Крыніцы: Беларускім вайскоўцам забаранілі выезд за мяжу. Можна толькі ў Расію. Афіцэрам запасу прапануюць вяртацца на службу
Як стала вядома «Нашай Ніве», у Беларусі набіраюць абароты ваенныя прыгатаванні. Учора мы пісалі аб правядзенні схаванай мабілізацыі, сёння нам стала вядома пра іншыя факты.
Суразмоўцы «Нашай Нівы» з розных відаў войскаў паведамляюць, што на гэтым тыдні ім паведамілі пра забарону выезду за мяжу для любых мэтаў. Выключэнне — выезды ў Расію.
Гэта адбываецца шляхам вусных распараджэнняў.
«Але і пісьмова давядуць, звычайна так і робіцца. Спачатку скажуць на словах, потым аформяць у загад. Чаму нельга выязджаць? Таму што паўсюль вораг, нельга трапіць яму ў лапы. Ты патрэбны на Радзіме ў такі час, сынок. Ну неяк так», — кажуць нашы суразмоўцы.
Адначасова з гэтым па ўсёй краіне інтэнсіфікавалася кампанія па адбіранні пашпартоў у сілавікоў.
Раней мы паведамлялі пра практыку адбіраць пашпарты ў міліцыянераў, пакідаючы толькі ID-карты, што пазбаўляе чалавека магчымасці выехаць за мяжу.
«Ну раней нехта здаваў, нехта не здаваў, кагосьці ўпрошвалі, хтосьці адмахваўся, так яно і «спускалася». А цяпер ужо проста мэтава, з патрабаваннем, забіраюць пашпарты і адразу іх у сейф, да начальніка», — сказаў нам міліцыянер аднаго з райаддзелаў.
У гэты ж час два афіцэры запасу расказалі, што іх выклікалі ў ваенкаматы нібыта для «ўдакладнення звестак», але па факце там прапаноўвалі вярнуцца на службу ва Узброеныя сілы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Ну а МУСара самі пад гэта падпісаліся. Хай жывуць на птушыных правах без пашпартоў, калі лыткі абмачылі перайсці на бок народа ў 2020-м.