Уначы 30 мая жыхары Масквы і Падмаскоўя пачулі выбухі. Як паведамляюць расійскія медыя, адбылася атака беспілотнікамі. Два з іх трапілі ў шматпавярховікі ў Маскве. Пацярпелых, па папярэдніх даных, няма. Паводле Baza, у атацы ўдзельнічалі каля 25 беспілотнікаў.
Паводле інфармацыі Baza, выбух адбыўся каля 4-й гадзіны раніцы ў шматпавярхоўцы на вуліцы Атласава ў Новай Маскве, піша Baza.
Паведамляецца, што здарэнне адбылося на 25-м паверсе, у некалькіх кватэрах вылецелі шыбы.
Жыхары дома, у якім адбыўся выбух, выявілі прадмет, падобны да крыла беспілотніка. Паводле версіі паліцэйскіх, адзначае выданне, якраз ён мог стаць прычынай выбуху.
Пацярпелых у выніку інцыдэнту няма.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін пацвердзіў атаку дронамі ў Маскве, некалькі будынкаў, з ягоных слоў, атрымалі «нязначныя пашкоджанні», «ніхто сур'ёзна не пацярпеў».
Як піша ТАСС, беспілотнік мог урэзацца ў шматпавярховы жылы дом у Новай Маскве. Па даных Mash, надзвычайнае здарэнне адбылося ў раёне 4:30 раніцы, удар прыйшоўся ў сцяну тэхнічнага паверха над вокнамі кватэры. Аскепкі, кавалкі бетону і даху ўпалі на зямлю. Расійскія медыя ўдакладняюць, што гаворка ідзе пра 24-павярховым жылы дом на вуліцы Атласава ў Новай Маскве.
Таксама іншы беспілотнік урэзаўся ў жылы дом у Маскве на Прафсаюзнай вуліцы, як пішуць медыя. Разбураны фасад і шкленне дома. БПЛА заляцеў у кватэру масквічкі на 16-м паверсе і разбіў акно. Папярэдне, пацярпелых няма. Жыхароў трох пад'ездаў дома эвакуююць.
Выбухі былі чутныя таксама ў Адзінцова, Краснагорску, у раёне Новай Рыгі, Барвісе.
Як піша Baza, больш за дзесяць беспілотнікаў збітыя ў Падмаскоўі за сённяшнюю раніцу, большасць з іх — у Істрынскім, Краснагорскім і Адзінцоўскім раёнах.
Таксама выданне піша пра тое, што некалькі беспілотнікаў збітыя над Істрай у Падмаскоўі. Нібыта беспілотнікі ляцелі ў бок Новай Рыгі пад Масквой.
Па інфармацыі Baza, у атацы на Маскву ўдзельнічала каля 25 беспілотнікаў. Большая частка была збітая сіламі СПА ў Падмаскоўі, частка дронаў зачапіліся за дрэвы і правады. Тры БПЛА ўрэзаліся ў жылыя дамы, адзін з беспілотнікаў нёс выбуховыя прылады, якія не здэтанавалі. Ніводны з іх не нанёс вялікай шкоды.
Каментары