Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova 30 лістапада і 1 снежня завітае ў Познань: літаратура, музыка, тэатр і мастацтва паяднаюцца на пляцоўках фестывалю, каб стварыць атмасферу для творчых сустрэч і інтэлектуальных дыскусій.
На працягу двух дзён фестываль прапануе шырокую праграму, якая ўключае прэзентацыі кніг і аўтарскіх праектаў, лекцыі, канцэрты, спектаклі і інтэрактыўныя майстар-класы. Pradmova ў Познані стане месцам сустрэчы беларускіх і замежных аўтараў, дзе кожны зможа далучыцца да дыялогу пра сучасную культуру, гісторыю і сацыяльныя выклікі.
Сярод яркіх падзей фестывалю — прэзентацыя паэтычнага зборніка «Астралябія Божых таямніц» ад беларускамоўнай паэткі з Іспаніі Анхелы Эспіносы Руіс, якая дэманструе сувязь беларускай мовы і культуры з міжнароднай супольнасцю. Ганна Янкута прадставіць сваю дзіцячую кнігу «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік», якая ўжо палюбілася маленькім чытачам, таксама ў межах познаньскай Pradmova адбудуцца перфарматыўныя чытанні Жэні Давідзенкі «10 гадзін наўпрост дадому» і паказ спектакля «Шум» ад Teatr Emigrant.
Для аматараў гісторыі і культуры адбудуцца цікавыя лекцыі і дыскусіі. Сярод іх выступ Віктара Шадурскага і прэзентацыя яго даследавання «Нараджэнне беларускага Левіяфана», прысвечанага перыяду пераходу Беларусі ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарызму.
Навуковая сенсацыя чакае наведнікаў імпрэзы «Мінулае і будучае беларускага самвыдаву» ад Таццяны Астроўскай і Уладзіслава Гарбацкага.
Музычная частка фестывалю аб’ядноўвае розныя фарматы і стылі: ад спеўных сходаў да сучасных праектаў, такіх як музычна-паэтычны праект «Літараноты» і беларускі музыка, хіп-хоп-выканаўца Mandzik стануць яркім завяршэннем аднаго з фестывальных дзён. На ўсіх пляцоўках будзе працаваць кніжны кірмаш, дзе наведвальнікі змогуць набыць навінкі беларускай літаратуры, пазнаёміцца з новымі выданнямі і пагутарыць з аўтарамі і выдаўцамі.
Pradmova ў Познані — гэта месца для тых, хто шукае натхнення, новых ідэй і кантактаў, а таксама магчымасці паглыбіцца ў беларускую культуру, якая развіваецца нават па-за межамі сваёй краіны. Уваход на большасць мерапрыемстваў вольны, але некаторыя падзеі патрабуюць папярэдняй рэгістрацыі.
Каментары