Урад выдаў пастанову № 713(2), якая, як сцвярджаецца, закліканая «завяршыць работу па забеспячэнні функцыянавання паўнавартаснай сістэмы рэгулявання цэн». Яе палажэнні пачынаюць дзейнічаць з 2 лютага і ўдакладняюць пастанову №713 мінулага года, якая не ва ўсім суадносіцца з патрабаваннямі рэальнага жыцця.
Унесеныя гэтым разам змены тычацца «размеркавання адміністрацыйнай нагрузкі паміж дзяржаўнымі органамі пры пацверджанні эканамічнай мэтазгоднасці ўдакладнення падыходаў пры фарміраванні цэн, зняцця незразумеласцяў і розначытанняў».
Сярод іншага пашыраны пералік выпадкаў, якія не патрабуюць узгаднення пры намеры павысіць адпускную цану. Гэта дазволіць прадаўцам самастойна прымаць рашэнні па адпускных цэнах у выпадках адмены зніжак (пры ўмове, што пазней цана не будзе перавышаць раней узгодненую), а таксама пры пераразліку цаны прапарцыйна вазе (аб'ёму) тавару.
Адначасова ўдакладненая норма ў дачыненні да забароны тавараабменных аперацый (бартару).
Прадугледжана пастановай і магчымасць павелічэння цэн на суму дастаўкі тавараў:
- для вытворцаў і імпарцёраў — фарміраванне адпускных цэн з улікам або без уліку выдаткаў на дастаўку;
- для аптовага і рознічнага гандлю — пры дастаўцы тавару да рознічных аб'ектаў, у тым ліку пры пастаўцы з уласнага лагістычнага (размеркавальнага) склада;
- для дыстанцыйнага гандлю — пры дастаўцы ў пункты выдачы або пакупнікам.
Таксама ўдакладненыя падыходы да прымянення курсу валют пры фарміраванні адпускных цэн імпарцёрам у залежнасці ад умоў аплаты тавараў. Акрамя таго, дэталізаваны пералік інфармацыі, што мусіць быць у таварасуправаджальных дакументах канкрэтна для кожнага звяна руху тавараў: вытворцы, імпарцёра, аптовага і рознічнага гандлю.
Удакладненая сфера распаўсюджвання рэгулявання ў дачыненні да:
- тавараў, прызначаных для ўласнага карыстання, вытворчасці і (або) спажывання юрыдычнымі асобамі;
- гарачых напояў праз гандлёвыя аўтаматы;
- нехарчовых тавараў па індывідуальных замовах фізічных асоб;
- пры рэалізацыі нехарчовых тавараў у фірмовых крамах айчыннага вытворцы альбо суб'екта гандлю, які атрымаў права продажу.
Пры гэтым урад падкрэслівае, што ўсё адно будзе трымаць стан спажывецкага рынку на асаблівым кантролі і будзе «ў мэтах захавання цэнавай стабільнасці» надалей прымаць розныя захады.
Сітуацыя, якая вымагае прыняцця ўсё новых і новых удакладняючых дакументаў, узнікла пасля таго, як Лукашэнка 6 кастрычніка 2022 года забараніў павышаць цэны, падпісаўшы Дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасці росту цэн». Потым пастановай урада № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары спажывецкага кошыка. Але рэальнае жыццё больш складанае, чым жаданні вярхоў, таму ўраду даводзіцца паступова і пакрысе лібералізаваць першапачатковыя занадта строгія ўстаноўкі.
Каментары