Улада33

«Гадавалі бабуля і дзед»: што вядома пра віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава і ягоную сям’ю

Юрый Назараў прызначаны віцэ-прэм’ерам, які адказвае за энерганосьбіты. Перад гэтым ён шэсць гадоў узначальваў «Беллеспаперпрам».

Юрый Назараў. Фота bellegbumprom.by

«НН» знайшла цікавыя звесткі пра асабістае жыццё новага віцэ-прэм’ера і яго сям’ю 

Юрый Назараў нарадзіўся ў Горках. У той час у мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі навучаліся ягоныя бацькі. Яны пабраліся шлюбам на другім курсе, адразу ж і з’явіўся першы сын Юрый.

Мама чыноўніка Клара паходзіць з вёскі Каменка Горацкага раёна — гэта самая мяжа з Расіяй. Тата Віктар — з Віцебска. І паколькі маладой пары трэба было думаць пра вучобу, дый у хуткім часе пайшлі наступныя дзеці, то выхаваннем Юрыя занялася бабуля Марыя Грыгор’ева.

Справа ў тым, што родны дзед Юрыя Назарава (ён меў прозвішча Саўчанка) загінуў яшчэ ў 1943 годзе. Ужо ў мірны час бабуля Марыя Фёдараўна пабралася шлюбам з другім мужам, Іванам Міхеевічам, але дзяцей у пары так і не было. Адзінай дачкой была Клара ад першага шлюбу. Таму бабуля з мужам з вялікай ахвотай і любоўю ўзялі на выхаванне ўнука. Жылі яны ў вёсцы Ульяшына Горацкага раёна. Пачатковая школа была ў Сенькаве, а старэйшыя класы даводзілася сканчваць ужо ў самім райцэнтры.

Бабуля працавала паштальёнам, а дзед — ветэрынарам.

Юрый Назараў заўсёды дапамагаў бабулі, аж да яе смерці прыязджаў з Мінска, калі толькі меў магчымасць.

Пасля таго, як Юрый скончыў з адзнакай лясны інстытут, ён вярнуўся працаваць на малую радзіму. Уладкаваўся ляснічым у Зуброўскі лясгас. Жыў у бабулі, на працу дабіраўся на матацыкле МТ з каляскай.

«Вялікае тады было лясніцтва, яно і цяпер вялікае, а тады яно быў 10780 гектараў, уявіце толькі! — расказвае Канстанцін Сяргеевіч, які ў той час працаваў разам з Назаравым у лесе. — Ад нас што патрабавалася? У першую чаргу не парушаць заканадаўства. У Горацкім лясгасе ён дырэктарам прабыў усю гэтую перабудову, разруху».

Цікава, што той жа Канстанцін Сяргеевіч перакананы, што Юрый Назараў быў сіратой, але гэта зусім не так. Ягоная мама па сёння жыве ў вёсцы Любанічы Кіраўскага раёна. Клары Дзмітрыўне ўжо 80 гадоў, яе даглядае адзін з малодшых сыноў Аляксандр, які працуе там жа на пілараме. А вось бацька ўжо памёр ва ўзросце 70 гадоў.

«У Юрыя жонка — доктар-анастэзіёлаг. І бацькі ў яе — дактары ў Горках. Ён не рваўся да ўлады, не хацеў ехаць у той Мінск, і жонка не хацела. Яна спачатку не паехала, два гады ў Горках жыла, а ўжо калі кватэру [у Мінску] атрымаў, то прыехала да яго», — расказвае Клара Дзмітрыеўна.

Суседзі па Ульяшына кажуць, што Юрый Назараў і сёння часта прыязджае ў Горкі на могілкі. Бабуліну хату ўжо прадалі, сваякоў там не засталося. Да мамы прыязджае двойчы на год.

Галоўны бухгалтар Горацкага лясгаса Таццяна Масюк называе Юрыя Назарава «чалавекам з вялікай літары». «Цалкам аддадзены працы спецыяліст. Ён такі працаголік, вельмі патрабавальны. Калі чалавек бярэ на сябе нейкі ўчастак працы, то павінен ведаць усё пра гэта. Ён не з тых начальнікаў, якія што сабе ў галаву ўбілі, тое і робяць. У нас кожны тыдзень былі планёркі, на якіх ён спачатку выслухоўваў усіх, а ўжо потым рабіў нейкія высновы. Яму было важна, каб людзі выказваліся. Мы, старыя супрацоўнікі лясгаса, з цеплынёй успамінаем Юрыя Віктаравіча, ягоную школу выхавання».

У Юрый Назарава дзве сястры і два браты. Пра аднаго з братоў мы ўжо сказалі: Аляксандр працуе на пілараме ў Кіраўскім раёне. Іншы брат, Міхаіл, скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут, доўгі час жыў у Магілёве і Бабруйску, а цяпер працуе хірургам у 3-й паліклініцы ў расійскім Сочы. Сястра Ірына — выкладчыца музыкі ў Віцебску, а Ларыса — медсястра ў Магілёўскім раёне.

Брат Міхаіл Назараў. Фота facebook.com

«Добрыя дзеці, ніхто ў турме не сядзеў, ніхто не злодзей», — кажа мама Клара Дзмітрыеўна. У яе таксама ёсць шасцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. Летась жанчыне споўнілася 80 гадоў.

У Юрыя Назарава з жонкай адна дачка Вікторыя, ёй 26 гадоў. Пайшла па слядах маці, скончыла Медыцынскі ўніверсітэт, па спецыяльнасці педыятар. «Назарава В. Ю. — адказная і працалюбівая, у стасунках з выкладчыкамі і аднакурснікамі зычлівая, тактычная. У калектыве карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам», — напісана пра яе на сайце БДМУ.

Вікторыя Назарава. Фота vk.com

Вікторыя пакуль не замужам, працуе ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Яна шмат падарожнічае па Еўропе (здаецца, асабліва аблюбавала Ісландыю), а таксама па Беларусі. Часам змяшчае ў сваіх сацыяльных сетках допісы па-беларуску. Сярод яе любімых кніг пазначана «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.

Юрый Назараў

Нарадзіўся ў 1962 годзе ў Горках. Скончыў тэхналагічны істытут па спецыяльнасці «лясная гаспадарка». У 1983 годзе вярнуўся ў Горацкі раён, працаваў ляснічым у Зуброўскім лясніцтве, галоўным ляснічым Горацкага раёна. З 1988 да 2001 быў дырэктарам Горацкага лясгаса.

З 2001 года быў намеснікам старшыні Камітэта лясной гаспадаркі пры Савеце міністраў. У 2004-2010 — намеснікам міністра лясной гаспадаркі. У 2010-2013 быў намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта. У 2013-2020 узначальваў «Беллеспаперпрам».

Каментары3

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Усе навіны →
Усе навіны

Двое зняволеных зачалі дзіця, перадаючы сперму праз вентыляцыйную шахту6

Ва ўзросце 112 гадоў памёр самы стары мужчына ў свеце1

Пачалі судзіць пажарнага, які публічна звольніўся ў 2020 годзе

Украінскія разведчыкі эвакуявалі з вострава Змяіны 15 кацянят ФОТЫ1

Пратэстоўцы ўвайшлі ў Ісламабад, дзе цяпер з візітам Лукашэнка. Пачаліся беспарадкі і страляніна38

Міністр спорту Кавальчук выйграў расійскі-беларускі турнір па більярдзе ФОТАФАКТ2

Яшчэ каля 800 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за паўгода. Праверце сябе і блізкіх2

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне5

Памёр былы рэгіянальны начальнік КДБ Іван Корж12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Галоўнае
Усе навіны →