Палітык Юрась Губарэвіч паведаміў у фэйсбуку, што пераплыў Басфор — амаль 6,5 км паміж Азіяй і Еўропай.
«Патрапіць з Азіі ў Еўропу можна рознымі спосабамі. Я вырашыў зрабіць гэта на сваіх чацвярых. Давялося добра папрацаваць рукамі і нагамі, каб праплыць 6,5 км паміж месцамі старту і фінішу, якія знаходзіліся на супрацьлеглых берагах Басфорскага праліва.
Калі заставалася ўсяго метраў 400 да фінішу, завіс на 10 хвілін у сустрэчнай плыні роўна ў адным пункце насупраць гіганцкага сцяга Турцыі. Каб канчаткова не заваліць заплыў, давялося адплыць бліжэй да сярэдзіны праліва і ўжо адтуль хітрым манеўрам фінішаваць. Мой час заплыву трываў 1:11:16, але магчымасці палюбавацца турыстычнымі цікавосткамі практычна не было. Кампанію складалі нешматлікія медузы і такія ж, як і я, 2690 удзельнікаў міжкантынентальнага заплыву», — напісаў Губарэвіч.
Юрасю Губарэвічу 45 гадоў. Ён з Белаазёрска. Быў у «Маладым фронце», намеснікам старшыні Партыі БНФ, узначальваў рух «За Свабоду!».
Цяпер працуе ў НАУ.
Каментары