У ДАІ зноў не працуе інфармацыйная база. З-за гэтага кіроўцы не могуць перааформіць аўтамабілі
У ДАІ зноў не працуе камп'ютарная база, з-за гэтага немагчыма перааформіць аўто. Пра сітуацыю паведамляюць аўтамабілісты, якія стаяць у чарзе ў міжраённы рэгістрацыйны аддзел ДАІ ў Ждановічах, піша Zerkalo.io.
Сёння з раніцы аўтамабілісты, якія прыехалі ў МРА ДАІ ў Ждановічах на пераафармленне машын, пачалі паведамляць, што ім не могуць аказаць гэтую паслугу.
— Кажуць, што не працуе база звестак ДАІ ва ўсёй краіне, з раніцы з 8.00 ніякай інфармацыі, у чарзе хвалююцца, — паведаміў чытач.
Па тэлефоне ў МРА ДАІ Мінска журналісту як фізічнай асобе пацвердзілі, што «пакуль нічога не працуе».
— Гэта па ўсёй рэспубліцы. Тэлефануйце пазней — адказала супрацоўніца.
Праблемы з доступам да інфармацыйнай базы ДАІ назіраліся ў ліпені мінулага года. Тады ў МУС паведамлялі, што доступ прыпынены «ў сувязі з правядзеннем планавых прафілактычных работ на сетцы перадачы даных». Пазней у ведамстве заявілі, што адна з прычын сітуацыі — анамальная спякота.
Пры гэтым «кіберпартызаны» сцвярджалі, што гэта яны ўзламалі базу ДАІ і атрымалі яе звесткі.
Каментары