Фільм тыдня: «Лулу і Брыгз». Светлая гісторыя пра тое, як чалавек і сабака змянілі адзін аднаго
На гэтым тыдні прапануем вам фільм не самага распаўсюджанага жанру — роўд-муві. Гэта гісторыя пра сумеснае падарожжа чалавека і сабакі, якія праходзяць праз прыгоды і пачынаюць сябраваць. І гэтае сяброўства змяняе ўсё. «Лулу і Брыгз» выходзіць у пракат 23 лютага.
Афіцэр і баявы сабака выпраўляюцца ў падарожжа
Пачнём з прадстаўлення. Лулу — бельгійская аўчарка (яе граюць тры розныя і сапраўды таленавітыя сабакі). Гэта былы армейскі пёс, істота, якую вучылі пераследаваць і забіваць людзей. Ён удзельнічаў у сапраўдных баях у Іраку і Афганістане. Лулу пакутуе ад наступстваў посттраўматычнага сіндрому, паводзіць сябе нестабільна і часам дэманструе лютасць.
Вось такога сабаку трэба даставіць на пахаванне былога ваеннага афіцэра, які некалі трэніраваў Лулу. Шлях няблізкі — са штата Вашынгтон у Арызону, каля тысячы кіламетраў.
І ў гэтым падарожжы сабаку будзе суправаджаць чалавек, бадай, з не менш складанай гісторыяй.
Яго імя Джэксан Брыгз. Гэта герой Чэнінга Татума — вы дакладна бачылі гэтага акцёра ў папулярных (але не надта рэйтынгавых) стужках нулявых і не толькі. У «Кроку наперад», «Штурме Белага дома» і іншых карцінах Татум выступаў як рамантычны герой-мача, але ў «Лулу і Брыгз» ён бярэ на сябе вельмі шмат.
Ці выцягне гэта Татум, які ў дадатак да ўсяго яшчэ і зрэжысіраваў карціну? Выснову можаце зрабіць самі. Дарэчы, у гэтым годзе выходзяць некалькі стужак з зоркамі першай велічыні, у якіх зняўся і Чэнінг, узяць хаця б «Згублены горад» з Сандрай Балак. Татум спрабуе выйсці з амплуа прыгожага хлопца і капаць у сваёй працы глыбей.
Герой Татума — Джэксан Брыгз — былы вайсковец. Праз траўму галавы Брыгз не мае дазволу служыць у арміі, але ж ён спадзяецца туды вярнуцца — трэба толькі, каб за яго закінулі слоўца. Гэтую задачу Брыгзу дапамогуць вырашыць, калі ён выканае заданне, то-бок даставіць Лулу на пахаванне ў Арызону.
Шлях да адраджэння
І Лулу, і Брыгз маюць сваё цяжкае мінулае, і праз гэта не могуць давяраць навакольным і ўсяму свету. Сумеснае падарожжа дапамагае ім змяніцца да лепшага.
З аднаго боку, у стужцы хапае момантаў, што дэманструюць: і Лулу, і Брыгз усё яшчэ не пазбавіліся свайго посттраўматычнага расстройства. Напрыклад, сабака неяк бачыць чалавека ў мусульманскім адзенні і адразу нападае на яго, бо гэта тое, чаму аўчарку вучылі. Тым часам Брыгз хваліцца, колькі чалавек ён паспеў забіць, і не надта аналізуе, што гэта значыць.
Але ж «Лулу і Брыгз» усё-ткі сямейны фільм, і таму нам не даюць занадта шмат сумаваць.
Калі вы шукаеце для сябе цёплы, нават сентыментальны фільм на канец тыдня, «Лулу і Брыгз» стане добрым выбарам.
Рэйтынгі на вялікіх сусветных рэсурсах
IMDB — 6,9 / 10,
Rotten Tomatoes — 76%.
Каментары