Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Валерый Залужны паведаміў, што правёў сустрэчу ў пашыраным складзе з вярхоўным галоўнакамандуючым Аб'яднаных узброеных сіл НАТА ў Еўропе — камандуючым УС ЗША ў Еўропе генералам Крыстаферам Каволі.
«Падрабязна расказаў пра аператыўную абстаноўку па ўсёй лініі фронту. Апісаў магчымыя сцэнары, пагрозы і перадумовы для будучых дзеянняў.
Ставім сабе мэту — падрыхтавацца так, каб максімальна выканаць пэўныя задачы.
Асобна спыніліся на важнасці своечасовых паставак у дастатковай колькасці боепрыпасаў і тэхнікі. Звярнуў увагу на неабходнасць надання Украіне шырокага спектру ўзбраення і сістэм супрацьпаветранай абароны, якія істотна дапамогуць развязаць праблемныя моманты ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі», — паведамляецца ў тэлеграм-канале Залужнага.
Таксама бакі абмеркавалі пытанні далейшага навучання ўкраінскіх вайскоўцаў абыходжанню з заходняй зброяй.
Каментары