Свет

Хадаркоўскі — Захаду: Ці вы нанесяце паражэнне Пуціну на тэрыторыі Украіны, ці потым, але ўжо на тэрыторыі краін НАТА

Пуцін з вялікай верагоднасцю прайграе вайну ва Украіне, што ў далейшым можа абярнуцца зменай рэжыму ў Расіі. Былы кіраўнік «Юкаса» Міхаіл Хадаркоўскі даў інтэрвʼю «Бі-бі-сі», у якім расказаў, як мяняецца стаўленне Захаду да вайны ва Украіне, якім ён бачыць будучыню Расіі і як Пуцін яго падмануў.

«Захад усвядоміў, перад якім выбарам ён стаіць»

У інтэрв’ю BBC Міхаіл Хадаркоўскі расказаў, што пазіцыя Захаду адносна перадачы патрэбнага ўзбраення Украіне змянілася. Што раней заходнія лідары ўвесь час спазняліся, «увесь час рабілі той крок, які трэба было зрабіць на месяц раней», але сітуацыя пачала мяняцца.

«Гэта маё адчуванне, што тое ўзбраенне, якое цяпер даецца Украіне, — гэта роўна тое ўзбраенне, якім менавіта цяпер Украіна здольная скарыстацца. Больш за тое, Захад пачаў апераджальна вучыць украінскіх ваенных выкарыстанню таго новага ўзбраення, якое, можа быць, цяпер не паступае, але будзе паступаць пазней. Гэта таксама вельмі правільны і вельмі важны сігнал усім удзельнікам гэтага сутыкнення», — сказаў ён.

На думку Хадаркоўскага, «Захад усвядоміў, перад якім выбарам ён стаіць».

«Базавае, што я кажу заходнім лідарам: «Руіны будынка — не ў Марыупалі, а ў ягонай галаве [Пуціна], і ён пра гэта гаварыў шмат разоў, ён якраз ваюе і з НАТА, і Злучанымі Штатамі, а зусім не з нейкай там Украінай. І калі ў вашай галаве для таго, каб Пуцін зрабіў наступны крок, перайшоў мяжу адной з еўрапейскіх краін, Пуціну трэба зрабіць нейкія дадатковыя намаганні, то ў яго галаве гэта ўжо адбылося, ён ужо ваюе з НАТА.

І ваш выбар заключаецца ў тым, нанесяце вы паражэнне Пуціну на тэрыторыі Украіны, ці потым вам давядзецца наносіць гэтую паразу яму, але ўжо на тэрыторыі адной з краін НАТА». Вось у гэтым насамрэч выбар», — кажа Хадаркоўскі.

Хадаркоўскі лічыць, што Захад павінен адмовіцца ад расійскіх энерганосьбітаў. Нават калі расіяне пераарыентуюць свае пастаўкі на Азію, гэта не кампенсуе стратаў.

«Я думаю, што калі Пуціну давядзецца пераарыентаваць пастаўкі нафты і газу з Еўропы на азіяцкія рынкі, то ён страціць больш, чым палову сваіх даходаў — гэта палова даходаў федэральнага бюджэту.

Ці зможа ён у гэтым выпадку працягваць весці вайну, і колькі часу ён зможа ў гэтым выпадку працягваць весці вайну — мне складана сказаць. Я ўсё ж не вайсковы эксперт, але думаю, што гэта будзе вельмі сурʼёзны ўдар», — мяркуе ён.

«Я аказаўся недастаткова праніклівым»

На пытанне журналіста, ці не шкадуе Хадаркоўскі, што некалі падтрымліваў Пуціна, той сказаў, што так, ён шкадуе, што «ў 2000—2001 годзе ўспрымаў Пуціна як нармальнага чалавека».

«Мне, канечне, хацелася б выступіць адвакатам самога сябе і сказаць, што ён змяніўся. Вядома, змяніўся, але… Так, я апынуўся сярод тых людзей, якіх яму ўдалося падмануць. Так, я аказаўся недастаткова праніклівым у той момант. Я пра гэта шкадую кожны дзень», — сказаў Хадаркоўскі.

«Пуцін з высокай ступенню верагоднасці гэтую вайну ўсё ж такі прайграе»

Хадаркоўскі мяркуе, што Пуцін вайну з Украінай не выйграе, і гэта стане пачаткам канца рэжыму.

«Расійская гісторыя паказвае, што прайграная вайна — а Пуцін з высокай ступенню верагоднасці гэтую вайну ўсё ж такі прайграе — прыводзіць на працягу двух гадоў да вялікіх праблем для рэжыму. Я думаю, што пуцінскі рэжым з гэтымі праблемамі не проста сутыкнецца, ён іх з высокай ступенню верагоднасці не перажыве.

Два-пяць [гадоў] — вось, што цяпер, пасля гэтай драматычнай памылкі, якую здзейсніў Пуцін у пазіцыі дыктатара, я з высокай ступенню верагоднасці адводжу рэжыму.

Хто можа змяніць Пуціна? Хадаркоўскі лічыць памылкай шукаць новага цара для Расіі.

«Калі вы будзеце шукаць добрага цара для Расіі, вы ўвесь час будзеце сутыкацца з падобнымі імперскімі выплескамі, імперска-фашысцкімі. Насамрэч, тое, што мы павінны зрабіць, што я імкнуся зрабіць — гэта змяніць не Пуціна, а змяніць рэжым.

Нам патрэбная парламенцкая рэспубліка, нам патрэбны рэальны федэралізм, нам патрэбнае рэальнае мясцовае самакіраванне, і цяпер, што мяне радуе, жыхары вялікіх гарадоў паступова гэта пачынаюць усведамляць. Нам не ўдасца пабудаваць адзіную дэмакратычную Расію, Расія будзе шматукладнай у палітычным сэнсе», — мяркуе ён.

Каментары

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе4

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Паглядзіце, якая незвычайная птушка заляцела ў Беларусь1

Дырэктар водаканала патлумачыў, чаму асадак ад вады ў чайніку — гэта нармальна4

У СК расказалі, праз які месенджар часцей за ўсё падманваюць беларусаў1

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу20

У сталічным «Паўночным беразе» будуюць першы дзіцячы садок. Якім той будзе2

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе4

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Галоўнае
Усе навіны →