Грамадства1111

Падлічылі, колькі разоў Лукашэнка лятаў да Пуціна за апошнія гады і як гэта спалучалася з дынамікай вайны

У адносінах паміж беларускім і расійскім рэжымамі былі розныя старонкі, але цесная эканамічная і палітычная залежнасць заставалася нязменнаю на працягу дзесяцігоддзяў знаходжання ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. І раней кіраўнік Беларусі штогод наведваў Расію разоў па пяць. Але апошнія гады яму даводзіцца лётаць да Пуціна ўсё часцей. Мы падлічылі, колькі разоў Лукашэнка сустракаўся з Пуціным за 2019—2023 гады, і паглядзелі, як на гэта ўплывалі падзеі ў краіне і свеце.

Фота: Alexander Demianchuk, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Канец 2018 года быў для Лукашэнкі і Пуціна азмрочаны крызісам у адносінах паміж Беларуссю і Расіяй, што ўзнік з-за правядзення Масквой так званага падатковага манеўру, які прывёў да падаражэння нафты для Беларусі. 

«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расіі. Я заўсёды пытаю: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне і міжнародная супольнасць? Не кіем, дык палкаю інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны», — адрэагаваў на ўльтыматум Лукашэнка. 

Перад новым 2019 годам Аляксандр Лукашэнка павіншаваў са святам Уладзіміра Пуціна, нагадаўшы, што ў надыходзячым годзе будзе адзначацца дваццацігоддзе з дня падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і што сёння саюз двух народаў ужо адбыўся. Але ў навагоднім звароце да беларусаў Лукашэнка наўмысна ні словам не абмовіўся пра Расію, не закранаў тэму Саюзнай дзяржавы і інтэграцыі з Масквой. 

2019 — восем сустрэч

13 лютага. Сочы

14 лютага Лукашэнка ўдзельнічаў у нефармальнай сустрэчы з прэзідэнтамі Расіі, Ірана і Турцыі ў фармаце чаявання на тэрыторыі санаторыя «Русь». У апошні дзень Пуцін і Лукашэнка ў адной камандзе згулялі ў хакей, разграміўшы сапернікаў з лікам 16:1.

27 красавіка. Пекін

Яшчэ 19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэнне» якасці расійскай нафты, якая паступае па нафтаправодзе «Дружба». Лукашэнка і Пуцін на палях форуму «Адзін пояс, адзін шлях» у Пекіне «вельмі коратка» абмеркавалі сітуацыю з пастаўкамі няякаснай расійскай нафты. Пуцін паабяцаў расследаванне з прыцягненнем спецслужбаў.

29 мая. Нур-Султан (Астана)

Саміт Еўразійскага эканамічнага саюза ў Нур-Султане. Фота: БелТА

30 чэрвеня. Заслаўе

Чаяванне ў Заслаўі з Пуціным і Рахмонам. Фота: БелТА

17—18 ліпеня. Валаам, Санкт-Пецярбург

Лукашэнка з Пуціным на Валааме.

Лукашэнка і Пуцін на Форуме рэгіёнаў. Фота: БелТА

Але ўжо ў верасні Лукашэнка запатрабаваў ад Расіі не прыгнятаць і не нахіляць яго краіну.

1 кастрычніка. Ерэван

Пасяджэнне кіраўнікоў ЕўрАзЭС 1 кастрычніка. Фота: president.gov.by

Ізноў Пуцін з Лукашэнкам сустрэліся толькі 1 кастрычніка ў Ерэване падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц Еўраазіяцкага эканамічнага саюза. Але Лукашэнка хутка з'ехаў дадому, што патлумачылі смерцю ягонай цешчы.

7 снежня. Сочы

З такімі тварамі расійская дэлегацыя слухала словы Лукашэнкі пра «роўныя ўмовы» на перамовах 7 снежня 

20 снежня. Санкт-Пецярбург

Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі на пасяджэнні вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады. Фота: БелТА

Многія ў Беларусі палічылі, што дамовіліся ў абмен на суверэнітэт краіны. Паралельна з 7 па 29 снежня ў Мінску і абласных цэнтрах прайшлі пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй, якім беларускія ўлады, у параўнанні з усімі іншымі акцыямі, асабліва не заміналі.

2020 — чатыры візіты

7 лютага. Сочы

— Кашку з раніцы елі?— Не на вадзе ж!Фота: БелТА

«Мы сапраўды пра многае пагаварылі, дайшлі да глыбіні сівых часоў нашага сумеснага жыцця ў адной дзяржаве, абмеркавалі шмат гістарычных дат і момантаў, яны вядомыя. […] Ну і дайшлі да сучаснасці. І вырашылі ўжо не сам-насам, а з людзьмі, якія ўцягнутыя ў гэты працэс, працягнуць нашу размову».

Але ўжо праз тыдзень прыязныя адносіны адышлі на другі план, Лукашэнка заявіў, што ў кіраўніцтве Расіі намякаюць на далучэнне Мінска ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты:

11 сакавіка 2020 года СААЗ аб'явіла, што ўспышка COVID-19 набыла характар пандэміі, а яе цэнтрам стала Еўропа. Увесь свет зачыніў свае межы, але Лукашэнка ігнараваў праблему і не ўводзіў амаль ніякіх абмежаванняў ці лакдаўну, прапаноўваючы труціць вірус гарэлкай

24 чэрвеня. Масква

Сям'я Лукашэнкаў і Пуцін на парадзе ў Маскве 24 чэрвеня. Скрыншот відэа ТАСС

8 мая Цэнтрвыбаркам прызначыў на жнівень чарговыя прэзідэнцкія выбары. Пра свой намер удзельнічаць у іх нечакана для ўсіх выказаліся адразу некалькі моцных кандыдатаў: Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, — якія далі людзям надзею на магчымасць перамен у краіне. Гэты факт разам з непрыняццем рыторыкі Лукашэнкі наконт каранавіруса распачаў у беларускім грамадстве незваротныя працэсы дэмантажу існай аўтарытарнай сістэмы і вяртання да дэмакратычных асноў. 

30 чэрвеня. Ржэў

Пуцін і Лукашэнка ўскладаюць кветкі да помніка пад Ржэвам. Фота: kremlin.ru

Далей было бурлівае развіццё ўнутрыпалітычных падзей, выбары, на якіх перамога была адабраная ў адзінай кандыдаткі ад апазіцыі, Святланы Ціханоўскай, паслявыбарчы гвалт і наступны выбух найбольш масавых у гісторыі краіны пратэстаў, якія, здавалася, вось-вось зрынуць рэжым Лукашэнкі. 

14 верасня. Сочы

Першая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Скрыншот з відэа

Першы раз ад пачатку пратэстаў Лукашэнка наведаў Пуціна толькі 14 верасня ў Сочы. Ён падзякаваў Пуціну за падтрымку пасля выбараў у рэспубліцы. Многія тады звярнулі ўвагу на мову целаў двух аўтарытарных кіраўнікоў: падначаленую, ліслівую позу Лукашэнкі і ўпэўненую, уладарную позу Пуціна.

2021 — сем сустрэч

22 лютага. Сочы

Фота: тэлеграм-канал «Пул першага»

Толькі амаль праз паўгода, 22 лютага 2021 года, адбылася наступная прыватная сустрэча з Пуціным. Лукашэнка зноў паляцеў да яго ў Красную Паляну, што каля Сочы. Сустрэча доўжылася больш за шэсць гадзін. Тады, паводле слоў Лукашэнкі, з 33 дарожных карт па інтэграцыі Расіі і Беларусі засталося ўзгадніць шэсць-сем. Пасля асноўнай часткі палітыкі правялі час, пакатаўшыся на лыжах і снегаходах.

22 красавіка. Масква

Менавіта ўвесну 2021 года разведвальнымі службамі ЗША і Вялікабрытаніі былі выяўлены першыя прыкметы нарошчвання групоўкі расійскіх войскаў вакол меж Украіны.

29 мая. Сочы

Пуцін і Лукашэнка на яхце ў Сочы. Скрыншот з відэа «Россія 24»

13 ліпеня. Санкт-Пецярбург

Пуцін і Лукашэнка ў час сустрэчы 13 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. Скрыншот з відэа «Пул першага»

У Беларусі ў гэты час рэпрэсіі супраць дэмакратычнай грамадскасці выйшлі на новы ўзровень, адбыўся разгром незалежных медыя, у тым ліку «Наша Нівы», і грамадскіх арганізацый, у тым ліку праваабарончага цэнтра «Вясна» будучага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. У час сустрэчы Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі вельмі актыўна пачалі працу ў дачыненні да «розных НКА, НУА» і да «так званых заходніх СМІ, якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна ўкаранялі […] тэрор» — гэта было хлуслівае выказванне.

9 верасня. Масква (Крэмль)

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

24 верасня. Сочы 

24 верасня ўжо з прыватным візітам, пра які не паведамлялася, Лукашэнка паляцеў да Пуціна ў Сочы. Але следам за ім у Сочы чамусьці быў камандзіраваны і старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо. Праз некалькі месяцаў беларускія памежнікі дадуць расійскім войскам перайсці беларускую мяжу, каб уварвацца ва Украіну.

З пачатку лістапада 2021 года прадстаўнікі ЗША і НАТА сталі заяўляць аб незвычайных перамяшчэннях расійскіх войскаў паблізу мяжы з Украінай, а затым — аб стварэнні Расіяй у гэтых раёнах ударных груповак і аб наяўнасці ў Расіі планаў нападу на Украіну, існаванне якіх расійскія афіцыйныя асобы неаднаразова адмаўлялі. У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка пачаў усё актыўней рыхтаваць грамадства да будучай вайны. «Калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, убаку Беларусь не застанецца», — заявіў Лукашэнка 29 лістапада.

29 снежня. Санкт-Пецярбург 

Ізноў палітыкі сустрэліся толькі ў самым канцы года. Сустрэча адбылася 29 снежня 2021 года ў Канстанцінаўскім палацы пад Санкт-Пецярбургам. Пасля адбыўся матч у лядовым палацы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Манеж» у Стрэльне. Каманда Пуціна і Лукашэнкі зноў разгромна перамагла сапернікаў з лікам 18:7.

2022 — рэкордныя 12 сустрэч

18 студзеня 2022 года на брыфінгу для ваенных аташэ было анансавана правядзенне сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022». Гэтыя вучэнні прайшлі з 10 па 20 лютага ў Беларусі. У раёне іх правядзення былі сканцэнтраваны войскі, артылерыя, авіяцыя і комплексы СПА. ЗША і іх саюзнікі разглядалі гэтыя вучэнні як дэманстрацыю агрэсіўных намераў Расіі і прамую пагрозу ўварвання ва Украіну з поўначы, хоць Расія ўсё адмаўляла.

«Гэтая вайна працягнецца максімум тры-чатыры дні. Там не будзе каму супраць нас ваяваць», — заявіў ён у інтэрв'ю Уладзіміру Салаўёву 6 лютага, за 18 дзён да трагічнага 24 лютага. «Пакуль яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ла-Манша», — пагражаў ён краінам Еўропы. А краінам Балтыі пагражаў стратай дзяржаўнасці, калі яны наважацца на дзеянні ў адказ.

18 лютага. Масква

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Першая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў новым годзе адбылася ў Маскве, на якой яны абмеркавалі імі ж выдуманы «ўкраінскі крызіс» і магчымыя санкцыі супраць сваіх краін, якія абодва палічылі непазбежнымі.

Вайна

24 лютага 2022 года прыкладна а 5-й гадзіне раніцы расійскія войскі перайшлі межы Украіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, адкуль планавалі ўзяць «за тры дні» сталіцу Кіеў.

11 сакавіка. Масква

Скрыншот з відэа

Тэмай ізноў стала «сітуацыя вакол Украіны» і далейшыя сумесныя дзеянні па пераадоленні эканамічных праблем, выкліканых увядзеннем новых санкцый з боку Захаду. У пачатку перамоў Пуцін павіншаваў беларускага калегу з «удалым правядзеннем рэферэндуму» і падкрэсліў, што яго дыялог з выбаршчыкамі «надзвычай важны для таго, каб сітуацыя была ўстойлівай і стабільнай». 

У гэты момант расійскія войскі ўшчыльную падышлі да Кіева і спрабавалі яго ачапіць. Але ўжо было ясна, што расійскі бліцкрыг праваліўся. 29 сакавіка Расія пачала адступленне з усёй паўночнай часткі Украіны, неабходнасць у беларускай арміі адпала сама сабой.

12 красавіка. Аэрадром Усходні

Фота: Kremlin.ru

У гэтых новых рэаліях Лукашэнка яшчэ раз сустрэўся з Пуціным на аэрадроме Усходні 12 красавіка. Там яны агледзелі будаўніцтва аб'ектаў, наведалі будпляцоўку каманднага пункта стартавага комплексу «Ангара». 

16 мая. Масква (Крэмль)

 Фота: kremlin.ru

40-хвілінная сустрэча з Пуціным адбылася таксама праз месяц, 16 мая, на палях саміту АДКБ у Маскоўскім Крамлі. Дыктатары абмеркавалі імпартазамяшчэнне, перавалку беларускіх грузаў у расійскіх партах і будаўніцтва беларускага порта пад Санкт-Пецярбургам, а таксама сумесную работу ў галіне ракетабудавання і па іншых напрамках абаронна-прамысловага комплексу.

23 мая. Сочы

23 мая ў рэзідэнцыі Бачароў Ручай пад Сочы палітыкі сустрэліся асабіста зноў, аб чым раней дамовіліся на саміце АДКБ. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным абслугоўваў расійскую прапаганду, паўтараючы асноўныя тэзісы пра тое, што Польшча рыхтуецца далучыць Заходнюю Украіну, а эканоміка Расіі нечакана добра дае рады санкцыям.

23—25 чэрвеня. Завідава, Санкт-Пецярбург

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмеркавалі пастаўку Беларусі «Іскандэраў» з магчымасцю прымянення ядзерных боепрыпасаў, а таксама экспарт збожжа і ўгнаенняў.

26 верасня. Сочы

7 кастрычніка. Санкт-Пецярбург

Лідары краін СНД. Фота: «Пул першага»

14 кастрычніка. Астана

«Супраць нас развязана сапраўдная гібрыдная вайна! І Украіна тут толькі падстава! Задумы некаторых краін па рэваншы за прайграныя кампаніі мінулага стагоддзя выношваліся даўно, пачынаючы, як вядома, з першых дзён пасля перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а можа, і раней!»

23 лістапада. Ерэван

На саміце АДКБ у Ерэване, куды прыляцелі Пуцін і Лукашэнка, апошні выступіў з абуральнымі заявамі ў бок Арменіі, а таксама назваў канфлікт з Азербайджанам спробай знешніх сіл сутыкнуць іх ілбамі. Таксама ён спрагназаваў, што калі «абрынецца Расія, то пад гэтымі абломкамі наша месца».

19 снежня. Мінск

Фота: БелТА

26—27 снежня. Санкт-Пецярбург

Пуцін, Лукашэнка і «З'яўленне Хрыста народу». Фота: «Пул першага»

2023 — шэсць сустрэч за няпоўны год

17 лютага. Масква

Лукашэнка пад'ялдыкнуў Пуціна: 

Сапраўды, такая частата сустрэч пачала рабіцца непрыстойнай нават у стандартах адносін Крамля са сваімі васаламі.

5—6 красавіка. Масква

На наступны дзень у Маскве прайшло пасяджэнне Вышэйшай дзяржрады Саюзнай дзяржавы пад старшынствам Пуціна і Лукашэнкі.

9 мая. Масква

Скрын відэа

На Дзень Перамогі 9 мая відавочна хворы Лукашэнка знайшоў у сябе сілы прыляцець на парад у Маскве. Але не здолеў прайсці разам з Пуціным і іншымі гасцямі 300 метраў пешкі ў Аляксандраўскі сад. Нефармальны сняданак кіраўнікоў краін СНД ён таксама прапусціў і хутка вылецеў назад у Беларусь. На публіцы пасля гэтага ён не з'яўляўся некалькі дзён.

24—25 мая. Масква

Абед падчас саміту ЕАЭС у Маскве. Фота: «Пул першага»

9 чэрвеня. Сочы

Пуцін і Лукашэнка ў Бачаровым Ручаі. Фота: «Пул першага»

23—24 ліпеня. Стрэльна, Валаам, Кранштат

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Стрэльне 23 ліпеня 2023 года. Фота: «Пул першага»

Таксама яны разам наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, скіты і храмавы комплекс-музей. Лукашэнка такім чынам выканаў сваё абяцанне вярнуцца ў гэтую мясціну. Дыктатары пакланіліся мошчам прападобных Сергія і Германа, заснавальнікаў манастыра, і пагутарылі з прыхаджанамі.

Сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі і акалічнасці, пры якіх яны адбываліся, добра адлюстроўваюць, як трансфармаваліся адносны двух аўтарытарных кіраўнікоў ад супрацьстаяння, палітычнага прымусу і эканамічнага падпарадкавання да ўзаемнай сімпатыі і ідэалагічнага збліжэння адзінокіх, інфармацыйна ізаляваных і ненавісных для ўсяго свету дыктатараў, аб'яднаных супольнай мэтай — спыніць рух часу ў сваім рэгіёне. 

Каментары11

  • Туда им и дорога
    28.08.2023
    Два кандидата на тот свет.
  • Чаркашкварка
    28.08.2023
    Тое, што лукашэнка дзяржаўны злачынец i пуцiнскi саўдзельнiк у развязваннi вайны гэта i так ясна. Ордэр на арышт гэтага злачынца вось усе што цяпер трэба.
  • мать ее тереза
    29.08.2023
    Дзеля чаго? , побойтесь бога

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе4

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Паглядзіце, якая незвычайная птушка заляцела ў Беларусь1

Дырэктар водаканала патлумачыў, чаму асадак ад вады ў чайніку — гэта нармальна4

У СК расказалі, праз які месенджар часцей за ўсё падманваюць беларусаў1

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу20

У сталічным «Паўночным беразе» будуюць першы дзіцячы садок. Якім той будзе2

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе4

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Галоўнае
Усе навіны →