм-назіранне за маёй пляменніцай. Ідэя тут вельмі простая: паказаць, як немаўля кіруе і маніпулюе ўсёй сям’ёй. Пасля «Сафіі» было некалькі студэнцкіх работ.

Фільм «Вяртанне»

Ну а потым быў фільм «Вяртанне», які ў лістападзе будзе паказаны ў галоўным конкурсе на Тэгеранскім міжнародным кінафестывалі кароткаметражнага кіно. Тут мне пашанцавала папрацаваць з вялікім акцёрам Гансам Хіршмюлерам. Я рызыкнуў, даслаў яму па пошце свой сцэнар і нават не спадзяваўся, што ён адкажа. Але ўжо на наступны дзень Хіршмюлер мне патэлефанаваў і паведаміў, што гатовы здымацца.

Выбітны нямецкі акцёр Ганс Хіршмюлер у фільме Аляксея Палуяна «Вяртанне».

НН: Ці цяжка было працаваць з такім вядомым майстрам?

АП: З аднаго боку, Хіршмюлер, нягледзячы на свой статус, размаўляў са мной на роўных. З іншага боку, праца з такімі сталымі і дасведчанымі акцёрамі патрабуе пільнасці. Часам такія акцёры-майстры хітруюць і працуюць не на поўную моц. Рэжысёр павінен заўважыць гэта і знайсці спосаб атрымаць ад акцёра яшчэ больш, нават калі гэта майстар з вялікай літары.

Аляксей Палуян (злева) з нямецкім акцёрам Гансам Хіршмюлерам.

Калі мы працавалі з Хіршмюлерам, мне здавалася, што ён працуе на 100%. Але цяпер, калі ў мяне больш досведу, я разумею, што я б мог больш выцягнуць з яго. Але гэта добра, у Касэлі я палюбіў рабіць і памылкі. Бо толькі ж на сваіх памылках мы вучымся.

Фільм «Вяртанне» пра тое, што ніколі не позна вярнуцца дадому. Я адчуваў пэўную сувязь з гэтай гісторыяй, бо мой тата вырас у інтэрнаце. Я не ведаў, што ў мяне ёсць дзед. Аднойчы мы прыехалі на Каляды ў госці да маёй цёткі, і я заўважыў нейкага старога дзеда ў хаце. Я быў яшчэ зусім малы і не разумеў, хто гэта. І толькі потым бацька мне сказаў, што гэта быў мой дзед. Праз месяц пасля той сустрэчы ён памёр.

Блізкая была гэтая гісторыя і для Хіршмюлера. Ён больш за 10 гадоў не гутарыў са сваім старэйшым сынам. Таму ў нас і выйшаў добры тандэм, мы добра разумелі адзін аднаго.

НН: А што можаце распавесці пра ваш апошні фільм?

АП: Стужка «Край жанчын» — гэта фільм пра лёсы чатырох бабуль з вёскі Любейкі Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці.

Гэты фільм асаблівы тым, што ён першы, які я здымаў у Беларусі, на малой радзіме маёй бабулі. Вёска Любейкі амаль вымерла, там засталіся жыць толькі старыя жанчыны, якія ўжо даўно пахавалі сваіх мужыкоў, а некаторыя і дзяцей. У іх велізарны жыццёвы досвед. Яшчэ дзецьмі яны зведалі, што такое вайна, перажылі сталінскія часы. Усё сваё жыццё яны будавалі, гублялі і нанава будавалі… Ведаеце, ім было што сказаць. І мне пашанцавала, што яны адкрылі мне свае сэрцы. Атрымалася жыццёвая споведзь, якая цалкам насычана мудрасцямі. Яны для мяне сталі роднымі за ўвесь час працы над фільмам.

Trailer "Край жанчын" (Land der Frauen) by Aliaksei Paluyan from Aliaksei Paluyan on Vimeo.

Прэм’ера была ў кінатэатры ў Касэлі. Пасля паказу фільма да мяне падыходзілі нямецкія гледачы, і яны былі ўзрушаныя. Адна нямецкая жанчына ўбачыла ў гэтых бабулях сваю маці. Яны разумелі іх гісторыі, іх досвед і іх праблемы. Кожны знайшоў у гэтых гісторыях нешта сваё. Гэта і ёсць магія кіно! Незалежна ад культуры і моў, людзі адчуваюць тэму, канфлікты, боль і знаходзяць саміх сябе ў героях.

Гераіні дакументальнага фільма Аляксея Палуяна «Край жанчын»

Пасля прэм’еры ў Касэлі я арганізаваў невялічкі паказ фільма ў Любейках, каб гераіні яго пабачылі. Гэта была самая важная для мяне прэм’ера. Былі і слёзы, і смех. На жаль, да паказу не дажыла адна з жанчын. Самая сонечная фігура фільма спадарыня Дзянішчык Людміла Міхайлаўна (бабуля Мілка) памерла акурат за 2 тыдні да прэм’еры.

НН: Што плануеце рабіць далей, пасля навучання?

АП: Шмат планаў. Хацелася б паспрабаваць пабудаваць своеасаблівы мост паміж Мінскам і Берлінам, то бок здымаць у Беларусі мастацкае і дакументальнае кіно з маёй камандай з Нямеччыны.

НН: Гучыць амбітна, але сітуацыя ў нашым кіно не вельмі спрыяльная.

АП: Так. На жаль, маладыя фільммэйкеры ў нас працуюць паасобку. Няма згуртаванняў, вакол якіх можна было б аб'ядноўвацца. А гэта самае істотнае і неабходнае ў кінематографе. Але я назіраю, як расце новая вялікая хваля «галоднай» да кінамастацтва моладзі. У нас хапае маладых талентаў, і я бачу іх намаганні. Гэта ўжо вялікая справа.

НН: Але ж для гэтага патрэбны вялікія грошы. Адна справа — заможныя краіны Заходняй Еўропы, а іншая — Беларусь…

АП: Не, гэта не зусім так. Канечне, у Заходняй Еўропе ёсць вельмі шмат розных фондаў, дзе можна атрымаць сродкі, але ж і канкурэнцыя там вялікая.

Але мы можам звярнуцца да досведу Грузіі. У маленькай краіне з колькасцю насельніцтва 4,5 млн чалавек стварылі дзяржаўнае аб’яднанне, якое падтрымлівае маладых рэжысёраў і нават уладкоўвае іх на працу ў звычайныя школы, каб яны выкладалі дзецям. Таму грузінскае кіно штогод мае прэм’еры на Берлінале і іншых фестывалях А-класа. Гадавы бюджэт гэтага цэнтра — каля 2—3 млн даляраў. Ніколі не паверу ў тое, што ў нашай дзяржаве няма такіх грошай. Я думаю, што падобнае творчае аб’яднанне, як у Грузіі, можна было б стварыць і ў нас, замест каго, каб укладаць грошы ў сумнеўныя праекты.

Але больш істотнай праблемай ёсць катастрафічны брак у Беларусі кінафестываляў кароткаметражных фільмаў. Тое, што ў нас ёсць «Лістапад», — добра. Але ж гэтага мала. Павінны быць і фестывалі для маладых рэжысёраў з усяго свету, якія яшчэ не пачалі здымаць поўнаметражнае кіно. Ёсць два шляхі развіцця для любога фестывалю: запрашаць фільмы, якія былі паказаны паўсюль, — у гэтым выпадку ты зарабляеш на квітках і не больш. Але

ёсць і другі шлях — адкрываць рэжысёраў. Гэта калі ты рызыкуеш і шукаеш маладыя таленты. Так пабудаваны Tampere Film Festival, так пачынаўся кінафестываль у Сlermont-Ferrand, кінафестываль у Аберхаўзэне і шэраг іншых фестываляў аўтарскага кіно.

Але давайце пачнем з першага кроку. Давайце аб’ядноўвацца!

Каментары5

Байпол назваў імёны верагодных забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны верагодных забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Усе навіны →
Усе навіны

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго4

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы2

Сёння Лукашэнка едзе ў МДЛУ2

Падчас удару Storm Shadow пад Курскам быў паранены паўночнакарэйскі генерал — The Wall Street Journal1

Расія можа мець толькі некалькі такіх ракет, якую яна запусціла па Дняпры12

Як у 2020-м віцябчук выліў вядро вады на зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку

Наколькі эфектыўныя біялагічныя дабаўкі з магніем?3

Мінінфарм забараніў распаўсюджваць у Беларусі 35 друкаваных выданняў. Што за яны — пакуль загадка1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны верагодных забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны верагодных забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Галоўнае
Усе навіны →