Сталічны салон жывапісу і антыкварыяту «РаритетЪ» выставіў на сайце ay.by лот з карцінай Язэпа Драздовіча. За парны партрэт пэндзля знакамітага беларускага мастака папярэдне просяць 5980 беларускіх рублёў.
Карціна памерам 50х85 см выкананая алейнымі фарбамі на палатне. На партрэце адлюстраваны жанчына і мужчына, трохі павернутыя адно да аднаго, праз гэта, відаць, карціне далі назву «Маладыя». У ніжнім правым куце захаваўся арыгінальны подпіс мастака.
На адваротным баку змешчаны надпіс, які раскрывае пэўныя акалічнасці правенансу твора. Карціна, як сцвярджаецца, была намаляваная ў 1930-я гады і знойдзеная на закінутым хутары паблізу Падсвілля. У той час гэтая мясцовасць уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі і адносілася да Дзісенскага павета Віленскага ваяводства.
З 1930-х і да самай смерці ў 1954 годзе Драздовіч стала жыў на Дзісеншчыне. Гэта быў нялёгкі перыяд у жыцці мастака: ён не мог знайсці працу, не меў дома, таму хадзіў ад вёскі да вёскі і прапаноўваў намаляваць карціны і дываны, часцей за ўсё за ежу і прытулак. Відаць, што гэтая карціна ўзнікла аналагічным чынам.
На аўкцыён жа карціна патрапіла, мяркуючы па ўсё тым жа надпісе на адваротным баку, са збору беларускага мастака Аляксея Марачкіна, першага кіраўніка суполкі «Пагоня» пры Беларускім саюзе мастакоў, які яшчэ за савецкім часам пачаў вяртаць амаль страчаную спадчыну Язэпа Драздовіча.
Мастацтвазнаўцы, да якіх мы звярнуліся, адзначаюць, што карціна відавочна належыць пэндзлю Драздовіча. Яны таксама выказалі сумненні наконт таго, што хтосьці будзе рабіць падробкі Драздовіча і выстаўляць з такой высокай цаной.
Мастацкі ўзровень, блізкі да наіўнага мастацтва, спецыялісты тлумачаць тым, што Драздовіч — найперш графік, а як жывапісец досыць слабы. Да таго ж заказчыкі, беларускія сяляне, яўна не патрабавалі ад яго большага. Так што такую высокую цану за карціну просяць выключна за славутае імя, але на аўкцыёне ёсць магчымасць прапанаваць і сваю цану.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары