З Беларусі ў Літву спрабавалі вывезці два рарытэтныя аўтамабілі ГАЗ выпуску 1930-х гадоў, аднак мытню яны не прайшлі, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
Грамадзянка Літвы і яе напарнік-беларус прыехалі на рэдкіх «Газ А» і «Газ М1» на пункт пропуску «Каменны Лог». Яны мелі намер перасячы мяжу па «зялёным калідоры», аднак у іх нічога не атрымалася.
Рарытэтныя машыны прыцягнулі ўвагу мытнікаў, якія вырашылі праверыць транспарт. Як аказалася, вінтажныя аўтамабілі 1933 і 1939 года выпуску зарэгістраваныя ў Расіі і адносяцца да катэгорыі культурных каштоўнасцяў. Гэта азначае, што машыны падлягаюць мытнаму дэклараванню, а кіроўцам трэба мець на руках дазвол на іх вываз.
Паколькі патрэбных папер у літоўкі і беларуса не аказалася, іх з краіны не выпусцілі.
Адзначаецца, што вінтажныя машыны ў суме каштуюць больш за 79 тыс. беларускіх рублёў («Газ М1» — 46 тыс. і «Газ A» — 33 тыс.).
Каментары