Кіно66

«Нэтфлікс» экранізаваў Рэмарка. Глядзець і пераслаць спасылку ўсім расіянам і лукашыстам, якіх ведаеце

«На Заходнім фронце нічога новага» — так называўся гэты класічны раман Эрыха Марыя Рэмарка ў беларускім перакладзе Хвядоса Шынклера, які выйшаў праз тры гады пасля публікацыі арыгінала і больш не перавыдаваўся. Многім твор вядомы ў расійскім перакладзе «На Западном фронте без перемен». На жаль, многія яго не чыталі. А гэта мусова чытаць, мусова глядзець тут і цяпер.

Фільм стаў самым дарагім з тых, што калі-небудзь рабіліся ў Нямеччыне. Фота: Netflix.com

Раман Im Westen nichts Neues з'явіўся на свет у лістападзе 1928-га — і выклікаў каласальны рэзананс. За паўгода кніга стала самай прадаванай у нямецкай гісторыі. Яе перакладуць на 53 мовы, беларуская была адной з першых. У 1931 годзе выйшаў пераклад Хвядоса Шынклера «На Заходнім фронце нічога новага». Кожны класічны твор мусіць перакладацца наноў кожныя 50 гадоў, бо мова мяняецца — але беларусы пра гэта могуць толькі марыць.

Рэмарк сам прайшоў Першую сусветную. Яго прызвалі 18-гадовым, праз паўтара месяца на фронце яго цяжка паранілі, і рэшту вайны ён праляжыць у шпіталях. Ëн дэмабілізуецца і адмовіцца ад ордэна, і стане пісьменнікам. Адным з самых зненавідных для нацыстаў пісьменнікаў. Праз дзень пасля прыходу да ўлады Гітлера ён пакіне Германію. Нацысты пазбавяць яго грамадзянства, а ён пераедзе ў ЗША. Няздольныя дабрацца да самога Рэмарка, нацысты ў 1943 годзе за антываенныя выказванні арыштуюць сястру пісьменніка Эльфрыду — і гільятынуюць.

Выклік

Даць новае экраннае жыццё такому славутаму твору — складаная задача нават для шматмільённага амерыканскага прадакшна. Як мінімум таму, што папярэднікі ўзнялі планку на касмічны ўзровень.

Чорна-белая стужка Льюіса Майлстоўна 1930 года атрымала два «Оскары» («Найлепшы фільм», «Найлепшая рэжысура»), а таксама ўвайшла ў нацыянальны рэестр фільмаў, бо валодала «культурнай, эстэтычнай і гістарычнай значнасцю».

Амерыканскі ж інстытут кіно ўвогуле ўключыў палатно ў дзясятку найлепшых «эпічных» фільмаў.

Акрамя таго, у 1979-м CBS дала сваю версію твора праз рэжысуру Дэлберта Мана. Брытана-амерыканская версія атрымала «Залаты глобус» і «Эмі» ў намінацыі «найлепшы тэлефільм года».

Таму немец Эдвард Бергер сутыкнуўся з найскладанейшым выклікам. Бо яму трэба было не толькі адпавядаць узроўню папярэдніх экранізацый, але і працаваць з тэмай ды творам, якія на радзіме і сёння ўспрымаюцца з болем. Тым не менш чалавек, які стварыў нізку выбітных серыялаў кшталту «Патрыка Мелроўза», «Тэрора» ды «Deutschland 83», рызыкнуў узяцца за працу. І, трэба прызнаць, зрабіў яе бліскуча.

Асаблівасці

Бюджэт «На Заходнім фронце…» не аб'яўляецца, але «Нэтфлікс» адзначыў: фільм стаў самым дарагім з тых, што калі-небудзь рабіліся ў Нямеччыне.

Крыху дзіўна, бо пляцоўка для працы месцілася ў Чэхіі, пад Прагай. Але якасць здымак адпавядае найлепшым узорам сучаснага кінематографа.

Пры гэтым вядучыя акцёры не маюць сусветнай вядомасці — і нават на радзіме не ўваходзяць у спісы самых запатрабаваных. На галоўную ролю перагледзелі больш за 500 маладых кінаэнтузіястаў, але выбар быў зроблены на карысць Фелікса Камерэра з шараговага аўстрыйскага тэатра Бург. Такім жа сціплым па імёнах атрымаўся і ўвесь астатні каст, за выключэннем Даніэля Бруля. Яго гледачы маглі памятаць па дзеях у стужках «Гудбай, Ленін!» ды «Бясслаўныя вырадкі». Ідэя рэжысёра была простай: гледачоў варта ўцягнуць у прастору фільма праз наратыў, а не праз акцёраў, за якімі цягнецца той ці іншы бэкграўнд.

Яшчэ варта памятаць, што Бергер распачаў і завяршыў здымкі да 24 лютага 2022 года. Таму ўсе паралелі ды флэшбэкі — якім бы велізарным жаданнем ні было іх праводзіць — асновы пад сабой не маюць. Увогуле, каб не каранавірус, стужка магла з'явіцца на свет яшчэ два гады таму і змагацца з «Паразітамі» за «Оскар» у намінацыі «Найлепшы замежны фільм». Аднак у 2023-м нішто не зашкодзіць фільму Бергера прэтэндаваць на гэтую ўзнагароду.

Дарэчы, усе героі фільма размаўляюць па-нямецку, што для экранізацыі рамана нова. «Калі брытанец ці амерыканец бярэцца за матэрыял пра Першую сусветную, ён глядзіць на падзеі вачыма пераможцы, гераізуе падзеі, асоб. Нам, як немцам, тут няма чым ганарыцца. Ёсць толькі пачуцце віны ды адказнасці перад мінулым», — адзначаў рэжысёр.

Паралелі

Як ні круці, але пошук аналагаў — непазбежнасць, бо велізарны пласт фільмаў пра вайну задаў сваімі шэдэўрамі пэўныя стандарты ды сфарміраваў стэрэатыпы. Таму ўзгадкі пра «1917», «Выратаваць радавога Раяна», «Дзюнкерк» і нават «Апакаліпсіс сёння» так ці інакш будуць акаляць стужку Бергера. Праўда, акаляць выключна пазітыўным шлейфам: нават натуралізм, ад якога самі сабой заплюшчваюцца вочы, тут да месца — хай сабе «Нэтфлікс» і заходзіць за межы звыклых канонаў пры дэманстрацыі целаў забітых, наступстваў баёў альбо дэталізацыі вайсковых жудасцяў.

Можна пабачыць у стужцы і пэўныя адсылкі да дакументалістыкі. Тут няма рэверансаў у бок тых, хто змагаецца на баку святла і павінен перамагчы, альбо нейкай гераізацыі ахвяр. «На Заходнім фронце…» бязлітасна канстатуе смерці ад разнастайнай зброі, пакуты ад нечалавечых умоў існавання, жудасці ад штодзённай рэчаіснасці, да якой чалавек у выніку прызвычайваецца — хай гэта і пілаванне параненай нагі без наркозу.

Фільм факусуецца на экзістэнцыяльным крызісе асобы, якая ламаецца ў млыне вайны. Фота: Netflix.com

Можна зачапіць і нешта ад абсурду, якім быў прасякнуты яшчэ гашакаўскі «Швейк», а пасля атрымаў развіццё ў хелераўскім «Выкрутасе 22». Аднак «Нэтфлікс» адмаўляецца ад гумарыстычных нотак, што суправаджаюць класічныя тэксты. Тут хутчэй фокус на экзістэнцыяльным крызісе асобы, якая ламаецца ў млыне вайны, спустошваецца душой ды губляе стрыжань чалавечнасці.

Цікава, што такое насычанае кінематаграфічнае палатно стварылі сцэнарысты, якія на маштабныя фарматы раней не глядзелі.

Ена Стокела больш ведаюць як аўтара «Вашынгтон пост», чым стваральніка «Перамоў», а Лэслі Патэрсан як чэмпіёнку па трыятлоне, а не крэатара «Ста дзён Ганны». Тым не менш, тандэм набыў правы на экранізацыю Рэмарка яшчэ ў 2006-м — і ўвесь гэты час чакаў нагоды, каб рэалізаваць амбіцыйную задуму. Як бачым, не дарма.

Кантрасты

Адзін з самых шыкоўных прыёмаў, якім карыстаецца рэжысёр. Тут і маляўнічае наваколле, што знішчаецца баявымі дзеямі. І эмацыйны энтузіязм навабранцаў, які даволі хутка змяняецца асуджанасцю. І сяброўства, якое, здаецца, вось-вось выратуе не толькі жыцці, але і ўвесь свет, урэшце патанае ў крывавых хвалях ды дабіваецца механізмам ваеннага знішчэння…

Аднак найбольш яскравым у Бергера атрымаўся эпізод, прыдуманы спецыяльна для фільма.

Адпаведна з ім нямецкі палітык Маціяс Эрцгербер едзе на перамовы з генералам Фошам пра спыненне вайны. Вагон, які нясецца ў Камп'енскі лес, раскоша ў дробязі вакол Эрцгербера жорстка кантрастуюць з тым, што адбываецца навокал — з умовамі, у якіх знаходзяцца вайскоўцы ў траншэях.

Найбольш яскравым у Бергера атрымаўся эпізод, прыдуманы спецыяльна для фільма. Фота: Netflix.com

Як, дарэчы, і аздабленне жыцця генерала Фрыдрыхса, які камандуе простымі нямецкімі салдатамі. Той, хто загадвае паміраць мільёнам, існуе зусім у іншых рэаліях і сістэме каштоўнасцяў. Перамір'е, на яго думку, — гэта баязлівасць, — і нават горы трупаў навокал не ўплываюць на яго светапогляд.

Эфектна выкарыстаны кантраст і падчас адлюстравання смерці галоўная героя — спачатку маральнай, далей фізічнай. Забойства француза, што робіць Паўль Боймер, а пасля асэнсаванне ўчынка (пад тры ноты саўндтрэка, якія гучаць ці то набатам, ці то рэквіемам) выглядае пэўнай квінтэсенцыяй вайны для кожнага яе ўдзельніка.

Фота: Netflix.com

Дурні думаюць, што вайна «прадоўжыцца два-тры дні», а пасля ў бязлітаснай мясарубцы гінуць мільёны.

Усведамленне вайны як нейкай вясёлай прыгоды пасля прагляду стужкі знікае канчаткова.

Каментары6

  • Belarus2020
    02.11.2022
    Вельмі зацікавілі.
    Але калі шчыра - не да прагляду сусветных бестселерау́. Проста ... задача выжыць.
    Як на вайне, што у́ кіно
  • Valadzimir
    02.11.2022
    Алкадий, Вы забыліся, дзе задоўга да 2014 году адбываліся масавыя скаканьні моладзі на плошчах і вуліцах пад крычалку "маскалякунагіляку", а потым сваіх суайчыньнікаў называлі "каларадамі".
  • Эд
    02.11.2022
    Два немецких БЕЗОРУЖНЫХ солдата крадут гуся у французов и по ним стреляют из ружья...
    Ох, эти сказочки....Ох, эти сказочники...

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Дырэктар водаканала патлумачыў, чаму асадак ад вады ў чайніку — гэта нармальна4

У СК расказалі, праз які месенджар часцей за ўсё падманваюць беларусаў1

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу20

У сталічным «Паўночным беразе» будуюць першы дзіцячы садок. Якім той будзе2

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Галоўнае
Усе навіны →