Нядаўняя дыверсія супраць расійскага самалёта, які каардынаваў бамбёжкі Украіны, зрабіла назву аэрадрома Мачулішчы сусветна вядомай. Але мала хто нават з беларусаў ведае, што азначае гэтая назва, піша Алесь Белы.
Гісторыя вайсковага аэрадрома каля вёскі Мачулішчы Мінскага раёна пачалася ў 1930-я гады.
Вядома, што 16 верасня 1939 года адсюль выправіўся ў свой апошні палёт славуты лётчык Сяргей Грыцавец, які трагічна загінуў праз пару гадзін пры няштатнай пасадцы на аэрадроме Балбасава пад Оршай.
Стратэгічны аэрадром Мачулішчы будаваў на працягу 1948—1950 гадоў 11-ты асобны аэрадромна-будаўнічы полк. Са штатам тры тысячы чалавек ён уваходзіў у склад будаўнічага ўпраўлення Беларускай вайсковай акругі. Можна ўявіць сабе размах гэтай будоўлі. Савецкая імперыя рыхтавалася да Трэцяй сусветнай вайны, у тым ліку атамнай, і рэсурсаў на гэта не шкадавала. Аднаго грунту было перамешчана 2 мільёны (!) кубаметраў. У далейшым аэрадром не раз пашыраўся і дабудоўваўся.
Назву «Мачулішчы» я ўпершыню пачуў, калі мне было гадоў 7 ці 8. Бацька з нейкай нагоды ўспамінаў адносна нядаўні візіт у Мінск прэзідэнта Францыі Жоржа Пампіду (1973) і сказаў, што ягоны самалёт тады садзіўся не ў грамадзянскім аэрапорце, а ў Мачулішчах. А
мама патлумачыла мне паходжанне назвы: «гэта месца, дзе некалі мачылі лён».
Пачынаючы з ранняга дзяцінства і аж да сёння яна заўжды тлумачыць мне сэнс беларускіх слоў, у тым ліку самых рэдкіх, сярод якіх і словы з лепельска-ўшацкага рэгіёна. Таму амаль колькі сябе памятаю, гэтае слова для мяне заўсягды нешта значыла. Ну а цяпер, бадай, надышоў час пра яго напісаць трохі падрабязней.
Слова «мачулішча» тыпова беларускае, даўняе. Яно паходзіць ад слова «мачула», «мачыла» — нізок, дзе мочаць лён, каноплі. Па-руску і па-ўкраінску яго аналаг пішацца аднолькава, толькі вымаўляецца па-рознаму: мочило. У адной украінскай народнай песні пра каханне пяецца: Не ходи ти коло води та й коло мочила, Буде мати нарікати, що-м тя зволочила.
Беларускае слова «мачулішча» створана на той жа ўзор, што і гарадзішча (месца, дзе раней быў горад), замчышча (месца, дзе раней быў замак), бульбянішча, бульбішча (месца, дзе перад тым расла бульба), клецішча, школішча (месца, дзе раней стаяла «школа» — так па-старабеларуску называлі сінагогу), урочышча, сховішча, — для беларускай мовы такое словаўтварэнне вельмі характэрнае, параўнальна больш частае, чым у іншых славянскіх мовах.
Населеных пунктаў з такой назвай у Беларусі шмат. Апроч даволі буйнога і вядомага дзякуючы вайсковай базе мястэчка МачулішчЫ, ёсць яшчэ вёскі з назвай МачулішчА. Па адной у Буда-Кашалёўскім, Камянецкім, Лагойскім, Мінскім, Расонскім раёнах. У Крупскім раёне такіх вёсак ажно дзве. І ў дадатак — адна ў Невельскім раёне, які адышоў да Расіі ў 1920-я гады, і дзве ў Сумскай вобласці Украіны (Пуціўльскі і Канатопскі раёны).
Назвы «Мачулішча» раўнамерна рассеяныя па ўсім былым арэале беларускай мовы. І такая распаўсюджанасць сведчыць пра тое, што для беларусаў вырошчванне і апрацоўка лёну традыцыйна было важнай справай.
Не адну тысячу гадоў у традыцыйнай сялянскай гаспадарцы лён ірвалі ў другой палове жніўня. Вырваны звязвалі ў снапы і ставілі ў кучкі. Затым аддзялялі галоўкі ад сцёблаў: абівалі ці абрывалі. Для гэтага выкарыстоўвалі адмысловую прыладу — пранік ці драчак, якая з выгляду нагадвае драўляную матыку з некалькімі зубамі. Затым ільняную саломку вымочвалі ў вадзе 3—6 тыдняў у залежнасці ад надвор’я.
Замочваць лён (а таксама каноплі) трэба было, каб потым (ужо пасля сушэння) валокны лягчэй і паўней аддзяляліся ад кастрыцы. Але не заўсёды замочванне адбывалася ў адмысловых вадаёмах. Часта было дастаткова жнівеньскіх і вераснёўскіх дажджоў і росаў. Але з мачуламі (мачыламі) ўсё ж такі хутчэй і больш надзейна.
Мачулы (мачылы, мачулішчы) даўней уладкоўвалі ў нізках, плёсах сярод паплавоў. Гэта былі натуральныя або штучныя сажалкі, ямы, калюжыны. Часам для мачул (мачыл, мачулішчаў) у зямлю зарывалі вялікую драўляную скрыню. Дарэчы, месца, дзе вымочвалі драўляныя бочкі, каб швы сышліся шчыльней і не прапускалі вадкасць, таксама маглі называць мачуламі (мачыламі, мачулішчамі).
Добра падмоклы лён ставілі ў вялікія кулі, потым высушвалі і пачыналі мяць (церці) пры дапамозе мялкі (церніцы). А потым валакно трапалі (ачышчалі ад кастрыцы) траплом. Затым часалі драўлянымі ці металічнымі грэбнямі. Уласна неабходнасць вымочвання і тлумачыць, чаму толькі ў кастрычніку атрымлівалі кудзель.
Адкіды вытворчасці — кастрыцу — палілі. Але былі больш практычныя спосабы яе выкарыстання: уцяпляльнік, напаўняльнік для бетону, мульчы для агародніцтва і г. д.
Як піша ў кнізе «Пінскія балоты» (2022) польскі гісторык Славамір Лотыш, у міжваенны час мачулы, уладкаваныя проста на беразе адкрытых вадаёмаў, зрабіліся вялікай экалагічнай праблемай для заходняга Палесся. Асабліва тыя, дзе вымочваліся каноплі. У такіх месцах адбываўся масавы мор рыбы, дый самі людзі часта мелі праблемы са здароўем, спажываючы ваду з такіх вадаёмаў. Доўгае вымочванне гэтых, па сутнасці, таксічных раслін рэзка зніжае ўтрыманне кіслароду ў вадзе, а таксама вядзе да растварэння ў ёй воцатнай, прапіёнавай і іншых кіслотаў.
Інтуітыўна гэтая небяспека ўсведамлялася традыцыйнай культурай здаўна, таму мачулы і стараліся ўладкоўваць у адносна ізаляваных штучных вадаёмах. Але на нізінным Палессі, відаць, часам няпроста было знайсці месца для такіх. Да таго ж спецыфічная палеская ментальнасць у спалучэнні з эканамічнымі цяжкасцямі часоў Вялікай дэпрэсіі часта прыводзіла да надзвычай безадказных спосабаў эканамічнай дзейнасці. І гэта тычыцца не толькі гадоўлі лёну і канопляў.
У наш час, канешне, тэхналогіі істотна мадэрнізаваліся, і паўсюдныя некалі мачулы (мачылы) сёння нідзе не сустрэнеш. Таму і слова гэтае большасці нашых суайчыннікаў незразумелае. Але памяць пра месцы, дзе некалі яны былі, засталася ў тапаніміцы Беларусі ў форме «мачулішчаў» і такім чынам з’яўляецца напамінам пра тысячагадовы занятак нашых продкаў.
Таму варта ведаць пра яго значэнне і сёння. Тым больш, што шмат якія краязнаўчыя музеі ў сваіх экспазіцыях распавядаюць пра поўны цыкл традыцыйнай вытворчасці лёну і нават нярэдка прапануюць яго поўную дзейную рэканструкцыю.
Паэт Васіль Зуёнак, які нарадзіўся ў в. Мачулішча Крупскага раёна (з той яго часткі, якая бліжэй да Халопенічаў), прысвяціў роднай вёсцы — а па сутнасці, і ўсім іншым Мачулішчам — вось такія прыгожыя радкі (1962 г.):
Мачулішча…
Відаць, і пры Ярыле
Ільны ў нас сеялі,
Вымочвалі ў мачыле.
Бель-кужаль ткалі, пралі, вышывалі,
Кашулі ў кайстры
Напамінкам клалі.
…Спадаюць ручаінкі —
Дзве дарожкі:
Блакітны лён і васількі-валошкі —
Узор няхітны,
Вышыты табою,
Што дзень і ноч не ведалі спакою…
Завіхалася ды шчыравала,
Абдымала ды мілавала…
О, рукі,
Рукі ў ільняной старонцы, —
Духмянасць поля і гарачнасць сонца.
Мачулішча — блакіт палёў-
Нябёс —
Блакіт вачэй — блакіт туманны
Слёз.
Каментары
Мачулішча vs "мочить" в значении избивать-убивать (военный аэродром)
а параўнайце шчэ значэнне слова "строй", якое аднолькава пішацца і гучыць па-беларуску і па-расейску, але..
у беларусаў "строй" - гэта традыцыйны народны касцюм, а ў расейцаў "строй — способ расстановки военнослужащих формирований, вооружения и военной техники (войск и сил)"
Назва падобная на "мачу ляшча", і таму расейскаму ламаччу адмачылі такога ляшча па "галаве", што яно яшчэ не хутка адновіць сваю забойчую актыўнасць.