9-ы раз фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» пройдзе ў гэтым годзе з 13 па 26 лістапада. Ён зноў адбудзецца ў гібрыдным фармаце: online для ўсіх і offline ў некалькіх краінах свету. Галоўная тэма «Ззяння-2023» пакуль застаецца загадкай.
Нягледзячы на рэпрэсіі і немагчымасць ладзіць кінафестываль на радзіме, «Паўночнае ззянне» ні разу не пераставала ззяць для беларусаў і беларусак і стала для многіх штогадовай традыцыяй. Дзявяты год запар каманда фэсту збірае і паказвае гледачам унікальныя фільмы, створаныя ў краінах Скандынавіі, Балтыі і Беларусі.
У 2022 годзе кінафестываль часткова вярнуўся ў афлайн і сабраў поўныя залы ў Таліне і Вільні, а ахвотных глядзець фільмы фэсту online набралася больш за 2 тысячы чалавек. Таксама летась «Паўночнае ззянне» дэманстравала спецыяльную праграму «Ukraine mon amour», у якую ўвайшлі фільмы, зробленыя ў супрацоўніцтве паміж Украінай і Нардычнымі і Балтыйскімі краінамі. Такім чынам каманда фестывалю падтрымала смелую барацьбу Украіны за свабоду i супраць расійскай агрэсіі.
У 2023 годзе «Ззянне» зноў рыхтуе для сваіх гледачоў яскравую кінапраграму і працуе над стварэннем бяспечнай і даступнай прасторы ў online і offline ў Таліне, Вільні і Стакгольме.
Аднак на працягу некалькіх гадоў кінафэст «Паўночнае ззянне» існуе «насуперак». І папраўдзе мае патрэбу ў падтрымцы сваіх гледачоў і глядачак. Каб у лістападзе вы зноў змаглі адкрыць для сябе новыя фільмы, паслухаць займальныя дыскусіі пра кіно і жыццё — падтрымайце дзейнасць фэсту данатам.
Сачыце за навінамі «Паўночнага ззяння» ў сацыяльных сетках Instagram, Telegram, FB, каб не прапусціць аніводнага цікавага моманту, і захавайце даты з 13 па 26 лістапада 2023 года ў сваім календары!
Каментары