Сённяшнія палітычныя чысткі ў беларускіх архівах ды прызначэнне сілавікоў для кіравання імі зноў адсылаюць нас да часоў сталінскіх рэпрэсій. Тады архівы, абвінавачаныя ў працы на карысць ворагаў народа, былі падпарадкаваныя НКВД.
У 1930-я гады, у самы разгар сталінскіх рэпрэсій, архіўным установам Беларусі таксама не ўдалося пазбегнуць кадравых чыстак, якія суправаджаліся звальненнямі і арыштамі работнікаў. У студзені 1938 года кіраўніцтва Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР нездавальняюча ацаніла стан галіны ў рэспубліцы.
Архівісты былі абвінавачаныя ў сабатажы, невыкарыстанні архіваў для «патрэб сацыялістычнага будаўніцтва», наданні доступу да архіўных матэрыялаў «ворагам народа для выкарыстання ў сваіх мэтах у контррэвалюцыйнай барацьбе». Тады ж рэзка ўзрасла цікавасць да архіўных дакументаў з боку Народнага камісарыята ўнутраных спраў (скарочана з рускай — НКВД), судовых, следчых органаў і пракуратуры.
У 1938 годзе архіўныя ўстановы перайшлі ў распараджэнне НКВД, а само Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне СССР было пераўтворана ў Галоўнае архіўнае ўпраўленне НКВД СССР. У падпарадкаванне Наркамата ўнутраных спраў увайшла і архіўная сетка Беларусі: ЦАУ БССР было пераўтворана ў Архіўны аддзел НКВД БССР, абласныя архіўныя ўпраўленні — у архіўныя аддзяленні абласных упраўленняў НКВД. Куратарам галіны прызначаўся намеснік наркама НКВД БССР.
З пачаткам уварвання ў Савецкі Саюз нямецкай арміі ў чэрвені 1941 года НКВД БССР найперш быў заклапочаны выратаваннем уласных дакументаў, а таксама знішчэннем сакрэтных матэрыялаў, у тым ліку каб схаваць уласныя злачынствы супраць сваіх жа грамадзян.
Сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка ў дакладной запісцы на імя Сталіна «Аб выніках эвакуацыі з Беларускай ССР», складзенай у ліпені-жніўні 1941 года, пісаў, што «архівы НКВД і НКДБ эвакуіраваныя цалкам. Многія наркаматы сакрэтныя архівы знішчылі».
Але астатняя маса архіўных комплексаў не была своечасова эвакуіраваная ўглыб краіны, што прывяло да цяжкіх стратаў. Многія дакументы загінулі ў час бамбардзіровак, засталіся на разрабаванне акупантаў ці выкарыстоўваліся для распальвання печак.
З тэрыторыі БССР удалося вывезці больш за 73 тысячы спраў з дзяржархіваў Віцебскай, Вілейскай і Гомельскай абласцей, але за гады вайны было страчана каля 15 млн спраў (з іх 3,7 млн знаходзілася ў дзяржархівах), у тым ліку і найкаштоўнейшыя дакументы, якія захоўваліся ў бібліятэках і музеях.
У ліпені 1944 года ад немцаў быў вызвалены Мінск, а ўжо ў лістападзе аднавіў працу Аддзел дзяржаўных архіваў — ізноў у складзе НКВД БССР, са снежня 1944 года — Упраўленне дзяржаўных архіваў НКВД БССР (у далейшым — Міністэрства ўнутраных спраў БССР).
Толькі пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе і працэсу развянчання ягонага культу асобы беларускае Архіўнае ўпраўленне ў 1960 годзе было выведзена з падпарадкавання сілавікам і перададзена Савету Міністраў БССР.
Пасля распаду СССР многія былыя савецкія рэспублікі, якія сталі на шлях дэмакратычнага развіцця, адкрылі раней сакрэтныя архівы НКВД-КДБ, паказаўшы маштабы бесчалавечных палітычных рэпрэсій супраць уласных грамадзян.
Але ў Беларусі нічога падобнага не адбылося, КДБ нават захавала сваю назву, ад якой паспяшаліся адмыцца сілавікі нават у Расіі. Паводле афіцыйных заяваў, адкрыццё архіваў можа пацягнуць распальванне нацыянальнай, расавай ці рэлігійнай нянавісці. Але практыка адкрыцця архіваў у іншых краінах, у тым ліку Германіі, паказвае, што нічога падобнага не адбываецца. Відавочна, што пераемнікі НКВД у першую чаргу хвалююцца за захаванне свайго незаплямленага (у іх уяўленні) аблічча.
З пачатку 1990-х беларусы маглі знаёміцца са справамі рэпрэсаваных, але толькі пры ўмове пацвярджэння блізкага сваяцтва. Але прачытаць можна было толькі выбраныя старонкі, таму што вымалася ўся інфармацыя, якая тычылася трэціх асобаў, у першую чаргу, вядома, даносчыкаў. Пры гэтым службовыя асобы могуць адмовіць у вывучэнні спраў на любой, нават самай недарэчнай, падставе.
З прыходам да ўлады Лукашэнкі гэты працэс яшчэ больш замарудзіўся. Каб не даць доступу грамадскасці да спраў людзей, якія былі рэабілітаваныя яшчэ ў савецкія часы, беларускія сілавікі дагэтуль робяць розныя хітрыя юрыдычныя захады.
Так, у 2009 годзе КДБ і МУС заключылі пагадненне з Дэпартаментам па архіве і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, што тэрмін, пасля якога ведамасныя справы павінны былі перадавацца ў агульныя архівы, будзе працягнуты з 30 да 70 гадоў.
Такога няма нават у Расіі, дзе ФСБ няхай і чыніць перашкоды ў азнаямленні са сваімі архівамі, але значная частка спраў перайшла ў дзяржаўныя архівы, на іх аснове складзеныя спісы як ахвяр рэжыму, так і катаў.
У 2020 годзе, у час беларускіх пратэстаў, Лукашэнка здолеў усядзець толькі на штыках. Тады ж выявілася, што нелаяльным да яго рэжыму з’яўляецца абсалютна ўсё навукова-культурнае асяроддзе. Адным з метадаў барацьбы з гэтымі ачагамі нязгоды стала прызначэнне ў музеі, тэатры ды навучальныя ўстановы кадраў з сілавых структур, якія мусілі жалезным кулаком навесці парадак.
Не сталі выключэннем і архівы. У маі 2022 года ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі быў пастаўлены дырэктарам генерал-маёр Алег Воінаў, які да таго быў памочнікам міністра абароны па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. За час яго кіравання з палітычных матываў з архіва звольнілі звыш 15 супрацоўнікаў.
Можна меркаваць, што беларускім уладам падалося гэтых заслуг дастаткова, каб павысіць у студзені 2023 года Воінава да дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, то-бок паставіць кіраваць усёй архіўнай справай у краіне. Адтуль ён камандзіраваў на сваю былую вотчыну, у гістарычны архіў, сілавіка на пенсіі Міхаіла Глушакова, чыё кіраванне ў першыя ж дні адзначылася масавымі затрыманнямі супрацоўнікаў, якія займаюць у архіве кіраўнічыя пасады.
Відавочна, што на тых жа падставах, што і ў 1930-я гады, рэжым няхай пакуль не юрыдычна, але фактычна перападпарадкоўвае архіўную справу пераемнікам НКВД, які кантраляваў яе ўвесь час сталінскага тэрору. Гэты працэс нашкодзіць навуцы і грамадзянам, але цяпер дае ўладам уяўнае адчуванне кантролю не толькі над сённяшнім днём, але і над мінуўшчынай краіны.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары