Ролікі з конкурсу «Міс Крычаўцэментнашыфер» зайшлі ў тыктоку — больш за паўмільёна праглядаў
3 сакавіка ў крычаўскім ДК «Цэментнік» выбралі самую цудоўную дзяўчыну ААТ «Крычаўцэментнашыфер». Міма гэтай падзеі не прайшла ў свой час і «Наша Ніва», але аказалася, што конкурс са складанай назвай не пакінуў абыякавымі і карыстальнікаў сацсетак, піша «Камсамольская праўда».
Карыстальніца тыктока @fox_look_krychaw апублікавала ў сацсетцы некалькі ролікаў з заводскага конкурсу прыгажосці. Самым папулярным стаў кароткі ролік з дэфіле ўдзельніц. Гэта відэа літаральна ўзарвала тыкток — амаль 600 тысяч праглядаў, больш за 5000 лайкаў і яшчэ каля 1000 каментарыяў.
Яшчэ да падвядзення вынікаў карыстальнікі сацсеткі самі вызначылі, каму б з дзяўчат яны аддалі карону каралевы прыгажосці. Больш за ўсё станоўчых ацэнак ад інтэрнэт-карыстальнікаў атрымала адна з удзельніц: «Першая як каралева! Выйшла пад фанфары і самаацэнка ў яе вышэйшая, чым у астатніх».
Праўда, дзяўчына пад нумарам 1, якую ў асноўным адзначалі каментатары, перамогу не атрымала. Затое Аксане Белавусавай дастаўся тытул «Міс глядацкіх сімпатый», а таксама перамога ў намінацыі «Міс чароўнасць». А «Міс Крычаўцэментнашыфер-2023» стала ўдзельніца пад нумарам 3, Ларыса Падлягаева. Дзяўчына працуе інжынерам-будаўніком аддзела капітальнага будаўніцтва ААТ «Крычаўцэментнашыфер».
Паведамляецца, што конкурс прыгажосці на Крычаўскім прадпрыемстве апошні раз праводзілі больш за 15 гадоў таму. У 2023-м яго было вырашана аднавіць, запрасіўшы для ўдзелу дзяўчат і з філіялаў завода. У ім удзельнічалі дзевяць прыгажунь.
Каментары