Стала вядома, чым будзе займацца Косінец на пасадзе памочніка Лукашэнкі
Аляксандр Косінец, які прызначаны памочнікам прэзідэнта Беларусі, будзе курыраваць на гэтай пасадзе рэалізацыю стратэгічных праектаў. Гэта вынікае з указа №194 ад 30 мая 2017 года, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.
Дакументам уносяцца змяненні ва ўказ ад 13 лютага 2017 года №40 «Аб аптымізацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Тады была зацверджана структура дадзенага дзяржаўнага органа, якая ўключала ў сябе пасаду памочніка прэзідэнта па пытаннях заканадаўчай і судовай дзейнасці.
Згодна з новай рэдакцыяй, назва пасады зменена на «Памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Адкарэктаваны і адпаведны пункт палажэння аб памочніку прэзідэнта.
Вызначана, што сярод асноўных яго функцый — кантроль за рэалізацыяй стратэгічных праектаў у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы, маніторынг сітуацыі і інфармаванне ва ўстаноўленым парадку прэзідэнта Беларусі аб ходзе выканання Нацыянальнай акадэміяй навук дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў і інавацыйнага развіцця, а таксама аб выніках камерцыялізацыі навуковых распрацовак.
Памочнік таксама ўпаўнаважаны ўносіць кіраўніку дзяржавы ва ўстаноўленым парадку праз Адміністрацыю Прэзідэнта прапановы, накіраваныя на эфектыўную рэалізацыю стратэгічных праектаў. Ён жа будзе ўзаемадзейнічаць па адпаведных пытаннях з Саветам Міністраў, НАН Беларусі, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Каментары