Свет88

Фінляндыя выглядае казачнай краінай: саўны, Лапландыя. Аднак пад гэтай маскай хаваецца ўзброеная да зубоў дзяржава

«Абарона краіны — гэта як першы марафон. Табе здаецца: не, я не дабягу, але калі ты кажаш сабе «я мушу дабегчы!», ты даходзіш да фінішу», — кажа Юка Саарэла, капітан элітнага гвардзейскага стралковага палка арміі Фінляндыі.

Фота: Jacek Pawlicki, Newsweek Polska

Сёлета першы снег у Хельсінкі выпаў у канцы лістапада, таму зваротны адлік да Ёля (свята сярэдзіны зімы) і Каляд пачаўся раней, чым звычайна. З-за расійскага ўварвання ва Украіну электрычнасць у Фінляндыі ў некалькі разоў падаражэла, але цэнтр сталіцы зіхаціць ад гірлянд. У гандлёвым цэнтры стаяць шэрагі калядных елак вышынёй некалькі метраў, ахутаных святлодыёднымі гірляндамі. Побач тоўпяцца дзеці.

Пра вайну ва Украіне нагадвае толькі вялікі ўкраінскі сцяг на купале Цэнтральнага вакзала. Складваецца ўражанне, што Фінляндыя пераехала кудысьці ў казачную Нарнію і людзі жывуць сваім святочным жыццём, быццам забыўшыся, што ўкраінцы цяпер ваююць з расіянамі гэтак жа, як фіны падчас савецка-фінскай вайны. І ўсё ж такі жыхары Хельсінкі выдатна ведаюць пра пагрозу з боку Расіі, а спакой яны захоўваюць таму, што ўжо больш за 70 гадоў іх радзіма рыхтуецца да таго, што здарылася з Украінай у лютым.

За каляднай маскай Фінляндыі хаваецца краіна, якая лепш за ўсіх падрыхтаваная да вайны ў Еўропе, — піша Newsweek Polska. Фіны спавядаюць стратэгію татальнай абароны, якая прадугледжвае, што ў выпадку нападу ў абароне суверэнітэту ўдзельнічае ўсё насельніцтва.

Бараніць Фінляндыю — задача не з лёгкіх, бо гэта краіна з тэрыторыяй большай, чым Італія, і пры гэтым яе насельніцтва складае ўсяго 5,5 млн чалавек. Узброеныя сілы — гэта толькі адна частка пазла. Другая частка — грамадзянская абарона. Кожны фін, ад пекара да дырэктара кампаніі і пастара, выдатна ведае, што рабіць у выпадку вайны.

Аднак гэта яшчэ не ўсё. У цэнтры сталіцы, менш чым за 100 метраў ад каляднай выставы, знаходзіцца офіс Huoltovarmuuskeskus (HVK), урадавага агенцтва, якое адказвае за забеспячэнне і бяспеку ключавых паставак для прамысловасці і грамадзянскага насельніцтва. Аксель Хагельстан, адзін з кіраўнікоў HVK, кажа, што ўрад, бізнэс і грамадства цесна супрацоўнічаюць адно з адным, каб у выпадку нападу краіна пратрымалася як мага даўжэй без якой-небудзь знешняй дапамогі.

HVK было створана ў пачатку 1990-х гадоў. Яно клапоціцца аб тым, каб і фінскае грамадства, і эканоміка выстаялі нават, калі здарыцца поўнамаштабная вайна. Запасаў збожжа, напрыклад, хопіць фінам на паўгода, корму для жывёл — на некалькі тыдняў, а вугалю і паліва — не менш чым на 5 месяцаў.

Стратэгічным запасам нічога не пагражае, яны захоўваюцца ў падземных, высечаных у скалах складах, раскіданых па ўсёй краіне. Найбольш важныя лекі і кампаненты, якіх павінна хапіць на 3—6 месяцаў, сістэматычна папаўняюцца і абменьваюцца фармацэўтычнымі кампаніямі, за што ім плаціць гэта арганізацыя.

Праца агенцтва кантралюецца Міністэрствам эканомікі. Усё фінансуецца за кошт невялікіх дадатковых збораў за спажыванне электраэнергіі і паліва. Гэты сваеасаблівы «падатак на гатоўнасць» прыносіць 40—45 мільёнаў еўра ў год (108—122 млн бел. руб.). У супрацоўніцтве з бізнэсам і мясцовымі ўладамі агенцтва арганізуе рэгулярныя вучэнні, каб высветліць, ці здольныя буйныя прамысловыя прадпрыемствы справіцца, напрыклад, з адключэннем электраэнергіі.

Армія Фінляндыі рэгулярна праводзіць вучэнні. Салдатам даручаюць, напрыклад, абшукаць спальны раён, знайсці ўмоўнага ворага, а затым захапіць яго або знішчыць, калі спатрэбіцца. У трэніроўках удзельнічае агулам 1600 салдат і гэта, часцей за ўсё, прызыўнікі.

Захоп будынка займае каля гадзіны. Ролю ворагаў выконваюць добра навучаныя рэзервісты, таму самім прызыўнікам нялёгка справіцца з задачай. У вучэннях таксама ўдзельнічае вайсковы капелан, лютэранскі пастар. Святар у фінскіх казармах праводзіць набажэнствы, чытае пропаведзі, але, перш за ўсё, размаўляе з салдатамі.

«Яны такія ж людзі, як і ўсе астатнія. Яны перажываюць дэпрэсію, адчуваюць трывогу. Я таксама вучу вайсковай этыцы, гэта значыць таму, як паводзіць сябе з палоннымі і ворагамі, забітымі ў баі. Вораг — таксама чалавек, таму яго цела трэба прыбраць з поля бою і пахаваць, — распавядае адзін са святароў і дадае: — Каб выжыць на вайне, мы павінны забіваць, але мы робім гэта толькі тады, калі гэта дакладна неабходна. Гэта заўсёды вельмі індывідуальнае пытанне».

Вайсковая служба ў Фінляндыі абавязковая, таму кожны год армейскай службе навучаецца каля 20 тысяч прызыўнікоў.

«Мне заўсёды хацелася адслужыць, а падзеі ва Украіне яшчэ больш пераканалі мяне, што гэта важна. Калі наш вялікі сусед нападзе на Фінляндыю, я хачу быць гатовым да бою», — кажа 18-гадовы Ота Валькама, які пайшоў у войска ў ліпені гэтага года, адразу пасля школы.

21-гадовы сын эмігрантаў Корманц Шыку (на фота ў пачатку тэксту ён злева) хваліць жыццё ў казарме і, гарэзліва ўсміхаючыся, дадае: «Вайна ва Украіне не робіць маю службу больш цяжкай або напружанай. Калі нешта дрэннае здарыцца з маёй радзімай, я зраблю тое, што павінен зрабіць кожны фін — абараняць яе да самай смерці».

«Мы, фіны, павінны быць гатовыя да абароны, проста паглядзіце на мапу, каб зразумець чаму. У нас ёсць няшчасце: наш сусед — Расія. Суседзяў не выбіраюць, але да іх прыходу можна падрыхтавацца. Матывацыі нам хапае. Мужнасці таксама», — кажа яшчэ адзін салдат.

За 105 гадоў афіцыйнага існавання краіны фіны зразумелі, што іх гісторыя залежыць ад выніку войнаў з Расіяй.

Падчас Другой сусветнай вайны Фінляндыя была на мяжы страты дзяржаўнасці. Эстонія, Латвія, Літва тады дзяржаўнасць страцілі — як беларусы і ўкраінцы раней. А фіны ў 1939—1940-м выстаялі. Таму фіны прыйшлі да высновы, што ўмова выжывання — наяўнасць максімальна моцнай абароны, якую толькі можна сабе дазволіць.

Менавіта таму ў фінаў ёсць добра навучаная і выдатна ўзброеная армія. У выпадку мабілізацыі армія можа налічваць 280 тысяч чалавек плюс яшчэ 900 тысяч навучаных ваяваць рэзервістаў. Траціна дарослых фінаў у краіне ўмее трымаць зброю. Агулам доля людзей, гатовых абараняць сваю Радзіму, тут перавышае 80 адсоткаў, і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Еўропе. Фіны ўпэўненыя, што найвялікшая сіла Фінляндыі — гэта імкненне абараняць краіну. Там, дзе няма імкнення да абароны, няма і абароны.

Былы камандуючы вайсковай выведкай Фінляндыі генерал Пека Товеры перакананы, што Пуцін панёс занадта вялікія страты ва Украіне, каб у найбліжэйшыя 5—10 гадоў нанесці ўдар па яшчэ кім-небудзь. Аднак, калі адбудзецца атака, Фінляндыя справіцца, таму што ў яе ёсць тое, што Товеры называе «фінскім рашэннем» — шматлікая армія, ядро якой складаюць навучаныя рэзервісты і эфектыўныя, тэхналагічна прасунутыя ўдарныя сілы.

Фінляндыя вырабляе шматлікія віды зброі сама або ў кааперацыі са Швецыяй і Брытаніяй, у адрозненне ад Беларусі, армія якой пераважна карыстаецца расійскім узбраеннем.

Некалькі дзясяткаў баявых самалётаў F/A-18 Hornet да 2030 года будзе заменена суперсучаснымі амерыканскімі F-35. Фінскія ракетныя войскі забяспечаны сістэмамі РСЗА, якія ўзброеныя новымі ракетамі далёкасцю 160 км. Сухапутныя войскі ўзброены амаль 200 танкамі «Леапард», чыя агнявая моц — найлепшая ў Еўропе. У выпадку масіраванага ваеннага ўварвання будуць замініраваныя асноўныя дарогі, будуць узарваныя ключавыя масты, пуцеправоды і тунэлі каля граніцы з Расіяй.

Самалёты пераляцяць на палявыя аэрадромы, а армія прыступіць да масіраванай абароны.

«Вайна ва Украіне паказала, што расіяне імкнуцца ваяваць дыстанцыйнымі ўдарамі. У выпадку ўварвання мы павінны як мага хутчэй прывесці да непасрэднага сутыкнення сіл, каб яны не маглі выкарыстоўваць ракеты і цяжкую артылерыю, — пераконвае Товеры.

— Зброі, боепрыпасаў і баявога духу нам хопіць. Я хвалююся, што будзе, калі ў салдат скончыцца кава, — жартуе генерал. — Фіны спажываюць кавы больш за ўсіх у свеце — у сярэднім 12 кг на год на аднаго жыхара, а гэта значыць, каля чатырох кубкаў на дзень».

«Нельга выключаць таго, што расіяне выкарыстаюць супраць украінцаў тактычную ядзерную зброю і адбудзецца эскалацыя канфлікту, але і на гэты выпадак у Фінляндыі ёсць выдатная грамадзянская абарона і дастатковая колькасць бамбасховішчаў», — падкрэслівае Товеры. У Фінляндыі будуецца каля 800 новых сховішчаў у год.

Для гэтага сістэматычна рамантуюцца старыя, датаваныя 1960-мі гадамі. Усюды, дзе вы бачыце ў Хельсінкі будаўнічыя краны, з'яўляюцца новыя сховішчы. Кошт сховішча, размешчанага ў падземнай частцы жылога дома, складае прыкладна 3—4 працэнты ад кошту ўсіх інвестыцый. Згодна з фінскім заканадаўствам, любы будынак з жылой плошчай больш за 1200 квадратных метраў павінен мець уласнае бамбасховішча.

Фінаў з дзяцінства вучаць, што першыя 72 гадзіны пасля пачатку вайны ці іншай катастрофы яны павінны самі шукаць выйсце і прымаць рашэнні.

Людзі могуць схавацца ў адным з амаль 50 тысяч сховішчаў, большасць з якіх абароніць не толькі ад расійскіх ракетных атак, але і ад хімічнай, біялагічнай і ядзернай зброі. Там можа змясціцца каля 4 млн жыхароў.

У Хельсінкі налічваецца 400 розных тыпаў падземных збудаванняў-парковак, тунэляў, станцый метро і прамысловых аб'ектаў, самыя буйныя з якіх могуць змясціць у выпадку вайны ці якой-небудзь іншай катастрофы да 11 тысяч чалавек адразу.

У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам любое буйное прамысловае прадпрыемства або гандлёвы цэнтр павінен мець сваё сховішча. За гэта дзяржава даплачвае грошы такім прадпрыемствам.

«Бамбасховішчы маюць падвойныя вароты: першыя абараняюць ад удараў і ўдарных хваль ад выбухаў бомбаў або ракет, а другія — ад таксічных рэчываў, газу, пылу і радыеактыўнага выпраменьвання.

Яны вырабляюцца з фінскай сталі так, каб іх быў здольны адчыніць альбо зачыніць усяго адзін чалавек. Такім чынам, нам не трэба турбавацца аб тым, што адбудзецца, калі будзе адключана электрычнасць», — кажа Юха Сімола, дырэктар кампаніі Temet, якая ўжо 70 гадоў будуе і абсталёўвае бамбасховішчы.

«Свежае паветра і энергія забяспечваюцца кіламетрамі кабеляў і вентыляцыйных труб.

Буйныя сховішчы дзеляць на некалькі роўных частак, якія адгароджаныя адна ад другой падвойнымі варотамі. Усё гэта робіцца для падзялення натоўпу на меншыя групы і для больш камфортнага пражывання людзей. У адпаведнасці з законам аб грамадзянскай абароне, сховішчам кіруе спецыяльна навучаны чалавек. Менавіта ён дзеліць людзей на роўныя групы і размяркоўвае абавязкі. Згодна з правіламі, на кожнага чалавека прыпадае паўметра квадратнага плошчы», — падагульняе Сімола.

У Фінляндыі будаўніцтва бамбасховішча на 100 чалавек каштуе 80 тыс. еўра (каля 230 тысяч бел. руб.), гэта значыць, у сярэднім 800 еўра (амаль 2200 бел. руб.) на душу насельніцтва. Гэта не вельмі высокая цана, нават з улікам таго, што сярэдняя зарплата ў Фінляндыі прыкладна ў 6 разоў вышэйшая, чым у Беларусі (на 2022 год сярэдняя зарплата ў Фінляндыі складае 3540 еўра, або прыблізна 9600 бел. руб.; сярэдняя зарплата ў Беларусі па даных Белстата на лістапад 2022 складае 1648 бел. руб., або прыблізна 610 еўра).

Каментары8

  • Грышка
    01.01.2023
    Фінляндыя мудрая. Яна вучыцца на гісторыі. Яна разумее праўду пра свайго ўсходняга суседа.
  • шчыры змагар
    01.01.2023
    [Рэд. выдалена]
  • A
    01.01.2023
    У нас ёсць няшчасце: наш сусед — Расія.


    Шкада, што большасць беларусаў гэтага не ўсведамляе!

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку23

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта кардынальна мяняе ўвесь расклад у вядзенні баявых дзеянняў». Што Z-блогеры думаюць пра ўдары ATACMS па Расіі?8

«Бывае балюча». Наста Роўда — пра хейт, уласны стыль і каманду «ТОК» 35

Ва Ушачах судзяць настаўніцу, якую ў 2012-м заносілі на Дошку гонару, а ў 2024-м абражаў Мукавозчык

У цэнтры Мінска знікла святло — у тым ліку на плошчы Незалежнасці3

Круты выпадкова раскрыў сапраўдны стан заняпаду рэгіёнаў18

«Дажылі». У тыктоку абмяркоўваюць талоны на куплю мяса ў «Гіпа»4

Лукашэнка перад пачаткам нарады наехаў на Галоўчанку і Косінца, што тыя не так селі5

Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі і дырэктараў прыватных структур38

Брэйвік прыйшоў на камісію аб вызваленні з выгаленымі літарамі Z на галаве ФОТАФАКТ12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку23

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку

Галоўнае
Усе навіны →