«Назваў Эманюэля словам з чатырох літар, першая — «С». Борыс Джонсан моцна вылаяўся на Макрона
Борыс Джонсан, калі быў прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі, у вузкім коле набліжаных назваў Эманюэля Макрона лізаблюдам Пуціна, пасля чаго нецэнзурна вылаяўся ў адрас французскага прэзідэнта, распавёў супрацоўнік былога кіраўніка брытанскага ўрада.
У сваім падкасце Unprecedented Гута Хары, які займаў пры Джонсане пасаду кіраўніка аддзела па сувязях з грамадскасцю ўрада Вялікабрытаніі, паведаміў, што гэта адбылося пасля таго, як французскі прэзідэнт паехаў у Маскву на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у лютым 2022 года, дзе сядзеў з ім за незвычайна доўгім сталом, піша Бі-бі-сі.
«Напружанасць паўстала на раннім этапе, калі такія людзі, як Эманюэль Макрон, прэзідэнт Францыі, паехалі ў Маскву, каб гаварыць з Пуціным. Па-мойму, Борыс у прыватным коле назваў гэта ванітным. А Макрон, я мяркую, у сваю чаргу адчуваў напружанне праз тое, што Борыс больш за ўсіх стараўся дапамагчы Украіне ў вайсковым плане. А калі брытанская прэса адчытвала наш урад за слабую рэакцыю на крызіс з бежанцамі [ў першыя тыдні вайны], Макрон падліў масла ў агонь, раскрытыкаваўшы Борыса, і яго словы былі на ўсю першую паласу, здаецца, газеты Guardian у пятніцу», — сказаў Гута Хары.
Першапачаткова ўлады Брытаніі хацелі, каб жыхары Украіны, у якіх ёсць сваякі ў Вялікабрытаніі, падавалі дакументы на брытанскія візы асабіста ў пасольствах Бруселя і Парыжа, у той час як патокі людзей спрабавалі выбрацца з краіны пасля раптоўнага нападу Расіі.
Макрон заявіў, што Брытанія шмат абяцае, але мала робіць, і дадаў: «Я толькі спадзяюся, што калі мужчыны і жанчыны, якія перажылі жах і перасеклі Еўропу, каб дабрацца да сваіх сваякоў у Вялікабрытаніі, да іх дабяруцца, там да іх паставяцца лепш, [чым на этапе з візамі]».
Як распавядае Гута Хары, Борыс пасля гэтага зусім выйшаў з сябе, нягледзячы на тое, што па словах яго дарадцы, ён звычайна не схільны да праяў гневу і моцных выразаў.
Хары сцвярджае, што прэм'ер-міністр назваў Макрона словам з чатырох літар, якія пачынаюцца на «C», — вельмі бруднай лаянкай, максімальна абразлівай у англійскай мове, а таксама «адмарозкам» і «пуцінскім лізаблюдам».
«Нам трэба надаваць па мордзе гэтым жабнікам», — нібыта сказаў Джонсан, дадаўшы яшчэ некалькі віртуозных выразаў на тую ж тэму.
Па словах Хары, падобны чорны «гумар шыбеніка» быў, відавочна, нічым іншым, як механізмам, які дазваляе псіхіцы справіцца з крызісам ад усведамлення пачатку вялікай вайны ў Еўропе.
Праз некалькі тыдняў яны, вядома ж, памірыліся. Яны вельмі добра паладзілі. Нават разам выпілі віскі на саміце «Вялікай сямёркі», сказаў Гута Хары.
У атачэнні Борыса Джонсана пакуль не каментавалі слоў яго былога дарадцы.
Каментары