Вярнулася ў Беларусь, паверыўшы абяцанням сілавікоў — цяпер яе будуць судзіць па 12 крымінальных артыкулах
49-гадовая Таццяна Курыліна — адміністратарка пратэсных чатаў. Яна доўгі час знаходзілася за мяжой, але ў лютым аказалася, што вярнулася ў Беларусь. Верагодна, па праграме сілавікоў «Дарога дадому» — там спецслужбы заклікаюць тых, хто з'ехаў за мяжу, прызнаць памылкі і вяртацца. Для Курылінай гэта скончылася крымінальнай справай па 12 артыкулах, піша «Вясна».
Яе справу пачнуць разглядаць у Гомельскім абласным судзе 28 снежня — у закрытым рэжыме.
Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Доля.
У чым абвінавачваюць Курыліну?
Таццяну Курыліну абвінавачваюць па цэлым шэрагу крымінальных артыкулаў. Жанчыне можа пагражаць да 15 гадоў зняволення:
- ч. 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
- ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- ч. 1 арт. 203-1 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных;
- ч. 1 арт. 130 — распальванне іншай сацыяльнай варожасці;
- ч. 3 арт. 203-1 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных;
- арт. 188 — паклёп;
- ч. 1 арт. 367 — паклёп у дачыненні да Лукашэнкі;
- ч. 2 арт. 203-1 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных;
- ч. 1 арт. 368 — абраза Лукашэнкі;
- ч. 2 арт. 367 — паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, здзейснены паўторна;
- ч. 2 арт. 366 — гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак.
Што паведамляе пра справу пракуратура?
Па матэрыялах следства, Таццяна Курыліна з 20 жніўня 2020 года па 20 лютага 2022 года праз Telegram-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў улады і сілавых структур.
Яна ж без згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія работнікі і суддзі, неправамерна збірала, сістэматызавала і распаўсюджвала звесткі аб іх прыватным жыцці, чым прычыніла істотную шкоду іх правам і законным інтарэсам. У такіх паведамленнях змяшчалася загадзя лжывая інфармацыя.
«Пачынаючы з 20 верасня 2020 года, Курыліна на працягу паўтара года размяшчала ў Telegram-каналах публікацыі, у якіх заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі, аказання актыўнага супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў, перакрыцця дарог, пашкоджання маёмасці арганізацый і прадпрыемстваў, ухілення ад выплаты падаткаў», — паведамляе пракуратура.
У тэкставых паведамленнях абвінавачанай у Telegram-чатах таксама ўтрымліваліся абразы з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі, пагрозы гвалтам у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, паклёп, спалучаны з яго абвінавачваннем у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах.
Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы, пацярпеў «Рабочы рух»
Як паведамлялася ў СМІ, Таццяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліна «ўсплыла» на беларускім тэлебачанні ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. Аказалася, што Курыліна ўжо знаходзіцца ў Беларусі.
На тэлебачанні, стомленая, яна казала, што чаты не маюць сэнсу, але кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра шчыльныя кантакты з «Байполам», расказвала пра нюансы сваёй працы.
Па інфармацыі «Байпола», Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы. «Гэтую жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ. І жанчына стала «ўсіх зліваць», — кажа прадстаўнік «Байпола».
Каментары