У апошнія два гады Дар’я Домрачава, найлепшая біятланістка ў гісторыі Беларусі, рэдка выказвалася па рэзанансных тэмах. У лютым Домрачава разам з мужам наведалі алімпіяду ў Пекіне, дзе выступала кітайская біятлонная зборная, якую яны трэніравалі. Чым цяпер займаецца спартсменка, распавёў ютуб-канал «ЧестнОК».
22 сакавіка экс-біятланістка і чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка апублікавала ў інстаграме пост, прысвечаны падзеям ва Украіне. Домрачава выказалася ў ім, што хвалюецца наконт вайны, але ў асноўным яе тэкст быў прысвечаны забароне ўдзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў у міжнародных турнірах шмат у якіх відах спорту.
«Я лічу абсалютна наіўным меркаваць, што адхіленне беларускіх і расійскіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў дапаможа рашэнню ваеннага канфлікту. На мой погляд, падобныя меры толькі спрыяюць распальванню варожасці сярод людзей. Перш чым гаварыць пра глабальнае, давайце пачнём з сябе, са сваіх чалавечых якасцей і свайго атачэння», — напісала спартсменка.
Адно з нарвежскіх медыя звярнулася да мужа Дар’і, васьміразовага алімпійскага чэмпіёна па біятлоне Уле-Эйнара Б’ёрндалена, з пытаннем, як ён ставіцца да пазіцыі жонкі і яе непрыняцця адхілення спартсменаў. Але ён вырашыў прамаўчаць.
У канцы кастрычніка алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Надзея Скардзіна апублікавала фота з Дар’яй і падпісала: «Калі хочацца пасядзець з сяброўкай у кавярні, папіць капучына і пагаварыць, можна праехаць і 4 краіны на 4 цягніках». Трохі раней, у красавіку, былыя біятланісткі таксама бачыліся, магчыма, таксама падчас адпачынку.
Летам Домрачава і Б’ёрндален былі ў Мінску, дзе зрабілі фота з доктарам Паўлам Дрынеўскім. Медык падпісаў яго так: «Мае настаўнікі». Акрамя сустрэчы з Дрынеўскім, экс-біятланісты праводзілі час на лыжаролернай трасе ў Мінску, што знаходзіцца ля праспекта Пераможцаў і Дома футбола, там іх сустрэла фанатка пары і біятланістка Вера Барадач.
7 верасня ў інтэрнэце з’явілася фота Домрачавай на фоне Мінск-Арэны з Іллём Давідовічам — хлопцам, якому Дар’я дапамагае ў лячэнні раку.
Цяпер, сцвярджае «ЧестнОК», Домрачава з мужам знаходзіцца ў Нарвегіі, дзе яны ўдзельнічалі ў тур-маршы і забегу на гару ў роднай вёсцы нарвежца. Уле-Эйнар заняў там трэцяе месца. Зараз пара можа зноў вярнуцца ў Кітай — як кажуць нарвежскія СМІ, муж Дар'і можа стаць асістэнтам кіраўнікоў нацыянальнай біятлоннай федэрацыі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары