Кафкіянская імперыя і яе метады. 200 гадоў з пачатку «працэсу філаматаў і філарэтаў»
У канцы чэрвеня 2023 года спаўняецца роўна 200 гадоў з таго моманту, як у Вільню з Варшавы прыбыў расійскі сенатар Мікалай Навасільцаў, другая пасля Канстанціна Паўлавіча, брата цара Аляксандра І, асоба ў створаным расійскімі ўладамі Царстве Польскім, фактычна царскі намеснік. Распачалася дзейнасць следчай камісіі па справе аб таемных таварыствах студэнцкай і гімназічнай моладзі ў Віленскай навучальнай акрузе — гэтак званы «працэс філаматаў», які стане легендай, важным элементам нацыянальных міфаў некалькіх народаў Рэчы Паспалітай, дзякуючы ў значнай ступені ІІІ частцы рамантычнай паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды», піша Алесь Белы.
Гэта быў першы працэс такога маштабу на нядаўна «ўз’яднаных» з Расійскай Імперыяй землях. Нічога падобнага не адбывалася пасля разгрому напалеонаўскай авантуры 1812 года — тады цар на дзіва літасціва абышоўся з тымі, хто выступіў супраць яго масава, адкрыта і са зброяй у руках у складзе «Вялікай арміі». Але прайшло ўсяго 10 гадоў, і сітуацыя істотна змянілася: на захопленыя землі імперыя, умацаваўшыся, пачала глядзець як на свае, паступова адкідаючы адну норму прыстойнасці за другой.
Слова «працэс», якім прынята называць гэтае дзейства, не павінна ўводзіць у зман. Гэта не быў судовы працэс з тымі яго атрыбутамі, якія мы сабе стэрэатыпна ўяўляем: абвінавачанне ад дзяржаўнага пракурора, адвакацкія дзеянні ў абарону, апошняе слова абвінавачванага, вырак суддзі. І знаку ўсяго гэтага не было. «Працэсам» справа філаматаў і філарэтаў была толькі ў кафкіянскім сэнсе.
А яшчэ ў ёй лёгка пазнаць рысы кіпучай працы сталінскіх «троек» і нястомнай дзейнасці лукашэнкаўскай карнай сістэмы. І калі мы хочам зразумець усю сутнасць расійскай імперскай улады, якая так і не выпускае нас са сваіх мядзведжых кіпцюроў, нам трэба заўжды памятаць гэты самы першы «працэс». Дакладней, разумець без ніякіх ілюзій, што сёння гіганцкі імперскі ўдаў гэтаксама спрабуе ператравіць нашу незалежнасць і культурную адметнасць.
Адвакатаў у Расійскай Iмперыі ў тыя часы не было, яны з’явяцца значна пазней. А сенатар Навасільцаў выконваў адразу тры функцыі: следчага, пракурора і суддзі першай інстанцыі. Ён у выніку склаў і праект выраку, які быў потым зацверджаны царом. У «Дзядах» Міцкевіча Навасільцаў выяўлены як увасабленне абсалютнага Зла і адначасова як эталонны Расеец. У рэканструяваным паэтам сне сенатара чэрці ўжо нясуць яго душу ў пекла, але Вельзевул загадвае ім вярнуць яе назад, каб тая зрабіла яшчэ болей зла і трапіла ў належнае ёй месца з большымі «заслугамі». Але вырак будзе абвешчаны толькі ў жніўні 1824-га. Пакуль жа варта ўспомніць, на якім фоне разгортваўся славуты працэс і што паслужыла штуршком да яго пачатку.
Колькі гадоў таму Навасільцаў быў яшчэ бліжэйшы да цара, уваходзіў у самае блізкае кола ягоных давераных асоб. Пасада фактычнага намесніка Царства Польскага была хоць і вельмі высокай, але мела ў сабе нешта ад пачэснай ссылкі.
У ссылцы сенатар быў схільны вінаваціць сярод іншых князя Адама Чартарыйскага, куратара Віленскай навучальнай акругі — багатага і ўплывовага польскага арыстакрата, лідара тых колаў, якія імкнуліся хоць у якой форме адрадзіць Рэч Паспалітую, хай нават пад уладай расійскага імператара, на якога Чартарыйскі пэўны час меў даволі вялікі ўплыў. Зрэшты, зорны час Чартарыйскага ў імперскай іерархіі таксама мінуў, але ў вачах рускіх шавіністаў, якія з падазрэннем глядзелі на палітычны флірт «ліберальнага» цара з палякамі і ліцвінамі, ён быў злавесным увасабленнем «польскай інтрыгі».
Навасільцаў шукаў шанец даказаць цару, што ўсе патуранні, зробленыя няўдзячным палякам, — асобнае Царства Польскае з вельмі ліберальнай Канстытуцыяй (якая, зрэшты, заставалася пераважна на паперы), паланізацыя адукацыі ў Віленскай навучальнай акрузе і пэўнага кшталту «культурная аўтаномія», якой па інерцыі працягвала карыстацца шляхта далучаных земляў — гэта вялікая палітычная памылка, якая пагражае цэласнасці імперыі.
І тым самым ён думаў вярнуць сабе давер цара. Зрэшты, апроч гэтай «вялікай» мэты, у Навасільцава па жыцці заўжды быў набор драбнейшых. У кожнай такой справе ён бачыў магчымасць таксама і пажывіцца асабіста. Заўжды ж можна трохі змягчыць пакаранне нейкаму другараднаму «крамольнаму» персанажу за грошы або за канфідэнцыйныя жаночыя паслугі, на якія ён быў асабліва ласы. У Варшаве яго называлі «сумессю Бахуса з сатырам». Не раз ён пачынаў свой службовы дзень з ліловым ад выпітага ўначы тварам. У польскай сталіцы яго пачалі ўспрымаць як галоўнага царскага сатрапа і люта ненавідзець яшчэ да справы філаматаў.
Спіраль гэтай трагічнай гісторыі пачала раскручвацца 3 мая 1823 года, у чарговыя ўгодкі Канстытуцыі 1791 года. На перапынку паміж урокамі 15-гадовы вучань Віленскай гімназіі Міхал Плятэр, стрыечны брат будучай гераіні паўстання 1830—1831 года Эміліі Плятэр, напісаў на дошцы: «Віват Канстытуцыя 3 мая!» Пад гэтым нехта дадаў: «О, які мілы для ўсіх нас успамін!» І яшчэ нехта: «Але няма каму пра гэта ўспомніць».
Вінаватых хутка знайшлі, запалохалі ссылкай у Сібір (што не было, як паказваюць далейшыя падзеі, пустой пагрозай) і наклалі дысцыплінарныя пакаранні. Можа, усё б так і заглухла, але менш чым праз тыдзень «графіці» ў гонар Канстытуцыі і з пагрозай «смерці дэспатам» з’явілася і на муры дамініканскага кляштара, які служыў таксама і бурсай — студэнцкім інтэрнатам тых часоў. Надпіс па-польску з граматычнымі памылкамі дагэтуль пакідае ў гісторыкаў падазрэнне, ці насамрэч яго пакінула вучнёўская моладзь, ці гэта была правакацыя тагачасных «губазікаўцаў». У кожным разе справе далі ход.
Губернатар Аляксандр Рымскі-Корсакаў напісаў рапарт вялікаму князю Канстанціну Паўлавічу ў Варшаву, што, маўляў, мясцовая моладзь замест таго, каб грызці «граніт навукі», складае змовы, каб отторгнуть спрадвеку рускія землі на карысць падступнай Польшчы. Распусціліся некаторыя! З намёкам на Чартарыйскага. Гэты рапарт для Навасільцава стаў сапраўдным падарункам. У Варшаве ён не раз спрабаваў калі не адшукаць, дык сфабрыкаваць падобную змову, але ніяк не ўдавалася. Скончыўшы самыя пільныя справы, ён выправіўся ў Вільню, паціраючы рукі ў прадчуванні спажывы.
Дыму без агню не бывае. Патрыятычныя настроі мясцовай моладзі, і ўніверсітэцкай, і гімназічнай, былі не зусім спантаннымі і разрозненымі. Але, хутчэй, вынікалі з дзейнасці таварыстваў філаматаў і філарэтаў за апошнія шэсць гадоў.
Звычайна гэтыя таварыствы называюць «таемнымі», але ў такім азначэнні фактычна паўтараецца начэплены расійскімі карнікамі ярлык. Сапраўды таемным было адносна вузкае таварыства філаматаў, заснаванае ў кастрычніку 1817 года Адамам Міцкевічам, Ануфрыем Петрашкевічам і Юзафам Яжоўскім. А ўжо даччынае таварыства «Прамяністыя», у якое ўваходзіла амаль 200 чалавек, пэўны час нават дзейнічала легальна, пазнаёміўшы рэктара ўніверсітэта са сваім статутам, як «Таварыства сяброў карыснай забавы» на чале з Тамашом Занам. Яны былі вонкава прыкметныя ўсёй Вільні праз маёўкі, якія праводзілі ў Паплавах у маі-чэрвені 1821 года. Праўда, рэктарат і біскупская курыя вельмі негатыўна паставіліся да дзейнасці таварыства, і яно было распушчана.
Пазней, у 1822-м, па гэтай справе праводзілася следства, якім кіраваў акурат Адам Чартарыйскі, і яно пастанавіла лічыць «прамяністых» таемным таварыствам. Але так як і спробы легалізацыі адмаўляць было нельга, і нічога рэальна крымінальнага ў дзейнасці ўгледзець немагчыма, ніякіх рэпрэсій тым разам не было. Праўда, «прамяністыя» не зусім падпарадкаваліся загаду аб роспуску і працягвалі дзейнічаць пад старшынствам таго ж Зана як ужо сапраўды таемнае Таварыства філарэтаў. І хаця ў яго дзейнасці ўжо досыць моцна былі відаць патрыятычныя матывы, ніякіх практычных антыўрадавых дзеянняў, не кажучы пра нейкія збройныя ці іншыя падрыўныя практыкаванні, не было ані знаку.
Так што Навасільцаў, па сутнасці, «знайшоў сякеру пад лавай». Маштабная «змова» з сотнямі ўдзельнікаў, выкрытая ім, была фірмовым прадуктам расійскай карнай сістэмы, дзейнасць якой у Беларусі пасля невялікага перапынку мы назіраем асабліва яскрава з 2020 года.
З аднаго боку, кіраванне самай вялікай у свеце сухапутнай імперыяй немагчыма без празмернай жорсткасці і запалохвання, таму што кіраваць «тонка» і дыферэнцыявана столькімі моцна адрознымі і аддаленымі народамі бюракратычнай машыне немагчыма. З другога боку, асабістыя інтарэсы канкрэтных высокапастаўленых карнікаў спакушаюць іх не столькі нават выкрываць «змовы», колькі ствараць іх у прасторы бюракратычнае адлюстраванне рэчаіснасці.
Першыя арышты прайшлі ў ліпені 1823-га, а пік іх прыйшоўся на восень. Усяго праз следчую камісію прайшло каля 300 чалавек. Падазраваных утрымлівалі ў васьмі віленскіх кляштарах, бо столькі месцаў у гарадской турме не было. Спісана каля 1000 аркушаў следчай справы, на дзейнасць следчай камісіі выдаткавана 100 тысяч тагачасных рублёў — гіганцкая сума ў час, калі селянін ці конь каштаваў рублі. Цікава, колькі з іх пайшло ў асабістую кішэню Навасільцава, ці не палова? Зрэшты, ніякія грошы там надоўга не затрымліваліся — ён хутка спускаў іх на п’яныя гулянкі і палюбоўніц. А адным з матываў ягонай атакі на Віленскі ўніверсітэт і ўсю навучальную акругу было атрыманне кантролю над іх немалым бюджэтам. Што яму і ўдалося — Чартарыйскі пасля няўдалай спробы заступіцца за абвінавачваных быў вымушаны падаць у адстаўку, а новым куратарам быў прызначаны менавіта верны Навасільцаў.
Арыштаваны ў верасні філарэт Ян Янкоўскі на допытах паведаміў пра існаванне Таварыства філарэтаў і назваў усе вядомыя яму імёны. Усе яны былі арыштаваныя (у тым ліку ў сіло трапілі і філаматы, якія дзейнічалі як філарэты, хаця пра існавання самога Таварыства філаматаў яшчэ не было вядома). Любое сведчанне пра датычнасць да філарэтаў служыла падставай для арышту.
Многія былі ўжо жанатымі або служылі ў аддаленых губернях ці нават за мяжой і адышлі ад любой формы «актывізму», але гэта ніяк не вызваляла ад адказнасці. Адам Міцкевіч фактычна не ўдзельнічаў у дзейнасці таварыстваў ад моманту свайго размеркавання настаўнікам у Коўна (1819), ён бываў у Вільні толькі наездамі. Сын былога рэктара Францішак Малеўскі жыў у Берліне — прускія ўлады арыштавалі яго на запыт Канстанціна Паўлавіча і перадалі Расіі. Імперыі, як і сёння, было важна прадэманстраваць, што ад яе нідзе немагчыма схавацца — і схаваць нават самі думкі пра нелаяльнасць да цара.
Пра вынікі працэсу мы падрабязней пагаворым у наступных частках нарыса, сінхронна юбілею яго асноўных этапаў, але ўжо цяпер варта сказаць, што ўвайшло ў выніковае абвінавачанне, якое стала часткай выраку, фармулёўкай «даказанай віны»:
- Сам удзел у таемных таварыствах. Па сутнасці, аналагічны беларускаму жупелу «дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі», які быў дэкрыміналізаваны на піку «лібералізацыі» другой паловы 2010-х, але вярнуўся з новай сілай у эпоху «не да законаў» з фармулёўкай удзелу, фінансавання і г. д. у «экстрэмісцкай» дзейнасці.
- Беззаконнае прыўлашчванне сабе самавольнага ўплыву на выхаванне моладзі. Канечне, не сям’я, не сяброўская супольнасць, не кнігі на роднай мове мусяць яе выхоўваць, а выключна адабраныя ўрадавай вертыкаллю бюракраты!
- Чытанне на сходах філарэтаў вершаў, не сумяшчальных з вернасцю расійскаму трону.
І за гэтую «жахлівую віну» былі паламаныя сотні лёсаў! Бо апроч 108 чалавек, прыгавораных урэшце да таго ці іншага пакарання, многія зламаліся нават ад самой дэманстратыўнай расправы.
Прафесар Міхал Баброўскі, зорка гістарычнай і філалагічнай навукі з агульнаеўрапейскай вядомасцю, якога часам называюць «першай ластаўкай» беларускага адраджэння, звольнены з універсітэта ў выніку працэсу 1823-1824 гадоў, здолеў праз два гады вярнуцца праз заступніцтва ўплывовых сімпатыкаў, але надалей ужо выказваў толькі лаяльныя да цара погляды і дзейсна прычыніўся да ліквідацыі ўніі ў 1839 годзе.
Такую ж трансфармацыю поглядаў, з тым жа саўдзелам у ганебных падзеях 1839 года зазнаў і занадта малады яшчэ Плацыд Янкоўскі, чый старэйшы брат трапіў пад каток рэпрэсій. А для многіх фармальна мяккае пакаранне абярнулася «вышэйшай мерай» — яны не вытрымалі жорсткіх умоў ссылкі або салдатчыны і загінулі неўзабаве пасля выгнання з радзімы — поўны спіс такіх ахвяр, здаецца, яшчэ не складзены.
Далей, як вядома, будуць паўстанні 1831 і 1863 гадоў, у прамежку паміж імі — справы Шымана Канарскага (1839) і Братняга саюза літоўскай моладзі (1849), нарадавольцы, тры расійскія рэвалюцыі, сталінскі тэрор… Пры абвяшчэнні беларускай незалежнасці ў 1991-м здавалася, што ўсё гэта засталося толькі ў падручніках гісторыі, якія не ўсім цікава было чытаць — столькі іншых спакуслівых магчымасцяў адкрылася раптам. А вось прайшло 30 гадоў і высветлілася што мы жывём, па сутнасці, у той самай эканамічна непаспяховай імперыі, якая трымаецца на рэпрэсіях, якой вечна «не да законаў», нават сваіх уласных. Вывучэнне працэсу 1823—1824 гадоў дае нам разуменне глыбока ўкаранёных, нязменных механізмаў функцыянавання Расійскай Імперыі, якія і замяняюць ёй законы. Але і пазітыўных урокаў з гэтага ганебнага працэсу ў далейшай гісторыі здабыта было нямала. У свой час мы паразмаўляем і пра іх.
Калі ў Беларусі з’явілася слова «дранікі»? Вы здзівіцеся, як позна
З чаго вараць і як называюць традыцыйныя беларускія супы
Кветка гэтага дня: залатыя ключыкі
Незвычайная гісторыя радзівілаўскіх палескіх спаніэляў
Разгаданая таямніца калдуноў графа Тышкевіча
Гефілтэ фіш, «рыба фіш». Захапляльная гісторыя стравы, якая з яўрэйскай кухні перайшла ў беларускую
Каментары