Самае чытанае за 2016. Домрачава, Глеб, Ганчарэнка: як спартыўная эліта абжывае бераг Мінскага мора
У Лапаравічах зямлю раздаюць чэмпіёнам, як у Драздах — чыноўнікам.
У навагоднія святы «Наша Ніва» ўзгадвае самыя папулярныя артыкулы, якія з'явіліся на сайце за 2016 год.
* * *
У сярэдзіне 2000-х першае «пакаленне» лукашэнкаўскай эліты атрымала дармовыя ўчасткі зямлі ў Драздах. Палацыкі там узвялі чыноўнікі, бізнэсовец Юрый Чыж, святар Фёдар Поўны, а таксама хакейны трэнер Міхаіл Захараў. На суседняй вуліцы — хакеісты Уладзімір Цыплакоў і Руслан Салей. Кошт гэтых катэджаў цяпер складае каля $1 мільёна.
У пачатку 2010-х палітычныя эліты абнавіліся, і іх засялілі непадалёку, у «Драздах-2». Тут чыноўнікаў і сілавікоў «разбавілі» некалькімі мастакамі, што афармлялі Палац Незалежнасці, і спеваком Анатолем Ярмоленкам. Хапіла прасторы і для спартсменаў — месца на першай берагавой лініі дасталася тэнісістцы Вікторыі Азаранка, тэніснаму трэнеру Сяргею Цяцерыну, а таксама біятлоннаму функцыянеру Сяргею Булыгіну. Трохі менш прэстыжныя надзелы аформілі на сябе фрыстайлісты-чэмпіёны Аляксей Грышын і Антон Кушнір.
У сістэме каштоўнасцяў беларускіх эліт наяўнасць сваёй зямлі — надзвычай істотны складнік. Гэта своеасаблівае прызнанне, атрыманае ад дзяржавы. А ў дадатак гэты бонус можна перадаць дзецям, забяспечыўшы ім бязбеднае існаванне.
«Элітная дзярэўня»
Для беларускіх спартсменаў масавым месцам раздачы зямлі сталі Лапаравічы. «О, у нас дзярэўня стала элітная», — хваліцца нам старажыл Лапаравіч, які курыць ля брамы сваёй стараватай хаты, чакаючы жонку.
Вёска знаходзіцца на паўночным беразе Заслаўскага вадасховішча. (Мінскага мора). Ад кальцавой — усяго 10 км. У Лапаравічах цяпер жыве каля 250 чалавек, большасць з іх працуе ў сталіцы.
Калісьці гэта была звычайная вёска. Уздоўж адзінай вуліцы стаялі драўляныя хаты, а да самага берага вадасховішча, у нізінцы, ішлі агароды.
Аднак блізкасць да Мінска ўзняла цэны. Цяпер зямля тут дарагая, за 15 сотак гаспадары просяць ажно $300 тысяч. «Дзяржаўная» цана значна адстае — кадастравы кошт такога ж надзела складае ўсяго $25 тысяч.
Участкі пад прыватнае будаўніцтва ў Мінску не даюць, а вось у Лапаравічах з гэтым прасцей. У канцы 2000-х каля 70 надзелаў былі выдзеленыя для ахвотных палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.
Некалькі гадоў таму Папярнянскі сельсавет выбраў больш прагрэсіўную схему раздачы зямлі — выставіў участкі на аўкцыён. Выніковая цана па розных надзелах вагалася паміж $50 тысячамі і $125 тысячамі ў залежнасці ад прэстыжнасці месца.
На спартсменах вырашылі не зарабляць. Хоць хто-хто, а яны са сваімі вялікімі кантрактамі маглі пры жаданні набыць любы надзел зямлі.
Мясцовыя ўлады вырашылі не рабіць таямніцу з прафесіі новых гаспадароў і назвалі вуліцу Спартыўнай.
Заехаць у госці да Домрачавай і кампаніі складана — расстаўленыя некалькі дарожных знакаў з папярэджаннем, што паездка па прыродаахоўнай зоне будзе каштаваць 20 базавых велічыняў (4,2 мільёна рублёў).
Першыя жыхары — біятланісты
Першыя надзелы сталі выдаваць эліце ў канцы 2010 года. Правілы гульні змяняліся некалькі разоў.
Спачатку ўзнагародзілі біятланіста Сяргея Новікава. Магілёўскі спартсмен ніколі не хапаў зорак з неба, але на Алімпіядзе ў Ванкуверы змог скочыць вышэй за галаву. Дасканалая стральба ў індывідуальнай гонцы прынесла яму срэбны медаль. А неўзабаве — і надзел у Лапаравічах. Новікаў атрымаў яго ў пажыццёвае спадчыннае валоданне. Усе іншыя гаспадары-спартсмены валодаюць зямлёй па праве ўласнасці.
Праз некалькі месяцаў у яго з’явіўся сусед — участак выкупіў трэнер Адрыян Цыбульскі. У замежных СМІ яго называюць «асабістым трэнерам Дар’і Домрачавай». Цыбульскі ўзначальвае біятлонную зборную Беларусі і ў федэрацыі лічыцца намеснікам старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка.
Прэмія для БАТЭ
Найбольшая колькасць жыхароў дадалася на вуліцу Спартыўную ў верасні 2011 года. Футбольныя заўзятары святкавалі поспех барысаўскага БАТЭ — каманда ў чарговы раз прабілася ў Лігу чэмпіёнаў.
Папярнянскі сельвыканкам узнагародзіў трох чалавек з каманды. Надзелы атрымалі трэнер Віктар Ганчарэнка (цяпер ён працуе ў маскоўскім ЦСКА), абаронца Аляксандр Юрэвіч (сканчвае кар’еру ў салігорскім «Шахцёры») і нападаючы Віталь Радзівонаў, які дагэтуль застаецца галоўнай ударнай сілай БАТЭ.
Самага вядомага беларускага футбаліста, Аляксандра Глеба, у барысаўскім клубе тады яшчэ не было. Ён меў кантракт з іспанскай «Барселонай». Глеб — знаны рыбак. Магчыма, вярнуўшыся праз год у Беларусь, Аляксандр наслухаўся ад партнёраў расповеды пра рыбныя берагі Мінскага мора. Так ці іначай, але ў канцы 2014 года ён за свае грошы выкупіў адзін з суседніх дамоў.
Латыфундыя Домрачавых
Увосень 2011 года ўчастак на вуліцы Спартыўнай атрымала і Дар’я Домрачава. На той момант біятланістка ўжо мела статус прызёра Алімпіяды-2010.
Аднак сапраўднае прызнанне і народная любоў прыйшлі да яе пасля наступнай Алімпіяды. Нагадаем, у 2014 годзе ў Сочы Домрачава выйграла тры залатыя медалі, а неўзабаве яшчэ і атрымала статус Героя Беларусі.
Гэтага, як палічылі чыноўнікі, было дастаткова, каб узнагародзіць сям’ю Домрачавай яшчэ некалькімі надзеламі ў Лапаравічах.
Біятланістка і так мела надзел, бліжэйшы да вады. А цяпер ёй далі дадатковыя 80 сотак «для добраўпарадкавання зоны адпачынку». У такім выпадку зямля перадаецца ў арэнду. Домрачавай давядзецца плаціць штогод па $803. Дамова заключаная на традыцыйныя 99 гадоў. Апроч таго, чарговыя 20 сотак былі запісаныя на яе маці, Ларысу Мініну.
Праект будоўлі Домрачавых выглядае самым адметным, дом будзе падобны да футурыстычнага касмічнага карабля.
Лецішча Мулявіна
Дарэчы, Лапаравічы аказаліся ў цэнтры ўвагі, калі ў вёсцы знеслі лецішча Уладзіміра Мулявіна. Менавіта адсюль ён ехаў на сваёй машыне, калі разбіўся ў аўтакатастрофе ў 2002 годзе. Будынак стаяў пустым больш за дзесяцігоддзе, і цяпер сям’я песняра вырашыла прадаць яго. Новы гаспадар знёс састарэлае лецішча, каб пабудаваць на яго месцы сучасны катэдж.
Ранейшыя «калоніі» спартсменаў
У канцы 1990-х узровень дабрабыту беларусаў быў значна ніжэйшым, а «бонусы» спартыўнай эліце — значна таннейшымі. Чэмпіёнам прапанавалі пабудаваць кватэры ў ярка расфарбаваных шматпавярховіках на вуліцы Вясёлкавай. Прычым жыллё не было падарункам, а будавалася долевым спосабам. Кватэры, напрыклад, займелі тэнісіст Максім Мірны, кіраўнік БАТЭ Анатоль Капскі.
Праз некалькі гадоў спартсмены-чэмпіёны змаглі разлічваць на катэджы. Іх найбольшая колькасць сабралася ў раёне вуліц Мястроўская і Ржавецкая, непадалёку ад «Мінск-Арэны». Тут пабудаваліся срэбраны прызёр Алімпіяды-2008 па штурханні ядра Наталля Міхневіч, бронзавы прызёр Алімпіяды-2004 па велагонках Наталля Цылінская, двухразовы прызёр Алімпіядаў фрыстайліст Дзмітры Дашчынскі і трэнерка зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская.
Каментары