Навуковец Віл Мірзаянаў, які займаўся даследаваннем нервова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распавёў, чаму былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія не загінулі ад дзеяння хімікату. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Мяркуючы па схеме флакона, якім карысталіся атрутнікі, усярэдзіне яго быў ізаляваны адсек, у якім знаходзілася атрутнае рэчыва. Па словах Мірзаянава, злачынцу перад распыленнем трэба было праціснуць цэнтральную трубку праз гэты ізаляваны адсек і некалькі разоў патрэсці флакончык для поўнага і хуткага сінтэзу «Навічка».
Мірзаянаў зрабіў выснову, што ў атрутніка, імаверна, не было дастаткова часу, каб пачакаць, пакуль рэакцыя завершыцца: ён дрэнна страсянуў флакон, а тэмпература паветра ў дзень здарэння была даволі нізкай для паспяховай рэакцыі. «Гэта прывяло да стварэння ў флакончыку на гэты час нізкай канцэнтрацыі «Навічка». Такім чынам на дзвярную ручку была нанесеная адносна нізкая, несмяротная канцэнтрацыя «Навічка» і з гэтай прычыны Скрыпалі не загінулі», — адзначыў ён.
Каментары