Грамадства

«Бо ў Беларусі — жэсць». Калясачнік перабраўся на Канары і будуе там сабе дом

«Я вырашыў спыніцца на Тэнэрыфе, каб пабудаваць тут кавярню і, можа быць, дом адпачынку для нашых калясачнікаў, — кажа Саша скрозь шум ветру. — Каб яны маглі спакойна сюды прыязджаць, бясплатна жыць, працаваць і, калі захочуць, не вяртацца ў Беларусь да таго моманту, пакуль яна не стане рэальна свабоднай. Бо ў Беларусі — жэсць». Саша Аўдзевіч, напэўна, самы вядомы калясачнік Беларусі. Гэта ён адкрыў кавярню «Інклюзіўны барыста», дзе працуюць людзі з інваліднасцю, а ў дырэктара Васіля — сіндром Даўна. Гэта Аўдзевіч прыдумаў дабрачынны калаб «Дзве палоскі», калі грошы ад продажу культавых лідскіх кедаў ішлі на дапамогу інвалідам і пажылым людзям. Гэта ён падарожнічае па свеце на ровары з ручным прывадам. А цяпер Аўдзевіч ужо некалькі месяцаў жыве на Канарах, а дакладней — на Тэнэрыфе, самай вялікай выспе Канарскага архіпелага. Тэнэрыфе стаў канцавым прыпынкам у вялікім падарожжы Сашы, якое пачыналася з Грузіі.

Фота: прыватны архіў Сашы Аўдзевіча.

«Больш не вытрымліваў у Беларусі. Мне было цяжка маўчаць»

«Падарожжа я планаваў даўно, але ўсё ніяк не атрымлівалася. Пасля я ўвогуле другі раз зламаў спіну, — расказвае Аўдзевіч. — А калі выйшаў з бальніцы, то ўсё вырашылася спантанна. Я паляцеў у Грузію, адтуль стартануў у бок Тэнэрыфе на ровары, куды паляцела мая дзяўчына Таццяна. Праехаў усю Грузію, Турцыю, Грэцыю, Італію, Іспанію. Усё выкладваў у сваім блогу на Ютубе.

Не скажу, што Тэнэрыфе я выбіраў неяк вельмі канкрэтна ці палову жыцця хацеў менавіта туды. Проста былі, калі можна так сказаць, нібыта нейкія індыкатары, што вось туды трэба ехаць. 

Па дарозе жыў як прыйдзецца: часам у намёце, часам людзі данацілі грошы і я мог дазволіць сабе гатэль. Бо мае грошы скончыліся ўжо ў Турцыі. Іх і было не вельмі шмат, я прадаў машыну перад паездкай, у мяне была недзе тысяча даляраў.

Фактычна, я ўсё кінуў і проста паехаў. Чаму? Бо проста псіхалагічна больш не вытрымліваў знаходзіцца ў Беларусі. Мне было цяжка маўчаць… Пачалася не мая гісторыя». 

Падарожнічаць аднаму было не страшна, запэўнівае Саша.

«Галоўнымі праблемамі сталі побытавыя: немагчымасць часам схадзіць у прыбіральню, ці калі ровар захрасае ў брудзе на пустой дарозе і ты не ведаеш, ці праедзе тут хоць нехта яшчэ ў гэты дзень.

Сувязі няма, людзей няма, проста чакаеш. Бачыш машыну — пачынаеш махаць сцяжком, каб заўважылі і дапамаглі. Хіба толькі тады было трохі страшнавата.

А з людзьмі праблем ніякіх не ўзнікала. Усе ўражанні толькі пазітыўныя. Я быў у кучы розных кампаній, і каб хтосьці спрабаваў мне нашкодзіць ці абрабаваць — такога і блізка не было, наадварот. 

Увогуле, калі ты кідаеш такі выклік самому сабе, абставінам, то ўсе ўражанні і эмоцыі хутка пераўтвараюцца ў нейкі вопыт, — лічыць хлопец. — А калі я прыехаў на Тэнэрыфе ў горад Лос-Крысціянас — гэта мясцовасць, якая яшчэ з 1950-х была курортам для інвалідаў-калясачнікаў — я там проста абалдзеў.

Гэта горад, дзе недзе палова, а то і больш, менавіта калясачнікі. Горад прыстасаваны для іх, спецыяльныя гатэлі. І там я зразумеў: вось гэта мне падыходзіць».

Увогуле, Тэнэрыфе нязручны для калясачнікаў, адзначае Саша. Тое, што ён трапіў у Лос-Крысціянас — проста пашанцавала. 

«Цяпер мы жывём як даўншыфцеры. Спачатку, канечне, хацелі здымаць жыллё, але вельмі дорага. Таму прыйшлося паставіць намёт. Адразу паставілі яго каля гары, але там была тэрыторыя нацыянальнага парка і прыйшла паліцыя, паведаміла: тут нельга. Тады нам параілі іншае месца хлопцы, якія тут даўно жывуць — добрае месца, дасяжнае для калясачніка. Цяпер пакуль і жывём у намёце, — расказвае Саша. —

Мая дзяўчына — архітэктарка, і мы вырашылі пабудаваць тут купальны дамок, энерганезалежны, проста самі: з таго што ёсць, з таго, што зможам купіць. І пажыць тут, паспрабаваць папрацаваць.

Галоўная мара, канечне, адкрыць тут кавярню «Інклюзіўны барыста», наладзіць нейкі турызм. Бо для інвалідаў-калясачнікаў тут проста рай. Нават самая паганая шаўрмічная тут будзе мець такую прыбіральню для інвалідаў, якой у Беларусі не знойдзеш і ў лакшэры-рэстаране. З 1950-х гэты горад зарабляе менавіта на турызме інвалідаў. Адпаведна, тут усё «тоталі інклюзіў». 

Зямля, на якой мы жывём, і дзе плануем пабудаваць дом, належыць прыватнаму забудоўшчыку, які пакуль што нічога з ёю не робіць. Так, калі ён пачне будоўлю, наш дом прыйдзецца знесці, але наша пабудова і не будзе каштаваць нейкіх шалёных грошай. Думаю, што нам яна абыдзецца ў кошт параўнальны з месяцам арэнды кватэры тут, у Лос-Крысціянас».

Вулічны барыста

Грошай, дарэчы, у Аўдзевіча пакуль не асабліва шмат. Яго дзяўчына працуе як фрылансер праз інтэрнэт, а сам Саша — вулічны барыста. 

«Я купіў спецыяльнае абсталяванне, каб рабіць добрую каву рукамі: прэс, міксер, каб малоць бабы, прыстасаваў свой ровар. І ўсё, выязджаю ў публічныя месцы, гатую каву.

Паліцыя не чапае, бо гэта ўсё выглядае хутчэй як перформанс, чым як бізнэс. У мяне няма цэнніка, проста стаіць скрыначка для аплаты. Канечне, калі пачну стаяць з кавай каля рэстаранаў, то можа на мяне і паскардзяцца, але я выбіраю месцы, дзе тусуюцца сёрферы ці нейкія пляжы. 

«Папіццот» пакуль што не выходзіць. Бо я яшчэ трохі лянуюся, калі шчыра, — тлумачыць Аўдзевіч. — Калі ў цябе ёсць дом, дзе ты класна выспаўся, пасля пайшоў на працу — то гэта адна справа.

А ў мяне тут і будоўля ідзе, і ў намёце ж жыць таксама не вельмі камфортна: то вецер, то яшчэ нешта… Можна зарабляць «папіццот», без праблем, але гэтаму трэба надаваць больш часу. А ў нас пакуль галоўная задача абсталяваць месца для жыцця.

Што тычыцца будоўлі, то я і сам нешта раблю, і мы тут знаёмыя з кучай народу. Чэхі, румыны, палякі, хто заўгодна. Гэта людзі, якія не хочуць быць у нейкай сістэме: ані ў палітычнай, ані ў якой іншай. І яны ўвогуле сабе ледзь не з пальмаў робяць жыллё.

Прычым яны не бамжы, не алкаголікі — проста ў іх такі лад жыцця: прыкольна пакатацца на сёрфе, пасля ад сонечнай энергіі зарадзіць дэвайсы і нешта рабіць ў інтэрнэце. Кам’юніці паўнавартаснае яшчэ не сфарміравалася, але па дапамогу ёсць да каго звярнуцца.

Ну і нам жа не патрэбныя пад’ёмныя краны, ды і Таццяна праектуе такую канструкцыю, каб мы ўсё адолелі самі, можа хіба з мінімальнай дапамогай. Што дакладна атрымаецца, мы пакуль і самі не ведаем, гэта абсалютная авантура, але чаму не паспрабаваць?

Тут хапае месцаў, куды можна дабрацца на такіх спецыяльных электрычных трыцыклах, распрацаваных для калясачнікаў. І ў мяне ідэя зрабіць маршрут, каб на такіх штуках інваліды маглі на вулкан ездзіць.

Тут вулкан — супер, туды ўсе хочуць трапіць, там нібыта спраўджваюцца жаданні і ўся такая гісторыя. І вось такія б туры я рабіў, плюс кавярню. Бо я здзіўлены, што ў гэтым горадзе, дзе 60 на 40 інвалідаў і звычайных людзей, ніхто не адкрыў кавярню, дзе працавалі б калясачнікі.

І я б хацеў, каб да мяне прыязджалі людзі, адпачывалі і працавалі. Хай жывуць бясплатна, але дапамагаюць у кавярні. Але я не шукаю тых, хто хацеў бы прыехаць і «пайграць у інваліда», хто чакае, што за імі будуць прыглядваць. З такімі мне будзе нецікава. Безумоўна, некаторым неабходная дапамога ў чымсьці, але такія моманты, думаю, вырашальныя».

«Хацеў бы, каб інвалідам менш у попу дзьмухалі»

Як бачым, Аўдзевіч нярэдка выказваецца даволі рэзка, у тым ліку і пра людзей з інваліднасцю: маўляў, калі сапраўды захочаш нешта рабіць — зможаш. 

«Бо гэта не толькі беларуская праблема. Людзі з інваліднасцю ў Еўропе ў прынцыпе не працуюць, — кажа ён. — Я тут ведаю шмат калясачнікаў, у іх думкі: як бы знайсці персанальнага асістэнта, з якім будзе псіхалагічна камфортна. Вось такія праблемы.

Бо чалавеку дзяржава дае тысячу еўра на месяц, аплачвае асістэнта, нейкі адпачынак. І для іх тое, што я раблю — проста космас. На маім месцы яны б сябе адчувалі як на Марсе. І па ўсіх скілах я проста бог у параўнанні з любым еўрапейскім калясачнікам, ну, магчыма, акрамя спартоўцаў. 

Магчыма, каб у нас калясачнікам столькі ж давалі грошай, то і ў нас бы ніхто не працаваў, 80% таксама б курылі траўку на ўзбярэжжы. Бо а навошта нешта рабіць? 

Па заканадаўстве чалавек не можа працаваць больш за 6 гадзін. Але калі гэтыя 6 гадзін ёсць праца, калі ты рэальна зарабляеш? Адкуль 6 гадзін, чаму менавіта столькі? Бо калісьці нехта прыдумаў? І гэта ўбіваецца ў галовы і пасля каму патрэбны такі работнік?

У мяне было шмат праектаў, я спрабаваў даць працу людзям з інваліднасцю. І зрабіў такую выснову: ім не патрэбная праца, бо ў выніку яны шукаюць сваю інваліднасць у гэтай працы, а не павышаюць прафесійны ўзровень.

Так, з цягам часу чалавек вучыцца, расце, мяняе пункт гледжання, але ў пачатку: «Блін, але ж мы інваліды…» Але ж я сам такі ж інвалід! І я сёння спаў пад дажджом, а ты 6 гадзін сядзеў у офісе. Што, табе было вельмі цяжка? І мне б хацелася змяніць сам падыход да людзей з інваліднасцю, каб ім менш дзьмухалі ў попу.

Нехта можа на гэта крыўдзіцца, але, блін, ну камон! Так, некаторым суперцяжка, з гэтым не буду спрачацца, але ў масе сваёй працаўладкаванне людзей з інваліднасцю звязана канкрэтна з іх жаданнем працы. Бо адкуль чалавек бярэ думкі, што штосьці можа, а штосьці не? З соцыуму. З таго, што бачыў. І калі прыкладаў няма…

Калі б я сеў у інваліднае крэсла і ўбачыў, што інваліды спакойна працуюць айцішнікамі, барыстамі, кіроўцамі таксі, то я б у прынцыпе не думаў, што праблема знайсці працу. Я б думаў, якую працу хачу і што на ёй буду рабіць.

А пакуль у нас ты дамаўляешся проста на сустрэчу з чалавекам і пачынаецца: «А як я даеду, а маленькая пенсія, а тое, а сёе…»

Карацей, паводзіць сябе як інвалід. Я не кажу пра ўсіх агулам, але такіх шмат. І, значыць, усё, чувак, так ты і будзеш жыць, значыць, так табе падабаецца. Але ён жа аднекуль гэта ўзяў! 

Каб вы разумелі, я сёння жыву фактычна на руінах будаўнічай звалкі, дзе хацелі будаваць гатэль калісьці. І я сюды заязджаю на калясцы, тут будую сцяну з камянёў, якія цягаю таксама на калясцы. Сонечную панэль прыкручваю самастойна, пасля еду немаведама куды па ваду…

І нешта асабліва наконт гэтага я не перажываю, бо не бачу праблем. І ведаю, што нават калі нешта будзе супернедасяжным, то з’явіцца нехта, хто дапаможа, бо, на маю думку, свет так уладкаваны. Калі нешта робіш і сапраўды гэтага хочаш, да цябе гэта прыходзіць. Прыходзяць рэсурсы: матэрыяльныя, чалавечыя, якія заўгодна. А калі ты хочаш усё рабіць толькі па правілах, падпарадкоўвацца правілам і жыць у рамках, то такі чалавек ты і будзеш: «правільны».

«Паеду назад, выйду на плошчу і сяду ў турму»

Але ці не цягне Сашу на Радзіму? 

«Бывае няпроста, але нас тут вельмі «бадзёрыць» сітуацыя ў Беларусі. Не тое, каб мы былі ў нейкай суперапазіцыі, але калі бачыш усю несправядлівасць, якая адбываецца ў Беларусі, то неяк разумееш, што не так цяжка тут усім гэтым займацца. Маўчаць дома было б цяжэй. Неяк так. Бо якая альтэрнатыва? Вярнуцца і нешта рабіць. Але мы нейкія надта гаваркія. Не зможам моўчкі. 

Ды і сэнс зарабляць там я не бачу. А тут мне проста цікава пакуль што ўсім гэтым займацца.

Праўда, я сто разоў ужо казаў: паеду назад, выйду на плошчу і сяду ў турму. Усё надакучыла. Але Таццяна адгаворвае, — кажа ён. — Але аднойчы былі на поўначы, а там роўна такое ж надвор’е як у Беларусі ўлетку пад соснамі. Адзін у адзін. І вось там я трохі засумаваў па Беларусі». 

Перад ад’ездам знакамітую кавярню «Інклюзіўны барыста» Саша падарыў: зладзіў конкурс, дзе сам выбраў людзей, якія цяпер кіруюць установай.

Кажа, гэта было прадыктавана ў тым ліку і клопатам пра работнікаў, каб пасля ў іх не ўзніклі праблемы праз нейкі не той рух ці не тыя словы Аўдзевіча. Цяпер кавярня працягвае працу, на сваёй пасадзе застаўся і яе дырэктар Васіль Паўлікаў. 

«Вася малайчына, трымае бізнэс у яжовых рукавіцах, — пасміхаецца Саша. — Мне не зайздросціць, яму да мора няма цікавасці, галоўнае — бізнэс». 

Сам жа Саша агучваў такія планы на будучыню: пабудаваць дом, адкрыць кавярню, ажаніцца. Але пакуль кавярня яшчэ ў працэсе, адпаведна і пункт са шлюбам адкладаецца. Бо хочацца, каб гэта было прыгожа і рамантычна, а не проста ў намёце, тлумачыць Саша.

Таццяна і Саша.

«Пры правільным маркетынгу можна апраўдаць нават канібалізм»

Што ён думае пра сённяшнія падзеі на радзіме?

«Баюся, што ўсё ідзе да аднаўлення СССР. Не ўсе такога хочуць, але хапае паліцыі ў тых, хто якраз гэтага прагне. Будзе нейкі пункт, калі цярпенне скончыцца, але пакуль гэтага не адбываецца.

Я і сам ведаю людзей, якія ўсё разумеюць, але нармалёва і кайфова жывуць. На ўсё адказваюць: «Аляксандр, а што вы маеце супраць?» Ці «Аляксандр, вы ж не валодаеце сітуацыяй».

Звычайна такое кажа нейкі работнік выканкама ці міністэрства. Пры правільным маркетынгу можна апраўдаць нават канібалізм, разумееце? Гэта такая ж гісторыя.

Можна для сябе адразу зразумець: гэта гаўно, яно смярдзіць і мне не падабаецца. А можна пачаць сябе ўгаворваць — і чалавек заўсёды сябе зможа ўгаварыць.

І я думаю, у такіх людзей нават няма нейкіх згрызотаў ці сумневаў, яны проста так сябе настройваюць. Можа так і трэба, можа так і нармальна, не ведаю.

Але мая выснова: нам не хапае нейкага рэвалюцыйнага духу, і пакуль ён не з’явіцца, так і будзе ўсё. Канечне, гэта толькі мае здагадкі, можа яны і далёкія ад рэальнасці. Калісьці я не цікавіўся палітыкай, пасля зацікавіўся і пачаў лічыць, што ўсё ведаю, а пасля думаў, што не ведаю зусім нічога. І вось у гэтыя крайнасці мяне і кідае ўвесь час. Але для ўсіх нас вельмі важна ведаць людзей з іншых краін, гаварыць з імі. Бо я размаўляў з людзьмі недзе з дзясятка краін, і цікава, што ўсе яны мяркуюць: тое, што адбываецца ў Беларусі сёння, гэта няправільна. Не ведаю, адкуль у іх такая пазіцыя, але ніхто не падтрымлівае гэтыя прыколы сённяшняй Беларусі, усе бачаць, што гэта проста не па-людску. 

Аднойчы толькі быў момант: я ехаў у Грузіі праз тунэль (уявіце, там нават перакрылі рух адмыслова для мяне!), выехаў і разгаварыўся з работнікамі на будоўлі побач. Яны кажуць: «Нам бы вашага Лукашэнку! Ён бы прыехаў, тут усё б зрабіў!» Я кажу: «Так? Дык паклічце!»

Усе астатнія ж на баку здаровага сэнсу. І, дарэчы, дзякуй Рыгорычу: у маім мінулым падарожжы мне прыходзілася заўсёды тлумачыць, што такое Беларусь, нават еўрапейцам. А сёння ўсе ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, хто такі Лукашэнка і што ён робіць».

Чытайце таксама: Боўі, Босх, чабор і нават чэлес. Беларуска вяжа ўнікальныя швэдары і прадае па ўсім свеце

Каментары

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →