Генпракуратура распачала крымінальную справу аб злачынстве супраць чалавецтва за жорсткае абыходжанне з мігрантамі на мяжы з Літвой
Генеральная пракуратура Беларусі абвясціла пра новую крымінальную справу. Паводле афіцыйнага прадстаўніка Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Анжалікі Курчак, справа заведзеная за жорсткае абыходжанне з мігрантамі на літоўскай мяжы.
«Па фактах грубага парушэння літоўскім бокам патрабаванняў міжнароднага права, якія вызначаюць грамадзянскія і палітычныя правы бежанцаў, дэпартацыі і неабгрунтаванага прымянення да мігрантаў фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, наўмыснага неаказання ім медыцынскай дапамогі, што пацягнула цяжкія наступствы, у тым ліку смерць бежанцаў, Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу аб злачынствах супраць бяспекі чалавецтва па арт. 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», — сказала Курчак.
Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальная справа накіраваная ў Следчы камітэт.
Мігранцкі крызіс, справакаваны беларускімі ўладамі, разгарэўся ў 2021 годзе. Тады тысячы мігрантаў з Азіі і Афрыкі спрабавалі патрапіць у краіны ЕС.
Краіны-суседзі занялі жорскую пазіцыю і не пусцілі мігрантаў да сябе. Пазней яны абаранілі мяжу тэхнічнымі сродкамі і высокім плотам. Але спробы незаконна перабрацца ў ЕС з боку Беларусі не спыняюцца, хоць і ў меншым маштабе.
Каментары
Блазаны))