Сярод тых, хто набраў максімальны бал для паступлення, — зорка TikTok з вёскі і казахстанец, які за два гады вывучыў гісторыю Беларусі на 100 балаў. Вось куды сёлета паступаюць чатырохсотбальнікі.
Універсітэт культуры: зорка тыктоку з вёскі
Вольга Друшчыц мае сярэдні бал атэстата 10, яна атрымала па 100 балаў на цэнтралізаваных экзаменах па беларускай мове, гісторыі Беларусі і на ЦТ па грамадазнаўстве. Дзяўчына скончыла школу ў вёсцы Старое Сяло Жабінкаўскага раёна. У яе класе згодна са спісам значылася ўсяго пяць вучняў, але Вольга не магла наведваць заняткі праз праблемы са здароўем — яна ўвесь час была на хатнім навучанні.
Вольга актыўна вядзе блог у TikTok, публікуе відэа, у якіх жартуе са свайго рэдкага генетычнага захворвання. Найбольш папулярнае відэа набрала шэсць мільёнаў праглядаў.
Ёсць і больш сур'ёзныя відэа, у якіх дзяўчына распавядае пра саму хваробу і пра тое, чаму яе рукі выглядаюць не так, як ва ўсіх.
Вольга перакладае на беларускую мову і спявае песні рускамоўных спевакоў і спявачак, напрыклад, «Запарожац» Манетачкі, «Салют, Вера» Валерыя Меладзэ, «Васьмікласніца» гурта «Кіно» і іншыя.
Абітурыентка падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «сацыяльна-культурны менеджмент і камунікацыі» (прафілізацыя «менеджмент рэкламы і грамадскіх сувязей»). Вучыцца дзяўчына плануе на завочным. Яна кажа, што галоўным падчас выбару будучай прафесіі для яе была магчымасць працаваць дыстанцыйна.
Лінгвістычны ўніверсітэт: хлопец з Казахстана, які за два гады вывучыў гісторыю Беларусі, і выпускніца лідскай гімназіі
Адзін з тых, хто атрымаў 400 балаў, — Раман Кошман, выпускнік магілёўскай сярэдняй школы № 5. Ён нарадзіўся ў Казахстане і пражыў там 16 гадоў. Скончыў дзевяць класаў у Алматы і ў 2021 годзе разам з мамай і братамі пераехаў у Беларусь. Цікава тое, што адзін з прадметаў, які хлопец здаваў (і атрымаў запаветную сотню), — гэта гісторыя Беларусі, якую Раман вывучаў толькі два гады. Дарэчы, у магілёўскай школе яго цяпер лічаць без перабольшвання героем, бо хлопец з Казахстана стаў першым у гісторыі навучальнай установы вучнем, які змог так бліскуча здаць ЦТ.
Паступаць Раман вырашыў на перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ён распавядаў, што першапачаткова выбіраў не ВНУ, а прадметы, якія яго цікавяць (руская і англійская мовы, гісторыя Беларусі), а ўжо потым глядзеў, куды з імі возьмуць. У МДЛУ, акрамя англійскай мовы, Раман плануе вывучаць іспанскую і думае пра турэцкую.
Паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт плануе і выпускніца лідскай гімназіі №1 Ксенія Сабаткоўская. Ксенія здавала цэнтралізаваны экзамен па грамадазнаўстве і рускай мове. Яшчэ 100 балаў атрымала, заваяваўшы дыплом 1 ступені (абсалютны) на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове.
БДМУ: будучы стаматолаг, якая пячэ тарты, і яшчэ адна выдатніца з Ліды
Мілена Васько вучылася спачатку ў мазырскай школе № 11, а потым у Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэі. Яшчэ ў дзявятым класе дзяўчынка вырашыла, што хоча быць стаматолагам. Паступіць у БДМУ на бюджэт — задача даволі складаная, таму ў дзясятым класе Мілена адмовілася ад большасці хобі і вольны час прысвячала вывучэнню хіміі, біялогіі і рускай мовы. А калі рабілася зусім цяжка і хацелася адпачыць ад заняткаў, яна ішла на кухню пячы тарты.
Вынік — 300 балаў на экзаменах і тэсціраванні. Абітурыентка адзначыла, што ў гэтым годзе тэсты сталі лягчэйшыя, таму і самы высокі вынік атрымаць не так складана, як раней. Яна лічыць, што гэта матывуе.
Мара дзяўчыны амаль што спраўдзілася: яна падала дакументы на стаматалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
У медуніверсітэт ідзе таксама Паліна Дычак з Ліды (у гэтым горадзе сёлета россып стабальнікаў). Яна здала на 100 балаў цэнтралізаваныя экзамены па рускай мове і хіміі, а пазней атрымала максімальны вынік на ЦТ па біялогіі. Дзяўчына збіраецца на лячэбны факультэт. Сёлета БДМУ скончыў яе брат.
БДУІР: праграміст, які хвалюецца, і вучань года Мінскай вобласці
Раман Кандраценя скончыў гімназію ў Ганцавічах. Яго «калекцыя» складаецца са 100 балаў па матэматыцы, фізіцы і рускай мове. З ВНУ мары ён вызначыўся даўно — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Але не мог вызначыцца з факультэтам. У выніку абраў факультэт камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР. У адрозненне ад менш паспяховых абітурыентаў, хлопец хваляваўся не пра тое, ці пройдзе ён на бюджэт, а пра тое, каб правільна аформіць і падаць дакументы ў ВНУ. Таму на ўсялякі выпадак прыйшоў у прыёмную камісію ў адзін з першых дзён уступнай кампаніі.
Уладзіслаў Казела скончыў салігорскую сярэднюю школу № 4. Ён здаваў рускую мову, матэматыку і фізіку. Але ж у сваёй школе хлопец стаў зоркай яшчэ да ўступнай кампаніі: у канцы 2022 года ён атрымаў тытул «Вучань года Мінскай вобласці».
Дакументы Уладзіслаў вырашыў падаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэт камп'ютарных сістэм і сетак, спецыяльнасць — «інфарматыка і тэхналогія праграмавання». У інтэрв'ю БелТА хлопец казаў, што летам плануе пачаць вывучаць вышэйшую матэматыку і працягваць праграмаваць, каб падчас вучобы ў ВНУ яму было лягчэй.
У гэты ўніверсітэт збіраўся таксама Дзяніс Кагукін з Полацка. Хлопца цікавіць праграмная інжынерыя.
БДУ: прыкладная матэматыка і журфак
Марк Мацкевіч з Наваполацка паступае на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі ў БДУ. Ён набраў максімальныя балы на ЦТ па рускай мове і матэматыцы. Плюс 100 балаў аўтаматам па фізіцы (за дыплом рэспубліканскай алімпіяды).
Абітурыент захапляецца праграмаваннем, з'яўляецца выпускніком дзвюх змен Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.
Ангеліна Лашко, якая скончыла гімназію № 1 Ліды, свае 100-бальныя сертыфікаты атрымлівала з рук старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоля Дарожкі (на Гродзеншчыне вырашылі арганізаваць свята для найлепшых абітурыентаў).
У гонар таго, што дзяўчына прынесла дакументы на журфак БДУ (спецыяльнасць «інфармацыя і камунікацыя»), у тэлеграм-канале факультэта з’явіўся святочны пост. Ангеліна распавяла, што заўсёды цікавілася гісторыяй Беларусі і рускай мовай — і менавіта гэтыя прадметы (плюс грамадазнаўства) ёй трэба было здаваць для паступлення.
***
Сёлета паведамлялася пра 11 чатырохсотбальнікаў. Апроч згаданых вышэй, максімальны бал набрала выпускніца клімавіцкай сярэдняй школы № 1 Аліна Хартнік.
Каментары