Зніклую бас-гітару Пола Мак-Картні будуць шукаць па ўсім свеце. Яна знікла ў 1969 годзе
Вышук вядзецца ў рамках праекта Lost Bass («Згублены бас»), які збірае інфармацыю аб патэнцыйным месцазнаходжанні інструмента. Яго назвалі «самым важным басам у гісторыі».
Пачаўся сусветны пошук аднаго з самых вядомых музычных інструментаў — бас-гітары Пола Мак-Картні фірмы Karl Höfner, піша Бі-бі-сі.
Вышук вядзецца ў рамках праекта Lost Bass («Згублены бас»), які збірае інфармацыю аб патэнцыйным месцазнаходжанні інструмента. Яго назвалі «самым важным басам у гісторыі».
Мак-Картні купіў гітару ў 1961 годзе ў Гамбургу за 38 даляраў ЗША (больш за 1000 даляраў у сучасным эквіваленце), але праз восем гадоў яна таямніча знікла.
Паляванне на зніклую гітару пачалося пасля таго, як Мак-Картні папрасіў фірму Karl Höfner адшукаць яго любімы інструмент, і кампанія арганізавала пошук. Апошні раз гітару бачылі перад распадам «Бітлз» 50 гадоў таму.
«Я купіў гэтую бас-гітару Хёфнера прыкладна за 30 фунтаў, —сказаў 81-гадовы Мак-Картні. — І для мяне, так як я ляўшун, яна была больш зручнай, бо была сіметрычнай. Я палюбіў яе адразу ж пасля куплі».
Зніклы інструмент можна пачуць у першых запісах такіх хітоў, як Love Me Do, She Loves You і Twist and Shout.
«Хоць ніхто насамрэч не ведае, што здарылася з басам, хутчэй за ўсё, гітару скралі. Па сёння гэта застаецца загадкай, — кажа Нік Вас, які 12 гадоў прапрацаваў менеджарам па маркетынгу і распрацоўшчыкам электрагітар у фірме Karl Höfner. — Але хтосьці дзесьці напэўна ведае, што з ёй здарылася і дзе яна цяпер знаходзіцца. І гэтая інфармацыя можа стаць даступнай, калі ёю захоча падзяліцца дасведчаны чалавек».
У дапамогу «паляўнічым» фірма апублікавала фатаграфіі бас-гітары, а таксама інфармацыю пра тое, дзе і калі знаходзіўся гэты інструмент з дня куплі да дня знікнення, а таксама інструкцыі, як распазнаць падробку.
«Я ведаю, як я гаварыў з ім пра гэта, што Пол быў бы вельмі шчаслівы, калі б гэты бас вярнуўся да яго», — сказаў Вас, які вядзе пошукі. Ён актыўна супрацоўнічаў з Мак-Картні і нават напісаў кнігу пра зніклую бас-гітару. Ён кажа, што «менавіта гэты бас стварыў «Бітлз».
У пошуках Васу дапамагаюць муж і жонка Скот і Наомі Джонс.
Лёс гітары зацікавіў Скота ў 2022 годзе, калі ён убачыў выступ Мак-Картні на Гластанберыйскім фестывалі.
«Пол сказаў прадстаўнікам фірмы, што калі хтосьці і зможа знайсці гэтую гітару, то гэта вы», — распавёў Скот.
«Цяпер мы працуем над гэтым разам. У Ніка больш тэхнічных ведаў аб гэтай гітары, чым у каго-небудзь на планеце, а я і Наомі выкарыстоўваем некаторыя даследчыцкія навыкі», — растлумачыў ён.
Калі гэтая гітара будзе знойдзеная і яе захочуць потым прадаць на аўкцыёне, то цяжка нават выказаць здагадку, за якую цану яна можа пайсці, хоць некаторыя прэцэдэнты ёсць.
Скрадзеная гітара Джона Ленана была прададзеная за 2,4 мільёна даляраў, калі яна зноў з'явілася на свет праз паўстагоддзя пасля знікнення, а акустычная гітара Курта Кабейна, на якой ён граў падчас культавага выступу MTV Unplugged, была прададзеная за 6 мільёнаў даляраў.
Бас Мак-Картні, які можна лічыць сімвалам пачатку новай музычнай эпохі, верагодна, аказаўся б яшчэ даражэйшы, але каманда «згубленага баса» кажа, што ў гэтага праекта няма ніякай камерцыйнай матывацыі.
Пакуль што Скот Джонс лічыць, што той, у каго ёсць важная інфармацыя, магчыма, нават не падазрае, якім скарбам ён валодае.
«Было б выдатна, калі б аднойчы гітару можна было выставіць на ўсеагульны агляд, але калі той, хто ведае пра яе месцазнаходжанне, гатовы падзяліцца інфармацыяй толькі дзеля таго, каб зарабіць трохі грошай, то хай так і будзе, бо ў любым выпадку яна будзе знойдзеная», — сказаў ён.
Але галоўная мэта пошукаў — вярнуць Мак-Картні яго гітару, якую ён даўно хацеў знайсці.
Інфармацыя аб праекце з'явілася ўсяго два дні таму, але каманда ўжо атрымала «цікавыя звесткі», якія цяпер вывучае.
Як распазнаць бас-гітару Мак-Картні?
Ёсць некалькі характэрных прыкмет, пра якія павінен ведаць любы аматар, спрабуючы адрозніць падробку ад арыгінала.
Яркая характэрная прыкмета — лагатып фірмы Höfner, размешчаны на грыфе вертыкальна. У пазнейшых мадэлях, на якіх граў і Мак-Картні, ён быў гарызантальным.
Зніклы бас таксама выглядаў зусім інакш, чым на першых фотаздымках, бо яго прыйшлося рамантаваць пасля працяглых гастроляў.
Акрамя таго, ён пафарбаваны ў больш цёмны колер, накладка жамчужнага колеру была выдаленая, а два гуказдымальнікі былі ўсталяваныя ў адным кавалку чорнага дрэва.
Каментары