30 чэрвеня ў Мінскім епархіяльным упраўленні адбылася сустрэча кіраўніка БПЦ Маскоўскага патрыярха, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна са спецыяльным пасланнікам Папы Рымскага, прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў архіепіскапам Клаўдыа Гуджэроці і Апостальскім нунцыем у нашай краіне архіепіскапам Антэ Ёзічам.
У ходзе гутаркі бакі абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння БПЦ і Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, як паведамляе прсэс-служба БПЦ. Іншыя падрабязнасці не прыводзяцца.
Клаўдыа Гуджэроці прыбыў у Беларусь 28 чэрвеня. Яго Папа дэлегаваў на ўрачыстасці ў Будслаў з нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, якія адзначаюцца 30 чэрвеня і 1 ліпеня.
67-гадовы ватыканскі іерарх добра вядомы беларускім вернікам, бо з 2011 па 2015 год быў апостальскім нунцыем у нашай краіне. У той час ён неаднаразова браў удзел у Будслаўскім фэсце. Таксама Клаўдыа Гуджэроці спрычыніўся да вяртання ў краіну Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады ў 2020 годзе не пускалі назад.
Нунцый Гуджэроці неаднаразова маліўся на Дзяды ў Курапатах, а калі быў нунцыем у Вялікабрытаніі, перыядычна наведваў Беларускую бібліятэку імя Скарыны ў Лондане.
Каментары