За май рынак новых аўтамабіляў упаў на 30%. Калі параўноўваць з маем 2021 года, то падзенне перавысіла 80%. Беларуская аўтамабільная асацыяцыя прагназуе таксама дэфіцыт машын.
У маі ў Беларусі было прададзена 629 аўтамабіляў. Гэта на 30% менш, чым у красавіку.
Паводле інфармацыі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, такі вынік звязаны з істотнай зменай цэнаў на большасць папулярных мадэляў, а таксама пагаршэннем умоў крэдытавання.
У апошнія гады больш за 70% продажаў беларускага рынку прыпадала на аўтамабілі, вырабленыя ў Расіі. Пачынаючы з сакавіка вытворцы павышалі адгрузачныя цэны — ад 40 да 70%. Пазней адбылося ўмацаванне курсу расійскага рубля, што таксама паўплывала на фармаванне прайс-лістоў і прывяло да сумарнага павелічэння коштаў для беларускіх дылераў да 95%.
Паводле прагнозаў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, ёсць усе перадумовы для таго, каб сітуацыя пагоршылася.
Улічваючы тое, што большасць аўтамабільных заводаў у Расіі спыніла вытворчасць, пакупнікі ў Беларусі ўжо ў найбліжэйшыя месяцы могуць сутыкнуцца з дэфіцытам аўтамабіляў.
Усе аўтамабільныя дылеры цяпер знаходзяцца ў няпростым становішчы. У сітуацыі, якая склалася, адзінай крыніцай даходу для іх застаецца сэрвіс.
Каментары