Кітайцы вырабілі рэальны самалёт-невідзімку. Гэта можа мець наступствы для балансу сілаў
Таўшчынёй як два аркушы паперы, новы матэрыял эфектыўна «асляпляе» радары, паглынаючы электрамагнітныя хвалі, што раней лічылася немагчымым.
Як піша South China Morning Post, навукоўцы з Нацыянальнага ўніверсітэта абаронных тэхналогій змаглі распрацаваць інавацыйны матэрыял, што здольны эфектыўна паглынаць электрамагнітныя хвалі, якія антыстэлс-радары выкарыстоўваюць для знаходжання схаваных аб'ектаў.
Як вядома, дэцыметровыя і метровыя хвалі, якія выпраменьваюць антыстэлс-радары, менш рассейваюцца і здольныя адбівацца нават ад малазаўважных аб'ектаў. Іх не здольныя эфектыўна паглынаць сучасныя матэрыялы, што выкарыстоўваюцца для пакрыцця стэлс-авіяцыі. У першую чаргу з-за сваёй нязначнай таўшчыні. Кітайскія навукоўцы заявілі, што змаглі знайсці рашэнне.
Як паказалі лабараторныя выпрабаванні, інавацыйны матэрыял пад розным вуглом эфектыўна паглынае электрамагнітныя хвалі даўжынёй ад 70 да 20 сантыметраў, пераўтвараючы іх энергію ў цяпло. Гэта пакрывае асноўныя частоты, якія выкарыстоўваюцца антыстэлс-радарамі, што працуюць у P-дыяпазоне (даўжыня хвалі складае ад 30 да 100 сантыметраў) і L-дыяпазоне (15-30 сантыметраў). Пры гэтым ягоная таўшчыня эквівалентная двум аркушам паперы.
Пераўтвараючы выпраменьванне ў цяпло, матэрыял мінімізуе адбіты сігнал, эфектыўна «асляпляючы» радары. Гэта робіць яго ўніверсальным рашэннем для абароны стэлс-авіяцыі і дронаў ад сучасных сістэм выяўлення.
Спецыялісты адзначаюць, што дасягненне такога ўзроўню паглынання пры такіх нязначных памерах раней лічылася тэхнічна недасягальным.
Распрацоўшчыкі адзначаюць, што новы матэрыял вызначаецца лёгкасцю, гнуткасцю і прастатою ў масавай вытворчасці. Гэта робіць яго ідэальна прыдатным для выкарыстання на самалётах і іншых аб'ектах, якім для выканання задач патрабуецца здольнасць пазбегнуць выяўлення. Ягоная малая вага не стварае дадатковай нагрузкі, а гнуткасць дазваляе пакрываць складаныя паверхні, забяспечваючы эфектыўную абарону ад радараў.
Калі гэтае рашэнне ўдасца выкарыстаць у вайсковай авіяцыі, гэта можна даць Кітаю значную перавагу перад ЗША, бо найноўшыя амерыканскія самалёты, у тым ліку F-35, радарам бачныя.
Каментары
"Кітай займае цэнтральнае месца на сцэне"
"Кітай стварыў першую кабель губ сістэму , здольную дасягнуць нагоды гага месца планеты"
"Ніколі не недаацэньвайце кітайцаў, кажа экс-лідар Сінгапура"
І так далей , пра сусветную ролю юаня і іншае
І так далей ...
Думаю, вы ўсё зразумелі.