Грамадства22

Стаяць 30 гадзін на польскай мяжы ці ехаць круг 700 км праз Літву?

З незвычайна вялікімі чэргамі на польскай мяжы сутыкнуліся беларусы, якія вяртаюцца дадому ў пачатку ліпеня. «Ганцавіцкі час» даведаўся, як гэта — стаяць больш за суткі на мяжы. А таксама сабраў досвед берасцейцаў, якія «псіханулі» і паехалі праз Літву.

Памежны пераход Шальчынінкай / Беняконі з Літвы ў Беларусь. 4-я гадзіна раніцы 2 ліпеня 2023 года

1 ліпеня 2023 года Сяргей і Павел з Брэста зрабілі патрэбныя закупкі ў Польшчы і ў выдатным настроі вярталіся да памежнага пераходу Цярэспаль. Засталося самае сумнае — пераехаць мяжу. Праўда, суразмоўцы «Ганцавіцкага часу» расказалі, што гэта рабілі не раз, ужо дасведчаныя.

«Але калі мы заехалі на мост над чыгункай ля Цярэспаля, настрой знік. Таму што такія чэргі бачылі, можа, у 1990-х. А ў наш час здараюцца вельмі рэдка — апошні раз, напрыклад, перад Новым годам. Машыны расцягнуліся ў калейку візуальна на 3 кіламетры», — падзяліўся Сяргей.

Чарга на мяжы Дарога да Цярэспаля па стане на 1 ліпеня 17.00

Але што зрабіць — сталі ў чаргу і Сяргей з Паўлам. Прастаялі гадзіны з тры і прасунуліся толькі паўдарогі да кальца.

«Кусцікі ў Цярэспалі завянуць»

У шматгадзіннай чарзе людзі прыстасоўваюцца бавіць час па-рознаму. Хтосьці топіць нуду ў алкаголі, хоць кіроўцы не могуць сабе гэта дазволіць. Многія пасажыры адкідваюцца і дрэмлюць. Адзін з тых кіроўцаў, хто стаяў каля суразмоўцаў «Ганцавіцкага часу», бедаваў, што батарэя ў тэлефоне села, а зарадкі ў машыне няма.

«Але цяжэй за ўсіх было тым падарожнікам, якія ехалі з дзецьмі. Вы можаце ўявіць, колькі разоў яны спыталіся: «Тата, хутка паедзем?» Арганізаваць пры дарозе ім нейкі занятак праблематычна і небяспечна. Людзі расказвалі, што сяк-так дзеці гулялі адно з адным ужо на самім памежным пераходзе», — кажа Павел.

Яшчэ адна праблема — спякота. У душнае надвор'е чалавек шмат п'е. Натуральна, яму трэба і месца, скажам так, для адпраўлення фізіялагічных патрэбаў.

«Бліжэй да хваста чаргі ля дарогі поле, але часам ёсць нейкія зараснікі кустоў. Вядома, многія, хто па меры прасоўвання калейкі да іх пад'язджалі, бегалі туды па патрэбе. Я думаю, кусцікі ў Цярэспалі завянуць такімі тэмпамі», — кажа Сяргей.

Як палічыць хуткасць руху чаргі

Павел і Сяргей сталі ў чаргу прыкладна а 15-й гадзіне вечара. Па карце чарга складала 3,4 кіламетра. Ацаніўшы, колькі яны прасунуліся да 20-й гадзіны, вандроўнікі зразумелі, што чарга рухаецца прыкладна 100 метраў у гадзіну.

Чаканне ў чарзе на польскай мяжы ў Цярэспалі 1 ліпеня 2023 года

Пры грубых падліках, спатрэбіцца 30 гадзін, каб толькі дабрацца да пагранперахода.

«Вядома, гэта ўмоўна. Часам чарга рухалася хутчэй, часам павольней. Людзі тэлефанавалі, скардзіліся на ўсякія гарачыя лініі, мо і гэта дапамагала. Але ў цэлым мы прыкінулі, што бедаваць тут на мяжы нам больш за суткі. І гэта за некалькі кіламетраў ад роднага Брэста», — кажа Сяргей.

Знаёмы Сяргея ў той жа дзень выехаў на мяжу ў гэтую чаргу а 5-й раніцы. А 19-й гадзіне вечара Сяргей патэлефанаваў яму, і той расказаў, што яшчэ знаходзіцца на памежным пераходзе. Значыць, не нашмат лепш справы ішлі і ў тых, хто рана ўстае.

«Аптымізму нам гэта не дадало. Але стала мільгаць трохі вар'яцкая думка: а ці не махнуць праз Літву?» — расказаў Сяргей.

Інтэрнэт у дапамогу

У месенджарах ёсць шмат чатаў, прысвечаных сітуацыі на розных пагранпераходах. Вядома ж, Павел і Сяргей сталі маніторыць, што адбываецца на іншых пунктах пропуску. На польска-беларускай мяжы застаўся адзін памежны пераход для легкавікоў — Цярэспаль. А каля Гродна мяжу закрылі польскія ўлады гэтай вясной.

Папытаўшы ў чатах пра сітуацыю на літоўскіх памежных пераходах, суразмоўцы «Ганцавіцкага часу» зразумелі, што там няма такой велізарнай чаргі.

«На момант, калі мы даведваліся, на пунктах пропуску Прывалка і Беняконі з боку Літвы да шлагбаума стаялі пару дзясяткаў машын. Прычым у чатах параілі ехаць на Беняконі (з літоўскага боку Шальчынінкай). Магчыма таму, што праз Прывалку больш ездзяць гарадзенцы», — працягвае Сяргей.

У машыне Сяргея было паліва, але яго было мала, каб даехаць да літоўскай мяжы.

«Мы прыкінулі, што калі стаяць у чарзе, то мы на ежу выдаткуемся. А калі не стаяць, а ехаць у чаргу на заўтрашнюю раніцу — яшчэ і на гатэль. Вырашылі ехаць у Літву і дазаправіцца па дарозе».

Пункт пропуску Беняконі знаходзіцца прыкладна на 90 кіламетраў далей ад Цярэспаля, чым Прывалка. Але вырашылі ехаць менавіта туды. Агулам толькі да літоўскай мяжы праехаць трэба 490 кіламетраў.

Прадаць чаргу?

У чатах раз-пораз з'яўляліся паведамленні «куплю месца ў чарзе». Тэарэтычна Павел і Сяргей маглі прадаць сваё месца хоць за нейкую суму, каб было на паліва. Ужо ж прасунуліся паўдарогі ад моста да кальца.

Але за 20 аўто ззаду ад іх стаяў знаёмы дальнабойнік, які вяртаўся на легкавіку на адпачынак дадому. Аддалі яму сваё месца, дамовіўшыся, што раскажа, як пераедзе. А самі зрабілі круг пашаны каля чаргі і пагналі ў Літву.

Як дарога?

Асноўны шлях ляжаў праз Польшчу. Па дарозе заехалі ў Беласток, папілі кавы і адпачылі на запраўцы. Заправіліся на 150 злотых.

Варта падкрэсліць, што дарогі ў Польшчы выдатныя. І гэта нават не шаша дзяржаўнага значэння. Можна было б імчаць да мяжы хутка.

У Польшчы вельмі роўныя дарогі

Але ёсць адно «але». Шлях пралягае праз лясы, і тут вельмі шмат жывёл перабягае дарогу. Як расказалі суразмоўцы, вельмі часта бачылі казуль ля дарогі. А ехалі больш у цёмны час сутак. Таму рухаліся павольна, каб своечасова паспець спыніцца.

Па якасці дарогі ў выніку зразумелі, што ўжо трапілі ў Літву. Дарога там ужо горшая, нешта накшталт як рэгіянальныя ў Беларусі.

Світанак на мяжы

На паграпераход у Літве прыбылі ў выніку да 4-й гадзіны раніцы. Шлях заняў прыкладна 8 гадзін з прыпынкам на адпачынак.

«Да прыезду каля шлагбаума было дзесяць машын. За шлагбаум у выніку хутка патрапілі. І думалі, што хутка праедзем мяжу. Але раптам чарга ў літоўцаў замерла. Магчыма, адбывалася перазменка», — расказаў Сяргей.

У выніку мяжу ўдалося пераехаць да 10:50. Увесь гэты час вандроўцы стаялі ў літоўцаў. Непасрэдна пераход мяжы ад літоўскага памежніка да ад'езду ад беларускага заняў 40 хвілін. З іх 30 хвілін — у літоўцаў.

«Літоўцы даволі падрабязна глядзелі, палічылі дні знаходжання ў ЕС па штампах у пашпарце. Паглядзелі ўсе дакументы, спыталі нават беларускі тэхагляд на аўтамабіль. Звычайна ён не цікавіць іх. Але, хутчэй за ўсё, гэта выбарачна праглядалі. Іншыя з'язджалі і хутчэй», — тлумачыць Сяргей.

Дома Сяргей і Павел былі пасля абеду — каля 15-й гадзіны. Ці можна было хутчэй? Нашы суразмоўцы зрабілі выснову, што калі б не стаялі пяць гадзін у Цярэспалі, а адразу паехалі ў Літву, то прайшлі б мяжу хутчэй, не патрапіўшы на перазменку.

Гэта пацвярджае досвед іншых беларусаў, якія гэтак жа сама ў гэты дзень паехалі ў Літву. Сваю гісторыю яны расказалі ў адным з прымежных чатаў.

«Учора (1 ліпеня) у 16:00 — 90+ машын за кальцом на Цярэспалі. У машыне двое дзяцей, якія не вытрымаюць такога чакання. З'ехалі на Літву. Прывалка забітая, прыехалі на Беняконі ў 23:40. Сталі 23-й машынай перад шлагбаумам. З'ехалі ў 03:40 ад нашых. На зялёны канал было б яшчэ хутчэй. З «ватамі» стаялі, літовец старшы змены абыходзіў чаргу і пераставіў на канал ват ЕС. За што яму вялікі дзякуй. У нашых павольная мытня і дбайны дагляд. Тры машыны на паўгадзіны працы», — падзяліліся іншыя вандроўнікі.

Увогуле, гэта як рулетка — як патрапіш. Сяргея і Паўла на беларускай мяжы правяралі літаральна 10 хвілін.

А як у выніку польская мяжа?

Дальнабойнік, якому Сяргей і Павел аддалі сваю чаргу, расказаў, што прастаяў больш за 30 гадзін. Толькі ўвечары наступнага дня ён прыбыў у Брэст.

Каментары2

  • M
    06.07.2023
    Литовцы почти всегда техосмотр смотрят...
  • Woodoo Cult
    10.07.2023
    [Рэд. выдалена]

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра смерць дзеда Колі Лукашэнкі — былога вязня ГУЛАГа, асуджанага за дапамогу «бандэраўцам»15

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →