«Ніхто не перашкаджаў пратэсту быць нямірным. Хто хацеў, у таго быў нямірным» — БЧБ-нявеста
Іна Зайцава, вядомая як БЧБ-нявеста, у новым выпуску на канале «Ток» паразважала аб тым, ці маглі пратэсты 2020-га года развівацца інакш.
Адносна прэтэнзій, якія гучалі ад Зянона Пазняка ці асобных байцоў-каліноўцаў, наконт таго, што пратэстам у Беларусі ў 2020-м бракавала рашучасці, Іна Зайцава заўважае, што на вулічныя пратэсты ў першыя паслявыбарчыя дні рашылася выйсці ўсяго некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
«Ніхто не перашкаджаў пратэсту быць нямірным. Хто хацеў, [у таго] быў нямірным».
Іна Зайцава згадвае, як прысутнічала 10 жніўня 2020 года ля станцыі метро «Пушкінская»: «Мне было сорамна, таму што гэта было, з аднаго боку, пра нямірны пратэст. А з другога — людзей было вельмі мала. Не было каму закідваць каменнем АМАП і ўсіх астатніх. Не было.
Па сутнасці, вялізная маса людзей паўстала не столькі праз выбары, якія ў іх скралі, а праз насілле, якое адбылося пазней. Менавіта яно ўскалыхнула нас тады. Менавіта насілле. А выбары беларусы ў сваёй большасці дазвалялі ў сябе скрасці, таму што на «Пушкінскай» было мала людзей».
Іна прыгадвае падзеі вечара пасля выбараў каля станцыі метро «Пушкінская»: «Мы стаім. Я кажу: «Пайшлі туды. У самую гушчу». А мой муж мне адказвае: «За каго? За тых, хто цяпер спіць? Тут колькі людзей? Дзесяць тысяч. У нас скралі выбары. Людзей, якія ведаюць, што ў нас скралі выбары, вельмі многа. Колькі тут? Ты супраць каго хочаш? Навошта? Ты страціш жыццё».
Іна адзначае, што яе муж шмат распавядаў пра лёс палітыкаў. «Гэта людзі, якія аддалі свой лёс, сваё нармальнае жыццё, забралі сябе ў дзяцей. Яны вельмі шмат аддалі для людзей, якія стаялі на паркоўках у супермаркетах у дзень, калі мы выходзілі супраць забойства Бандарэнкі», — казаў муж Іны.
Іна лічыць: «Пратэст прайграў не таму, што ён быў нямірны і мы не захоплівалі будынкаў. Беларусы вельмі разважліва вырашылі не аддаваць свайго жыцця. І гэта выбар. Яны вырашылі, што іх жыццё не каштуе таго, каб у Беларусі адбыліся змены. Я гатовая трапіць у турму, адседзець там, напрыклад, 5—10 гадоў. А аддаць жыццё не гатовая».
На думку Іны, пратэст прайграў таксама таму, што «беларусы не гатовыя былі рублём ахвяраваць. Нават не жыццём. Калі Ціханоўская абвясціла забастоўку, і яна не адбылася. Вось у гэты момант ён прайграў. А не таму, што ён быў нямірны. Ён быў недастаткова салідарны на ўзроўні не проста падтрымкі словамі, а дзеяннямі.
Не было ў нас дастаткова салідарнасці для такога пратэсту. Мы маглі перамагчы Лукашэнку мірна. Яны баяліся забастоўкі. Як агню баяліся».
Глядзіце цалкам:
-
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
-
Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?
-
Хто лепшы для Беларусі — Трамп ці Харыс? Парадаксальная думка Шрайбмана
Каментары