Гісторыя1414

«Зненавідны». Што ўяўляе сабой Крэмль. І чым незвычайны Сенацкі палац, які сёння атакавалі беспілотнікі

Крэмль, які сёння ноччу спрабавалі атакаваць беспілотнікі, мае важнае сімвалічнае значэнне ў расійскай традыцыі. У Беларусі, Украіне, Польшчы былі замкі, у Расіі — крамлі. Дарэчы, нават паходжанне гэтага слова дагэтуль не растлумачанае. Але ў нашым сённяшнім артыкуле гаворка пойдзе пра іншае.

Крэмль, які ў XVIII стагоддзі, як сімвал архаічнасці расійскага ўкладу і адмежаванасці ад цывілізаванага заходняга свету, ледзь не быў знішчаны, у XX стагоддзі стаў сімвалам таталітарнай улады, а ў пачатку XXI стагоддзя — новай пуцінскай імперыі. Фота: Wikimedia Commons

Кацярына II, якая ўзышла ў 1762 годзе на расійскі трон, была поўная ідэй і запалу ператварыць велізарную імперыю ў асвечаную еўрапейскую краіну. Падчас аднаго з візітаў са збудаванага Пятром І прагрэсіўнага Пецярбурга ў Маскву імператрыца адзначыла, што «град сей древний, что театральная храмина: пышность и золото слепят очи, а за кулисами пыль да грязь».

У 1768 годзе архітэктар Васіль Бажэнаў прапанаваў праект новага Крамлёўскага палаца ў класіцыстычным стылі. Пад карпусы новага комплексу планавалася знесці частку будынкаў XV—XVI стагоддзяў. Маштабная задума Бажэнава адпавядала жаданню Кацярыны II пераканаць еўрапейскіх саюзнікаў у заможнасці дзяржавы напярэдадні чарговай вайны з Турцыяй. Як кажуць, праз такую рэканструкцыю Крэмль, сярэднявечная крэпасць, мусіў ператварыцца ва ўнікальны архітэктурны помнік, параўнальны з міфалагічным Акропалем. Комплекс праектаваўся як грандыёзны грамадскі цэнтр з тэатрам і авальнай плошчай для народных сходаў, да якой павінны былі сыходзіцца ўсе вуліцы Крамля.

Дарэчы, наконт паходжання слова «крэмль» мовазнаўцы дагэтуль спрачаюцца. Слова «крэмль» выводзяць ад расійскага «кромка» — край, мяжа. Або ад блізкага яму «кремь» — «частка лесу, дзе растуць найлепшыя дрэвы».

Графічная рэканструкцыя ансамбля Маскоўскага Крамля па праекце Васіля Бажэнава

Бажэнаў пераканаў імператрыцу знесці частку крамлёўскай сцяны «па Маскве-рацэ ад царквы Дабравешчання да царквы Пятра Мітрапаліта». Гэта дазволіла архітэктару адкрыць від на новы палац з боку Замаскварэчча. Але калі пачалі капаць катлаваны пад новыя велізарныя будынкі, то па сценах крамлёўскіх сабораў пайшлі расколіны. 

Разабраныя сцены Крамля. Малюнак В. Бажэнава

Кацярына тады ўжо кіравала Расійскай дзяржавай больш за дзесяць гадоў. Падзеі, якія адбыліся за гэты час, істотна паўплывалі на яе светапогляд. Адной з такіх падзей сталі маскоўскія чума і бунт 1771 года. Разумеючы хісткае становішча нямецкай прынцэсы на чале Расіі, яна стала больш узважана прымаць рашэнні і перагледзела сваё стаўленне да мегаламанскіх праектаў Бажэнава. 

Паўстанне Емяльяна Пугачова і вайна з Турцыяй увогуле зрабілі працяг рэалізацыі праекта немэтазгодным. Імператрыца, якая і так не любіла былую сталіцу, цалкам страціла да маскоўскага праекта цікавасць, але пэўны час фінансаванне ва ўрэзаным выглядзе працягвалася. Хутка грошы скончыліся зусім, і ў 1775 годзе работы канчаткова спынілі.

Экспертыза, накіраваная Кацярынай на будоўлю, вынесла вердыкт пра немагчымасць будаўніцтва новага палаца ў той частцы Крамля, якая была прапанавана Бажэнавым. Абражаны Бажэнаў адмовіўся дэмантаваць ужо пабудаванае, перадаўшы гэтую справу іншаму архітэктару. Матэрыялы для амбіцыйнага комплексу пайшлі на аднаўленне нядаўна разабранай крамлёўскай сцяны. 

Адбудова сцен і вежаў Крамля завяршылася па праекце Мацвея Казакова толькі праз сем гадоў. Цікава, што Казакоў таксама здолеў узгадніць у 1776 годзе свой праект Сенацкага палаца Крамля — акурат таго, над якім ці то быў збіты, ці то ўзарваўся беспілотнік сёння ноччу.

Сенацкі палац Крамля быў збудаваны пры Кацярыне ІІ. Фота: Wikimedia Commons

На купале Сената першапачаткова стаяла статуя Святога Георгія, затым статуя Справядлівасці, якая была разбураная французскімі войскамі ў 1812 годзе. Нарэшце на купале з’явіўся слуп з царскай каронай і надпісам «Закон».

Праект будынка Сената ў Крамлі. 1776—1784 гады. Крыніца: Расійская дзяржаўная бібліятэка

У 1918 годзе ў Сенацкі палац пераехаў з Петраграда Уладзімір Ленін, а таксама Палітбюро і Савет народных камісараў. Слуп з царскай каронай знеслі, яго месца заняў флагшток са сцягам Савецкай Расіі.

У 1990-х будынак Сената рэканструяваны пад рэзідэнцыю прэзідэнта Расіі. Цяпер на флагштоку круглы год лунае Штандар прэзідэнта Расіі, у які і цэліў дрон уначы з 2 на 3 мая.

Сенацкі палац, рэзідэнцыя прэзідэнта Расіі, знаходзіцца з боку Краснай плошчы і Маўзалея Леніна. Фота: Wikimedia Commons

На тэрыторыі Крамля знаходзяцца музеі, саборы і адміністрацыйныя будынкі.

Маскоўскі Крэмль, які ў XVIII стагоддзі, як сімвал архаічнасці расійскага ўкладу і адмежаванасці ад цывілізаванага заходняга свету, ледзь не быў знішчаны, каб адкрыць дарогу ўвасабленню абноўленай і адкрытай Расіі, ізноў здабыў важнае ідэалагічнае значэнне ў XX стагоддзі, ужо як сімвал цэнтра таталітарнай улады, а ў пачатку XXI стагоддзя — як сімвал новай пуцінскай імперыі, якая замахнулася на панаванне над Еўропай. Такое сімвалічнае значэнне робіць яго адным з самых зненавідных архітэктурных комплексаў у свеце.

Каментары14

  • Лол
    04.05.2023
    Апошні слупок поўны супярэчлівых думак. Маскоўскі Крэмль пабудаваны італьянцамі - сімвал архаічнасці, імперскі класіцызм Казакова/Бажэнава - сімвал Расеі адкрытай свету. А сама прывінцыяльная немка Кацярына,- свет у цемры маскоўскага царства. Ну такое... Па-другое, не ўпэўнены, што гэта самы зненавідны комплекс у свеце. Нават украінскі дрон цэліў не ў палацавы вестыбюль, а канкрэтна ў прэзідэнцкі штандар і нікуды болей. Што да самаго комплексу, то я не бачыў нават у самых зацятых "русафобаў" жадання знішчэння Крамля, як архітэктурнага комплекса. Гэта нікому нецікава, улічваючы мастацкую вартасць ансамбля, каторы сапраўды ўнікальны і прыгожы. Хіба што Гітлер хацеў яго знішчыць. Той усё нішчыў, разам з Саветамі. Ён і Парыж хацеў знішчыць, бо зайздросціў французскай архітэктуры. Але не паспеў, хоць каманду такую даў. А вось пра дэзінтэграцыю РФ, пра гэта гавораць сёння многія. А Крэмль няхай стаіць сабе і нагадвае свету пра амбіцыі, каторыя не спраўдзіліся. Дарэчы, Саветы ў крамлі таксама добра нагадзілі, колькі там будынкаў парушана, колькі сабораў знішчана. Крэмль для расіянаў павінен стаць люстэркам уласнай гісторыі, падручнікам і проста месцам для рэлаксу моладзі і турыстаў, без дзяржаўных установаў унутры Крамля.
  • Акинфей
    04.05.2023
    Dr. Someone, так а почему в мове нет слова Кремль?
  • Valadzimir
    04.05.2023
    [Рэд. выдалена]

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Усе навіны →
Усе навіны

Ва ўзросце 112 гадоў памёр самы стары мужчына ў свеце1

Пачалі судзіць пажарнага, які публічна звольніўся ў 2020 годзе

Украінскія разведчыкі эвакуявалі з вострава Змяіны 15 кацянят ФОТЫ1

Пратэстоўцы ўвайшлі ў Ісламабад, дзе цяпер з візітам Лукашэнка. Пачаліся беспарадкі і страляніна38

Міністр спорту Кавальчук выйграў расійскі-беларускі турнір па більярдзе ФОТАФАКТ2

Яшчэ каля 800 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за паўгода. Праверце сябе і блізкіх2

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне5

Памёр былы рэгіянальны начальнік КДБ Іван Корж12

У Хойніцкім раёне воўк напаў на вартаўніка, а потым на міліцыянераў, якія прыехалі на выклік1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Галоўнае
Усе навіны →