Паводле інфармацыі Mayday team, у чэрвені 2023 года з калоніі вызваліўся былы супрацоўнік АМАПа і Службы бяспекі Лукашэнкі Уладзімір Шустаў. Ён, як падкрэслівае магілёўскі праваабарончы рэсурс, быў першым жыхаром Магілёва, які атрымаў рэальны тэрмін па выніках жнівеньскіх падзей 2020-га года.
Згодна з матэрыяламі следства, 10 жніўня Уладзімір Шустаў у раёне магілёўскага кінатэатра «Радзіма» нібыта ўжыў фізічную сілу ў дачыненні да ўчастковага інспектара, які быў у складзе «касманаўтаў», што затрымлівалі магілёўцаў за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Пры гэтым у матэрыялах справы быў відэазапіс, на якім відаць, што міліцыянт першым набягаў на Уладзіміра.
Пасля кантакту з сілавіком Шустава і яго сына збілі і затрымалі. Першапачаткова сын таксама быў пад падазрэннем па гэтай крымінальнай справе, аднак у дачыненні да яго пераслед пазней спынілі.
У лістападзе 2020 года суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Алены Літвіной прызнаў Шустава вінаватым паводле арт. 364 КК Беларусі (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі) і асудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Акрамя таго, у верасні 2021 года Аляксандр Лукашэнка пазбавіў Шустава вайсковага звання.
Свой тэрмін Уладзімір Шустаў адбыў цалкам.
Каментары