Праходзяць вобшукі ў магілёўскіх журналістаў. Памяшканне рэдакцыі 6TV проста перавярнулі
Раніцай 14 студзеня прайшлі ператрусы ў журналіста Барыса Вырвіча ў Бялынічах, дзе ён жыве, а таксама ў фрылансера-відэааператара Яўгена Глушкова, паведамляюць праваабаронцы.
Абодва праходзяць як сведкі па крымінальных справах. Вырвіч — адразу па некалькіх артыкулах: 188, 203, 361 і 369 КК РБ.
У Яўгена Глушкова ператрус пачаўся ў 6:20 раніцы. Да яго, зламаўшы замок, уварваліся супрацоўнікі АМАП у баявой экіпіроўцы, а таксама следчы і яшчэ двое невядомых сілавікоў.
Глушкова паклалі тварам у падлогу, пасля чаго перавярнулі дом. Была канфіскаваная ўся тэхніка, аднак копію пратакола ператрусу фрылансеру не выдалі.
Таксама Глушкову пагражалі змяшчэннем у ІЧУ, калі ён не дасць пароль ад свайго смартфона.
Пасля ператрусу Глушкова адвезлі ў будынак УУС Магілёўскага аблвыканкама, дзе дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе па арт. 188 КК РБ (паклёп).
Таксама сілавікі ўламіліся ў рэдакцыю магілёўскага партала 6TV. Яны ўзламалі дзверы і без прысутнасці гаспадароў памяшкання правялі ператрус. Памяшканне цалкам перавярнулі. Рэдакцыя партала 6TV ужо выехала з Беларусі.
Чарговы раўнд ціску на журналістаў супаў з тым, што шэраг незалежных тэлеграм-каналаў сёння былі дададзеныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі.
Каментары