20-гадовую Аліну Гораву затрымалі 27 сакавіка ў Круглым. Дзяўчыну абвінавачваюць паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). І мала таго, што трымаюць у звычайных нялюдскіх умовах, але і не аказваюць неабходнай медыцынскай дапамогі.
Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», спачатку дзяўчыну ўтрымлівалі ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання ў жорсткіх умовах: у камеры было холадна, даводзілася спаць на дошках, а накрывацца было забаронена нават сваім адзеннем. Праз гэта ў Аліны Горавай абвастрыліся хранічныя захворванні нырак і жаночых органаў.
Увечары 30 сакавіка Аліне стала кепска, таму ёй выклікалі хуткую дапамогу. Сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, бо нібыта ў СІЗА, куды яе павінны былі перавесці, ёсць дзённы стацыянар.
У магілёўскай турме Аліне ў медыцынскай дапамозе адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы: турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і шпіталізаваць.
На 10-ы дзень стан Аліны стаў яшчэ горшым, болі ўзмацніліся, запаленне прагрэсуе, на лячэнне надзеі няма, распавядае dissident.by.
Аліну Гораву затрымалі 27 сакавіка падчас «аблавы» ў Круглым за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Увечары 27 сакавіка яна пайшла ў Следчы камітэт для дачы паказанняў у якасці сведкі па крымінальнай справе аб удзеле ў мірных акцыях пратэсту і на волю ўжо не выйшла.
Каментары