«Людзі аказаліся важнейшымі за ўласныя страхі». Вядомая адвакатка Наталля Мацкевіч пра ААН і Ціханоўскага, справу Бабарыкі і будучыню права ў Беларусі
Наталля Мацкевіч — адна з самых дасведчаных беларускіх адвакатак, у прафесіі яна з 1994 года. Ëй даставаліся рэзанансныя і цяжкія справы: абарона фігурантаў «Белага легіёна», Генадзя Фядыніча ў «справе прафсаюзаў», прадстаўленне інтарэсаў маці зніклага палітыка Юрыя Захаранкі. Апошнія гады не сталі выключэннем: Наталля была абаронцай Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Дзядка. Да таго моманту, пакуль у кастрычніку яе не выключылі з калегіі адвакатаў.
У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Наталля расказала, як выпадкова трапіла ў прафесію, якая ў выніку стала справай жыцця, і чаму ўдар па адвакатах — гэта адначасова ўдар па дзяржаве.
Наталля Мацкевіч. Фота з асабістага архіва.
«Сёння, дрэнныя часы для адвакатуры, але гэта толькі пачатак, на жаль»
«Наша Ніва»: Цяпер, калі вы ўжо можаце даваць разгорнуты каментар па факце выключэння вас з калегіі, раскажыце падрабязней, чаму гэта здарылася? Раней Зміцер Лаеўскі казаў, што фармальна нібыта вы неяк не так фармулявалі пытанні да сведкі на адным з судовых пасяджэнняў.
Наталля Мацкевіч: Вы ж разумееце, што сапраўдную прычыну ніхто не агучыць. Як цяпер праходзіць дысцыплінарная працэдура? Мінюст узбуджае дысцыплінарную вытворчасць і можа адхіліць адваката ад працы за адзін дзень.
І калегія, якая ўжо пасля прымае канчатковае рашэнне, загадзя звязаная яго меркаваннем.
Міністр ужо выявіў «дысцыплінарную правіннасць», а члены камісіі — гэта адвакаты, якія могуць у любы момант быць накіраваныя на пераатэстацыю ў Мінюст і могуць яе не прайсці. Проста кола прававых пытанняў, якія могуць быть там зададзеныя, не вызначанае і не абмежаванае.
Фармулёўка, якая была агучаная дысцыплінарнаяй камісіяй, а пасля і Саветам калегіі: «сістэма парушэнняў правілаў адвакацкай этыкі і заканадаўства аб адвакатуры». Усё складваецца з эпізодаў абароны Віктара Бабарыкі. Вось такі мне быў аказаны гонар.
(Наталля разам з Яўгенам Пыльчанкам былі апошнімі абаронцамі экс-кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Раней ліцэнзіі былі пазбаўленыя Аляксандар Пыльчанка і Зміцер Лаеўскі. Максім Знак быў асуджаны на 10 год, а Ілля Салей з’ехаў з Беларусі пасля — Заўв. «НН»).
«НН»: Пра якія канкрэтна эпізоды ідзе гаворка?
НМ: 20-га чэрвеня 2020 года на першым допыце па справе з маім удзелам следчы пазначыў у пратакол дзве заўвагі: першая — за тое, што я нібыта размаўляла паралельна з тым, як ён зачытваў правы майму падабароннаму. Тым самым я «перашкаджала падабароннаму азнаямленню з яго правамі».
А другая — за тое, што я не адказала на першую заўвагу (дагэтуль не ведаю, як я павінна была адрэагаваць). Потым 7-га ліпеня 2020 года следчы занёс у пратакол вочнай стаўкі сваю ж рэпліку пра тое, што пачуў, што я паралельна з ім нешта шаптала.
Дзявятага красавіка 2021 года падчас таго, як я ў судзе дапытвала сведку абвінавачвання, я нібыта яго перабіла. І потым, калі адвакат сведкі заяўляў пярэчанні, я звярнулася да суда, таксама з пярэчаннем, і прасіла суд патлумачыць адвакату сведкі яго працэсуальныя магчымасці. Адвакат сведкі, калі літаральна чытаць закон, не ў праве пярэчыць дзеянням бакоў (на што я і звярнула ўвагу). Усё было ў межах працэсуальнай палемікі.
Але ў выніку гэтыя эпізоды і склалі «сістэму парушэнняў», з чым я, вядома, нязгодная. Па-першае, таму, што гэта не з'яўляецца парушэннем парадку следчага дзеяння і судовага паседжання.
Па-другое, калі тыя падзеі мелі месца 1,5 гады таму, орган следства, КДБ, не звяртаўся ў калегію. Для іх гэта чамусьці было неістотным. Суддзя Вярхоўнага суда ўвогуле не зрабіў мне ніякай заўвагі. А менавіта меркаванне суда вырашальнае, калі ідзе працэсуальная палеміка, і адзін з удзельнікаў парушае правілы. Чаму ж цяпер у іншых людзей ёсць магчымасць пераацэньваць ранейшыя дзеянні?
Атрымліваецца, следчы можа ўносіць нейкія заўвагі ў пратакол ў адрас адваката, і праз час любому можа прыляцець. Прычым крыніца, ад якой Мінюст атрымаў гэтую інфармацыю, ні мне, ні калегіі названая не была.
У судзе звычайная працоўная практыка можа быць расцэненая як некарэктная. Такім чынам адвакат рызыкуе кожную хвіліну і яму нічога не застаецца, як толькі маўчаць падчас працэсуальных дзеянняў.
«НН»: Папярэдне вам неяк сігналізавалі, што могуць пазбавіць ліцэнзіі? Мабыць, былі нейкія пагрозы?
НМ: На дзіва, ніколі да мяне ніякіх прэтэнзій не было. Я вельмі даўно працую адвакатам, сама была членам дысцыплінарнай камісіі з 2012 па 2016 год, таму вельмі добра адчуваю этычныя межы.
У сённяшняй сітуацыі з абмежаваннямі для адвакатаў я заўсёды адсочвала свае публічныя заявы і дзеянні, кантакты з прэсай, якіх было нямала. Па гэтай прычыне асабліва да мяне не было нават магчымасці выставіць абгрунтаваныя прэтэнзіі.
Проста ж так весці са мной нейкія размовы бесперспектыўна. Людзі, якія маглі б так рабіць, думаю, не хочуць сябе засвечваць нейкімі такімі дзеяннямі.
«НН»: Вы пісалі, што вам шкада калег, якія выключылі вас са сваіх шэрагаў. Чаму?
НМ: У мяне проста склалася ўстойлівае адчуванне, што былыя калегі лічаць прычыны, якія паставілі пытанне пра маю далейшую дзейнасць, звычайнай працоўнай сітуацыяй.
Мне падалося, што яны паступілі так насуперак унутраным перакананням. І што яны, я думаю, разумеюць: ударыць можа па любому адвакату, у тым ліку па ім.
Сённяшняя практыка вядзе яшчэ да большай самацэнзуры, а гэта значыць, што адвакаты не будуць выконваць свае абавязкі з тым натхненнем і запалам, якія неабходныя для гэтай прафесіі.
«НН»: Вы будзеце абскарджваць рашэнне?
НМ: Канечне. Я разумею, што ніводная са скаргаў, пададзеных маімі калегамі з такім жа лёсам раней, не была задаволеная. Але было б непрафесійна, калі б я не скарысталася ўсімі працэдурамі мне дасяжнымі. Я ж адвакат, дапамагала іншым, і сама для сябе павінна зрабіць тое ж.
«НН»: Вы ў адвакатуры з 1994 года. Сёння самыя цёмныя часы для прафесіі ці былі горшыя?
НМ: Цяпер усё ж самыя цёмныя. Калі на дадзены момант больш за 30 адвакатаў па такім вось надуманым падставам пазбаўленыя прафесіі. І мы бачым, якія гэта бліскучыя прафесіяналы, мы бачым відавочную сувязь паміж іх асабістымі выказваннямі ці справамі, якія яны вялі, і пазбаўленнем статусу.
Мы можам здагадвацца, да чаго гэта вядзе: сёння гэта закранае адвакатаў палітзняволеных, тых, хто выказваў сваё меркаванне ў публічнай прасторы, а заўтра зачэпіць любога адваката, які так ці інакш будзе нязручны. Сёння, безумоўна, дрэнныя часы для адвакатуры, але я думаю, што гэта толькі пачатак, на жаль.
«Калі ідзе ціск на адвакатаў, ідзе парушэнне права на абарону»
«НН»: Чаму менавіта цяпер ціск на адвакатаў набыў такія маштабы? Нават калі браць вас, то і ў мінулым вы займаліся вельмі гучнымі і нязручнымі справамі, таго ж «Белага легіёна».
НМ: Калі згадваць, адвакатаў пазбаўлялі ліцэнзій і ў 2011 годзе: тых, хто абараняў людзей па паслявыбарчых справах. Што тычыцца «Белага легіёна», то ў 2017 годзе пяць адвакатаў па справе, у тым ліку мяне, адправілі на пазачарговую атэстацыю.
Тады нас атэставалі ўсяго на паўгода, але ў выніку ж сама справа была спыненая. Не прайшла атэстацыю зусім і была пазбаўленая ліцэнзіі Ганна Бахціна, якая па справе «Белага легіёна» абараняла Міраслава Лазоўскага. У свой час яна таксама дапамагала Эдуарду Пальчысу і Ірыне Халіп.
Усё гэта ўжо выглядала яе брацанне зброі ў наш бок. Адрозненне ў тым, што тады ўсё не было настолькі публічна, не так шмат было палітычна рэзанансных спраў і не так шмат адвакатаў яны зачапілі.
З іншага боку, і само грамадства не настолькі цікавілася адвакатамі. Сёння, я думаю, усе разумеюць: калі ідзе ціск на адвакатаў, то ідзе парушэнне права на абарону. І проста ўявіце, якіх высілкаў патрабуе замяніць адваката ў судзе, на палове шляху.
«НН»: Раскажыце акурат пра гэта: ці адразу знайшлася замена вам для Віктара Бабарыкі і іншых падабаронных?
НМ: Справу Ціханоўскага я адразу вяла не адна. Апошнія 2,5 месяцы, праўда, у судзе была толькі я, але цяпер туды вярнуўся Віктар Мацкевіч. Нерэальных высілкаў яму каштавала зноўку пагрузіцца ў працэс, вытрымаць планку. Яны абодва — і адвакат, і падабаронны яе ў выніку ўтрымалі. Хаця гэта і маральна, і фізічна, і чыста прафесійна вельмі цяжка.
Са справай Міколы Дзядка было цяжэй. Спачатку ў яго «забралі» Яўгена Маслава, які рэальна правёў амаль увесь суд.
Потым павінна была ўключыцца я, бо вяла справу са следства і ведаю матэрыялы. А ў апошні момант прыйшла Святлана Гарбаток: яна не ўдзельнічала ні на следстве, ні ў судзе. І вымушаная была адразу выступаць на прэннях.
Гэтыя рэчы дэманструюць гераізм калег, якія становяцца на нашы месцы. Але адвакатаў на замену ўсё менш і менш…
Для Віктара Бабарыкі было няпроста знайсці адваката, але мы знайшлі яго. Праўда, яго пусцілі ў калонію толькі пасля другой спробы.
«НН»: Было няпроста, таму што ніхто не хацеў за гэта брацца, бо справа як чорная метка?
НМ: Я не магу сказаць, што падышла да кагосьці і мне б сказалі: «Не, толькі не Бабарыка, мы баімся». Тут я не хачу нагаворваць на калег. Але не кожнаму даверыш такую складаную справу. Не ўсякі мне адмовіць, але я разумела загадзя, у што ўцягваю чалавека.
«Пасля нашага адхілення ў калонію да Бабарыкі прыязджаў Васкрасенскі. Мабыць, цяпер ён хоча аказваць юрыдычную дапамогу?»
«НН»: Якія ў вас былі апошнія навіны ад цяпер ужо былых падбаронных?
НМ: Віктара Дзмітрыевіча апошні раз я наведвала яшчэ ў верасні. Ëн, як заўсёды, быў у досыць добрым настроі — на ўсё можа паглядзець з гумарам і пазітывам. Ëн працуе ў пякарні фармоўшчыком хлеба. Гэта, як ні круці, «творчая дзейнасць».
Апошнім часам мы ставілі пытанне пра дрэнныя ўмовы працы: там было вельмі горача. І я ведаю, што туды прыязджалі пэўныя кантралюючыя асобы, каб замерыць тэмпературу. Здаецца, дазволілі адкрываць акно, каб праветрываць памяшканне.
Ведаю таксама, што Віктар цяпер можа карыстацца бібліятэкай: нейкі момант час яе працы супадаў з яго графікам, але потым бібліятэка стала працаваць у іншыя гадзіны. І яму яшчэ даступныя тэлефонныя званкі сястры — усё ж не зусім блакада. Але гэта было вядома нам з Яўгенам Пыльчанкам на той момант, калі мы маглі Віктара Дзмітрыевіча наведваць.
Улічваючы ўразлівае становішча палітвязняў, пазбаўленне Віктара Бабарыкі магчымасці наведвання адвакатамі, якім ён давярае, выклікае трывогу.
У той жа час пасля нашага адхілення да яго ў калонію прыязджаў Юрый Васкрасенскі. Мабыць, цяпер ён хоча аказваць юрыдычную дапамогу?
Калі сур'ёзна, хіба гэта нармальна, што адвакатаў няма, а чужым людзям уваход у турмы адчынены? Я ўпэўненая, што гэты візіт Віктара Дзмітрыевіча не ўразіў, але тым не менш.
Пра Сяргея я ведаю больш, бо мы развіталіся не так даўно. Ëн вялікі малайчына. Па-першае, вельмі стрэсаўстойлівы: чалавек 1,5 гады ў зняволенні, з іх 14 месяцаў — у адзіночнай камеры і не змяніўся, захаваў такі ўпарты і выразны погляд на рэчы вакол.
Да таго ж, ён вельмі кемлівы, шмат чаму навучыўся з пункту гледжання крымінальнага працэсу. Упэўнена і карэктна даносіць сваю пазіцыю. Працаваць з ім было вельмі камфортна. Што тычыцца побыту, тут нічога не змянілася: ён усё гэтак жа адзін, у маленькай цеснай камеры, па якой не можа прайсці, не задзеўшы плячыма «абстаноўку».
Кола крыніц інфармацыі для яго ўвесь час змяншаецца: газеты не аддавалі, зараз шмат чаго няма па падпісцы. Пасля яго прыезду ў Гомель, маці так і не дазволілі перадаць тэлевізар. З адказаў начальніка СІЗА-3 вынікае, што для Ціханоўскага бракуе «электраэнергетычных магчымасцяў» СІЗА.
Але гэта ён змог перавесці сабе на карысць: прачытаў велізарную колькасць кніг і развіў свае літаратурныя здольнасці. Ëн жа па адукацыі філолаг. Увогуле, тая карцінка, якую спрабуе маляваць дзяржтэлебачанне, нічога агульнага не мае з рэальным Ціханоўскім. Насамрэч, ён вельмі адэкватны і глыбокі чалавек.
Самае важнае, што магу сказаць пра сваіх падабаронных, пра таго ж Міколу Дзядка: яны захоўваюць неверагодную сіла духу. І з турмы ўмудраюцца яшчэ і падбадзёрваць нас.
«НН»: Калі б законы працавалі аднолькава для ўсіх, што было б з вашымі падабароннымі сёння?
НМ: Я думаю, калі б законы працавалі так, як трэба, то, мабыць, яны б проста не апынуліся ў турме, ва ўсіх гэтых умовах. Гэта не вялікі сакрэт, таму што як абаронцы мы заўсёды казалі: яны не павінныя быць затрыманыя і арыштаваныя, не павінны пераследвацца ў крымінальным парадку. У нас моцная пазіцыя ў працэсуальнай палеміцы. Але органы абвінавачвання і суды займаюць іншую.
Калі па справе Віктара Бабарыкі мы маглі хаця б паказаць нашу абгрунтаваную пазіцыю на адкрытым судовым паседжанні, то па справе Ціханоўскага, гэта так і застанецца за сценамі СІЗА-3. І я не ведаю, колькі часу пройдзе, пакуль яна стане публічнай.
«У дачыненні да Беларусі разгледжана больш за паўтары сотні скаргаў з прызнаннем парушэнняў правоў чалавека дзяржавай»
«НН»: Раскажыце, якім чынам Ціханоўскі выйграў справу ў ААН? Наколькі гэта было складана і што гэта дае Сяргею?
НМ: «Выйграў справу ў ААН» — гэта медыйны зварот. У прававым плане гэта гучыць так: ад імя Ціханоўскага было накіравана паведамленне ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях Рады па правах чалавека ААН.
Там разгледзелі пададзеныя заяўнікам аргументы і адказ урада Беларусі і вынеслі сваё рашэнне: прызнанне затрымання і зняволення Сяргея Ціханоўскага адвольным, парушаючым міжнародныя абавязанні Беларусі па Міжнародным пакце пра грамадзянскія і палітычныя правы.
Гэта рашэнне было накіравана, найперш, дзяржаве і яно будзе апублікавана на сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.
Падаць у Працоўную групу паведамленне тэхнічна не складана, але юрыдычна трэба валодаць навыкамі камунікавання ў міжнародных органах, ведаць працэдуру і прававыя падставы для такой скаргі.
Дзяржава ўзяла ўдзел у камунікацыі — значыць, прызнае, кампетэнцыю Працоўнай групы. Рашэнне было прынятае па выніках працэдуры спаборніцтва, таму ўлічваліся аргументы абодвух бакоў. Перамаглі тыя, якія больш абгрунтаваныя і адпавядаюць праву.
Пры гэтым мы памятаем, што міжнародныя дамовы Беларусі з'яўляюцца часткай яе прававой сістэмы. І хачу падкрэсліць, што працоўная група па адвольных затрыманнях — гэта не палітычны, а юрыдычны механізм. Такая ж прырода і ў рашэннях.
«НН»: У гісторыі Беларусі былі ўжо падобныя выпадкі?
НМ: Так, былі, але іх няшмат. Напрыклад, у 2012 годзе было рашэнне Працоўнай групы па справе Алеся Бяляцкага. Пазбаўленне яго волі было прызнана адвольным, бо гэты орган палічыў, што ён быў асуджаны за правамернае ажыццяўленне права на свабоду асацыяцыі.
Справа Ціханоўскага ў Працоўнай групе па адвольных затрыманнях разгледжана праз дзевяць гадоў пасля гэтага.
Каб задзейнічаць гэтую працэдуру, па-першае, трэба слушна падаць паведамленне. Па-другое, сама Працоўная група павінна ўбачыць у ім прадмет для вынясення такога рашэння (шмат па якім паведамленням яна абмяжоўваецца іншымі формамі камунікацый з дзяржавай).
У асноўным са скаргамі працуе Камітэт па правах чалавека, які з'яўляецца кантрольным органам Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы. І ў дачыненні да Беларусі ім разгледжана больш за паўтары сотні такіх скаргаў з прызнаннем парушэнняў праў чалавека дзяржавай у пэўных сітуацыях.
«НН»: Працоўная група ААН запатрабавала ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Ціханоўскага, а таксама выплаты яму кампенсацыі. Усе мы ведаем, што ўлады не пойдуць на такі крок. Ці ёсць план, што рабіць у такім выпадку?
НМ: Трэба разумець, што міжнароднае права — гэта права дамоўнае. Уся сістэма міжнароднай абароны пабудаваная на тым, што дзяржава, добраахвотна прыняўшы на сябе абавязанні па дамовах, абавязана сумленна іх выконваць.
Калі наднацыянальны орган прызнаў парушэнне права чалавека, то дзяржава павінна даць эфектыўны сродак праўнай абароны, які гэты орган рэкамендаваў (ці іншы сродак, каб гэта права аднавіць ці кампенсаваць). У справе Сяргея Ціханоўскага сродак прававой абароны ад адвольнага затрымання — гэта, відавочна, вызваленне. І на дадзены момант гэта ў кампетэнцыі суда, бо справа там.
Механізмаў прымусу да гэтага ні Працоўная група па адвольных затрыманнях, ні Камітэт па правах чалавека не маюць. Але гэтыя органы робяць прававыя высновы, якія ўжо немагчыма аспрэчыць, таму што такую кампетэнцыю дзяржавы перадалі ім самастойна.
Каштоўнасць такіх рашэнняў менавіта ў тым, што гэта — юрыдычны аргумент для абароны, які выяўляе не проста думку абароны, а выснову правамоцнага міжнароднага механізму. У гэтай якасці яго і можна выкарыстоўваць на ўсіх этапах, пакуль Ціханоўскі не будзе вызвалены.
«Нягледзячы на вялікую хвалю прапаганды, голас адвакатаў усё роўна чуваць»
«НН»: Беларускія суды сёння не апраўдваюць людзей па палітычных справах. На прысуды, як мы бачым, не ўплывае нават міжнародная супольнасць. Навошта ў такім выпадку працягваць кашмарыць адвакатаў?
НМ: Гэта выклікае ў мяне здзіўленне, бо каб стварыць хаця б бачнасць законнасці працэсу, адваката, наадварот, трэба было б берагчы. У такім выпадку з’явілася б магчымасць сказаць: «Вось мы далі чалавеку абараніцца, яго адвакат працаваў, іх пачулі, але, тым не менш, суд прыняў пазіцыю абвінавачвання».
Дзеля чаго выбіваць у сябе з-пад ног крэсла і цалкам кампраметаваць гэтыя працэсы, дэманструючы, што людзям нават не далі абараніцца? Для мяне ўсё гэта нелагічна.
Агулам, канечне, вялікі зман — думаць, што адвакат ні на што не ўплывае ў сённяшніх умовах. Адвакаты, на жаль, не прымаюць рашэнні, але, калі яны робяць сваю справу, абгрунтоўваюць пазіцыю аб невінаватасці, указваюць на працэсуальныя правапарушэнні, гэта дапамагае падабароннаму не ламацца, дае яму апору.
Нягледзячы на вялікую хвалю прапаганды супраць нашых падабаронных у дзяржаўных СМІ і з вуснаў службовых асобаў, голас адвакатаў усё роўна чуваць.
Мабыць, таму нас хочуць пазбавіць голасу: каб не было альтэрнатыўнага падыходу да таго, што транслюецца дзяржавай.
Гэта ўсё не вельмі добра для самой дзяржавы: свабода слова любога чалавека — журналістаў, адвакатаў, іншых людзей — гэта каштоўнасць. І калі людзям не даюць выказацца, як дзяржава будзе разумець, пра што ўсе думаюць? Дзяржава не зможа здымаць патэнцыйную напружанасць у грамадстве (калі б яна, канечне, хацела гэтага).
Усё ж калі людзі маўчаць, яны не перастаюць думаць.
«Было складана асэнсаваць, наколькі шмат людзей сочыць за табой»
«НН»: Што далося вам цяжэй за ўсё ў складаных па змоўчанні працэсах?
НМ: Часам было складана фізічна, калі трэба было рыхтавацца да прэнняў, перапрацоўваць вялікія масівы інфармацыі. Чатыры месяцы запар я ездзіла кожны тыдзень у Гомель. Гэта не было лёгка.
Але я неяк прызвычаілася, што праца заўсёды са мной. У мяне нават няма патрэбы пераключацца на нешта іншае, каб адпачыць. Я неяк змагалася з сабой з гэтай нагоды, жыла з нейкім пачуццём віны, што камусьці нешта не дадаю ў сям’і. А потым паглядзела — сям’я і не патрабуе, каб я была іншай.
Было складана асэнсаваць, наколькі шмат людзей сочыць за табой. Большая частка працы адваката праходзіць у кабінеце, дзе цябе ніхто не бачыць і не чуе. А са справамі Бабарыкі, Ціханоўскага, Дзядка адразу было зразумела, што ціха не адсядзішся.
Сама дзяржава зрабіла гэтыя справы публічнымі: калі службовыя асобы задоўга да суда сталі казаць, што затрыманыя вінаватыя, калі па тэлебачанні сталі транслявацца сюжэты з імі.
Гэтая грамадская ўвага з аднаго боку дае моцную падтрымку. Але паралельна і вялікае напружанне: ты павінен кантраляваць свае дзеянні і словы і разумець, што ёсць бок, які глядзіць на цябе недабразычліва. І гэта бок, у якога ёсць сіла.
Агулам усе справы былі складаныя самі па сабе, бо ў абвінавачваннях цяжка было адшукаць прававую прыроду.
Нагрувашчванне суб’ектыўных адзнак, неправавых тэрмінаў — ва ўсім гэтым няпроста вылоўліваць падставы для прававога дыскурсу, менавіта юрыдычныя аргументы. Не хочацца скатвацца ў неправавую рыторыку якую нам прапаноўваюць.
Мы заўсёды размаўлялі выключна на мове права, нават калі гаворка ідзе пра палітычны матыў пераследу.
«НН»: Вам бывала страшна апошнім часам?
НМ: Гэта не тое каб пачуццё страху. Хутчэй мне было псіхалагічна некамфортна — такое пачуццё адсутнасці бяспекі, няўтульнасці. Увага тых, хто не жадае табе дабра, адчувалася і адчуваецца.
Я не адна ў такой сітуацыі, і, тым не менш, нікога з маіх калег гэта не спыніла. І гэта вялікае адкрыццё і пра сябе, і пра іншых людзей. Пра тое, што праўда даражэйшая, і прафесійная годнасць — таксама. І яшчэ людзі, якіх ты абараняеш. Яны таксама аказаліся важнейшымі за ўласныя страхі.
«НН»: Якія ў прафесіі адваката ў Беларусі перспектывы?
НМ: Пра будучыню гадаць складана. Але змены закона аб адвакатуры падрываюць прынцып незалежнасці, і ўплыў міністэрства юстыцыі на адвакатуру будзе павялічвацца. І сам па сабе закон, калі ён не падмацоўваецца негатыўнай практыкай, палова бяды. Пытанне якраз у тым, як ён будзе прымяняцца.
Калі створаныя прэцэдэнты працягнуцца (тое ж выдзёргванне адвакатаў з жывых працэсаў, калі яны будуць баяцца выконваць абавязкі належным чынам), беларусы будуць адчуваць сябе менш абароненымі. Адвакат — гэта ж не самамэта, гэта якраз інструмент рэалізацыі права на абарону.
«НН»: У які момант вы самі захацелі стаць адвакаткай?
НМ: Гэта многіх здзіўляе, але на юрыдычны факультэт я трапіла выпадкова. Юрыстаў у сям’і ў нас не было. Я скончыла школу са срэбным медалём і вырашыла пайсці па шляху найменшага супраціву: здаць адно грамадазнаўства. Так і прайшла на юрфак.
І раней неяк не было такой свабоды, калі ты можаш не давучыцца. Ці давучыцца і не пайсці працаваць па спецыяльнасці. Не было гэта прынята. Вось я і пайшла.
Праўда, мне пашанцавала адразу пасля ўніверсітэта трапіць у адвакатуру і сустрэць людзей, якія паказалі мне гэтую прафесію як мае быць. А там ужо спрацавала звычка рабіць усё на выдатна.
«Лёс адвакатаў, якіх прыбіраюць з прафесіі, нейкім чынам складваецца гэтак жа, як і ў іх кліентаў»
«НН»: Чым вы цяпер плануеце займацца?
НМ: Я выкладаю ўжо год дзесяць — у тым жа ЕГУ перыядычна чытала крымінальнае права і крымінальны працэс. Цяпер буду там на даследчай пазіцыі. Таксама ў мяне ёсць досвед удзелу ў адукацыйных анлайн-праграмах, у тым ліку міжнародных, расійскіх. Я эксперт па сістэме ААН, і адвакатам шмат якіх краін цікава валодаць такімі ведамі. Перыядычна ладзяцца і курсы, і семінары, і вэбінары, мяне запрашаюць туды з лекцыямі.
Перспектыў навуковай працы і выкладання, карацей, шмат, так што я моцна не засмучалася б. 27 год у адвакатуры — гэта шмат, чалавек цягам жыцця павінен мяняць нешта. Але, вядома, я б хацела сама прыняць падобнае рашэнне: не пакідаць людзей, якія ад мяне залежаць, на палове шляху. Не адмаўляцца ад справы, якая, мабыць, была самай важнай для мяне на дадзеным прафесійным узроўні. Самой быць гаспадыняй свайго лёсу.
Дарэчы, нядаўна мне прыйшла ў галаву такое назіранне: лёс адвакатаў, якіх прыбіраюць з прафесіі, нейкім чынам складваецца гэтак жа, як і ў іх кліентаў. З намі наўмысна (ці не) робяць тое самае, што з імі.
Напрыклад, Людмілу Казак затрымалі ў горадзе і запхалі ў аўто, як і Марыю Калеснікаву, якую яна абараняла. Ці вось Лаеўскі: ён, як Бабарыка, у нейкі момант стаў вядомым, і гэтая пазнавальнасць так напужала, што яе паспрабавалі скампраметаваць. А мяне, як і Ціханоўскага, узялі наўпрост пасярэдзіне важнага працэсу, выдзернулі з яго.
«НН»: Вы будзеце працаваць з Беларусі?
НМ: Я спадзяюся, што не буду пастаўленая ў такую сітуацыю, каб мне прыйшлося пакідаць краіну. Усё ж у мяне тут ёсць абавязанні — перад бацькамі тымі ж, якія ва ўзросце. Мне, зноў жа, хацелася б самой выбіраць, калі мне з’язджаць, а калі заставацца.
Каментары