Грамадства

«Відаць неба, хоць і ў клетачку». Айцішнік расказаў, як сядзеў у карцары на Валадарцы

Віктар Куўшынаў працуе ў адной з самых паспяховых беларускіх IT-кампаній Panda.Doc. Пасля выбараў заснавальнік кампаніі заявіў, што гатовы дапамагаць з адукацыяй і новай працай сілавікам, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады і пакінулі службу. Рэжым узяў у закладнікі супрацоўнікаў PandaDoc. Пасля сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ фігурантаў з Panda.Doc адпусцілі — усіх, акрамя аднаго. Віктар Куўшынаў амаль год правёў у СІЗА за сваю прынцыповую пазіцыю. У жніўні 2021-га яго адпусцілі без суда. Віктар з сумнай іроніяй распавёў пра сваё знаходжанне ў карцары СІЗА на Валадарскага ў Мінску.

Віктар Куўшынаў. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

«З верасня 2020-га па жнівень 2021-га мне давялося пажыць у шаснаццаці розных пакоях, — напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — У некаторых я спыняўся не больш чым на суткі, у іншых жыў тыднямі і месяцамі, а ў адной правёў практычна паўгода. Але асобна ў гэтым шэрагу стаіць пакой, у якім я апынуўся год таму — на пачатку снежня 2020-га. І хаця пасля ўжо ў іншым горадзе (гаворка ідзе пра СІЗА ў Жодзіне, — заўв. НН) мне давялося яшчэ раз пажыць у пакоі такога ж тыпу, першы досвед заўсёды асаблівы. Ды і па атмасфернасці гэты пакой моцна вылучаўся на фоне астатніх».

«Нішто не абцяжарвае побыт»

«Пакой з вельмі цікавы кубатурай і інтэр'ерам: шырыня каля аднаго метра, даўжыня і вышыня пакоя метры па чатыры. Пенал. Бетонна-каменны, надзейны. Яркае белае святло ад лямпы дзённага святла. Маленькае акенца з кратамі пад самай столлю.

Ніводны швед са сваёй IKEA і практычнасцю не змог бы арганізаваць прастору тут лепш. У канцы пакоя на двухступеністым пастаменце размешчаны санвузел. Унітаз, вынаходства савецкай інжынернай думкі, умураваны ў падлогу, утвараючы з ім роўную паверхню. Гэтае рашэнне дазваляе візуальна палегчыць успрыманне прасторы. На метровай вышыні над ім шматфункцыянальны кранік. Гэта і зліў, і месца для мыцця рук і чысткі зубоў, і набору пітной вады, і іншае. All-in-one. Вельмі зручна, бо не трэба нікуды хадзіць.

Спальнае месца ў выглядзе драўлянага шчыта, апраўленага металам, убудаванае ў сцяну. На час няспання, у складзеным становішчы, фіксуецца навясным замком. Акрамя гэтага, паўкрэсла ў выглядзе паўкруга і такога ж памеру столік з металічнай ромбападобнай акантоўкай на прутах прымацаваныя да сцяны. Усё гэта выфарбавана ў цёплы бардовы колер.

Бяспечнае знаходжанне ў гэтым пакоі забяспечваецца камерай назірання на столі і аргшклом, убудаваным для вонкавага назірання ў надзейныя металічныя дзверы. Нішто не абцяжарвае побыт. З асабістых рэчаў — кубак, мыла, ручнік, зубная шчотка з пастай і туалетная папера. Адзенне — удалага крою чорная куртка і штаны. Пасцель — на ноч. Больш нічога».

«У дзень з 16 гадзін я хаджу каля 12»

«Ежа ў гэтым пакоі з'яўляецца не толькі крыніцай пажыўных рэчываў, але і найважнейшай крыніцай цяпла. Па-першае, яна гарачая. Па-другое, арганізм пачынае працаваць і выдзяляе цяпло. Чым больш ясі, тым даўжэй грэе. Таму есці трэба, нават калі і не хочацца. Або ўборка. У зачыненым пакоі з мінімальнай колькасцю рэчаў і падзей смецце генеруецца павольна. Але два разы на дзень, па раскладзе, ты атрымліваеш інвентар для вільготнай уборкі. І гэта заўсёды прыемная падзея, бо дадае разнастайнасці і асэнсаванасці. Вынікам уборкі з'яўляецца не толькі чыстая падлога, але і прыўзняты настрой».

З кожным днём ногі гудуць усё больш. У галаве адлічваю шэсцьдзясят секунд, на пальцах — колькі разоў я праходжу пакой. Дваццаць тры. Дваццаць тры разы на хвіліну або 1380 раз у гадзіну. За вылікам пастамента, даступна прыкладна тры метры. Атрымліваецца 4140 метраў за шэсцьдзясят хвілін. Якім бы прывабным ні было маё бардовае паўкрэсла, сядзець на ім доўга немагчыма. Ды і астываць нельга. Па маіх ацэнках, у дзень з шаснаццаці гадзін няспання я хаджу каля дванаццаці гадзін. Але гэта з улікам прагулкі. А прагулкі я люблю. Даюць цёплы сіні кажух, можна сагрэцца. І, вядома, бачнае неба, хоць і ў клетачку. Часам з крыкам пралятаюць белыя чайкі. Нават пахне морам».

«Мы ўсё яшчэ жывём у цемры, але святло неўзабаве заззяе»

«Увечары ў суседнім пакоі зноў спяваюць. Спяваюць кожны дзень. І ўжо пачынаючы з абеду я чакаю, калі яны пачнуць спяваць. Гэта стала прыемнай штовячэрняй падзеяй».

«Маленькі чорны павук. Павук — гэта добра, гэта значна лепш, чым прусак. Ды і як бы там ні было, а ўдваіх весялей. Але патрэбнае імя. Пеця! Павучок Пеця. Гэта вельмі смешна, ды і яму пасуе. Наогул, мне было рэкамендавана, апроч іншага, сачыць за тым, каб павуціння ў пакоі не было, калі я не хачу працягнуць сваё пражыванне тут. А я не хацеў, і я сачыў. Але гэтая павуціна ў зацішным месцы, яе можна захаваць. Тым больш раней мне не выпадала магчымасці займацца назіраннем і вывучэннем паводзінаў павукоў. А гэта аказалася вельмі займальнай справай».

«Грыміць каляска з посудам. Абед. Значыць, каля гадзіны дня. Цемра дазваляе цалкам сфакусавацца на смакавых якасцях ежы. Meaningful eating. Ем павольна, думаю пра тое, хто і як вырошчваў, збіраў, захоўваў, дастаўляў і, нарэшце, гатаваў. Доўгі і складаны ланцужок. І ўсё гэта для таго, каб я цяпер мог паесці, дзіўна. Капуста смачная, а галоўнае — гарачая.

Хтосьці з суседзяў, дэманструючы эрудыцыю, кажа:

— Мы ўсё яшчэ жывём у цемры, бл**ь, але святло неўзабаве заззяе!

Што ж, паглядзім».

Каментары

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →