Надыходзіць Дзень маці, і, канечне, нам хочацца падарыць сваім матулям нешта класнае. Можа, новы шалік, патэльню ці яшчэ што-небудзь? Насамрэч, галоўны падарунак для нашых матуль — гэта калі мы прыязджаем у госці, сядаем з імі за стол і смакуем стравы, прыгатаваныя з цеплынёй і клопатам.
Толькі цяпер я ўсведамляю, як гэта было непрыемна, калі я ў дзяцінстве адмаўлялася есці тое, што прыгатавала мама. А ворагам нумар адзін для мяне былі фаршыраваныя перцы і галубцы. Глядзець на іх не магла.
Але сёння, калі я прыязджаю да маці і яна ставіць перад намі талерку з фаршыраванымі перцамі, мяне складана ад іх адцягнуць. Пакаштуйце і вы!
На 4 порцыі:
- 8 сярэдніх перцаў;
- 400 гр. фаршу свініна-курыца;
- 0,5 шклянкі рысу;
- 1 цыбуліна;
- 1 морквіна;
- некалькі галінак пятрушкі;
- 2 ст. л. алею;
- 50 гр. таматнай пасты
- 1 шклянка смятаны;
- соль;
- перац.
Перцы мыем і акуратна зразаем верх, прыбіраем насенне. Перцы варым у кіпні хвілін 7, дастаём і абліваем халоднай вадой.
Рыс трэба зварыць да паўгатоўнасці (прыкладна 8 хвілін) у салёнай вадзе. Цыбулю здрабняем, моркву тром на тарцы. Пятрушку дробна сячом.
На патэльні разаграваем алей, смажым цыбулю і моркву.
Змешваем фарш, рыс, моркву і цыбулю, дадаем соль і перац. Добра перамешваем. Напаўняем перцы начынкай і укладваем іх у каструлю дзірачкай уверх. Змешваем таматную пасту са смятанай і шклянкай цёплай вады, солім, заліваем сумессю перцы. Накрываем накрыўкай і тушым на маленькім агні хвілін 40. Падаём са смятанай.
Смачна есці!
Можаце паспрабаваць зрабіць і посны варыянт начынкі. Для гэтага мяса замяняем прыгатаваным булгурам, рыс не дадаём. Або робім начынку з рысу, морквы і кмену.
Каментары