Вы ўжо маглі заўважыць, што калі адкрываеце некаторыя матэрыялы на NN.by, трапляеце на Nina.nn.by. «Ніна» — гэта новы праект «Нашай Нівы», дзе мы збіраем канцэнтрат з навін, арыентаваных найперш на жанчын, хоць і мужчынам, напэўна, будзе што пачытаць. Давайце патлумачым, адкуль узялася «Наша Ніна» і навошта мы яе робім.
Пяць фактаў пра новы партал Nina.nn.by
1. Гэта першы ў свеце беларускамоўны рэсурс для жанчын. Нарэшце ў беларусак з’явілася ўласная пляцоўка, дзе яны могуць выказваць свае думкі, перажыванні, абмяркоўваць тое, што іх хвалюе. «Нашу Ніву» сёння найперш чытаюць мужчыны — 65% аўдыторыі. Мы хочам, каб «Нашу Ніну» адкрывалі іх жонкі, сёстры, маці і дочкі.
Мужчын таксама чакаем у госці: упэўненыя, вам будзе пра што падумаць.
2. «Ніна» — новы самастойны праект «Нашай Нівы». Ён мае свой сайт, свой лагатып, свой дызайн, свае старонкі ў сацыяльных сетках і нават сваю міні-рэдакцыю.
Стваральніцы новага рэсурсу — Настасся Роўда і Кацярына Карпіцкая.
Фота Сяргея Гудзіліна.
3. Чаму «Наша Ніна»? Так магла называцца каманда «Нашай Нівы» ў Беларускай інтэлектуальнай гульні — спаборніцтве беларускамоўных інтэлектуалаў. Праўда, над цікавай прапановай мы толькі пасмяяліся і назву каманды так і не змянілі (цяпер яна называецца «Дзікі і Лосі»). Калі ж з’явілася ідэя стварыць асобны рэсурс для жанчын, гэты варыянт прыгадаўся адразу: тут і гульня словаў, і прывязка да вытокаў.
4. Над ажыццяўленнем задумы актыўна працавалі сем чалавек. Гэта журналісты, рэдактары, дызайнеры. Лагатып «Ніны» распрацаваў Міхал Анемпадыстаў.
5. Пра што тут пішуць? Прынцып адзін — пра тое, што цікава нашым чытачкам. У нас ужо пыталіся, чаму няма рубрык «палітыка», «эканоміка» і гэтак далей. Мы не лічым, што жанчыну гэта не цікавіць. Але пра ўсё гэта заўсёды можна пачытаць на «Ніве». Калі б мы стваралі мужчынскі праект, прыкладам, «Наша Піва», там таксама не было б ні палітыкі, ні эканомікі.
«Ніна» — гэткая супержанчына, зборны вобраз беларусак, для якой няма межаў ні ў галаве, ні навокал. З ёй можна пасмяяцца і абмеркаваць вострыя тэмы, ёй можна пажаліцца, у яе можна папрасіць парады ці адказу на любое пытанне. Калі ўжо ёсць пра што спытацца або ёсць што распавесці, лістуйце нам на пошту [email protected].
Падпісвайцеся на нас у сацсетках, каб не прапусціць усё самае цікавае:
Каментары