Грамадства77

Кат ці ахвяра ўнутраных разборак? Супрацоўніка наваполацкай калоніі адправілі за краты за перавышэнне паўнамоцтваў

Справа Ігара Пятрова — адна з нешматлікіх, дзе супрацоўніка калоніі асудзілі за гвалт над зняволеным. 

33-гадовы Ігар Пятроў мае звычайную біяграфію правінцыйнага міліцыянта. Ён родам з Полацка, але апошнім часам жыў у суседнім Наваполацку. Вучыўся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. У 2014-м, пасля заканчэння ўніверсітэта, Пятроў паступіў ў міліцыю і да снежня 2014-га давучваўся на афіцэра.

Пасля гэтага яму прысвоілі званне лейтэнанта і прызначылі начальнікам атрада ў наваполацкі лячэбна-працоўны прафілакторый №8.

У 2016-м ён даслужыўся да старшага лейтэнанта. А праз год яго перавялі ў папраўчую калонію №1 у Наваполацку на пасаду начальніка атрада. 

На мяжы 2022-га і 2023-га Пятрова арыштавалі. Яго абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў — ён пабіў вязня.

Справу на наглядчыка завялі па ч.3 арт. 426 — «учыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, нададзеных ёй па службе, спалучанае з гвалтам, катаваннямі пацярпелага або прымяненнем зброі або спецыяльных сродкаў». 

Наколькі вядома «Нашай Ніве», у чэрвені Ушацкі суд даў Пятрову шэсць гадоў калоніі. У той жа час па інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, якая дапамагае палітвязням, прысуд быў 4 гады калоніі і 13 тысячаў рублёў штрафа. А сам Пятроў цяпер сядзіць у калоніі «Віцьба».

Але, здаецца, не ўсё так проста. За здзекі з Вітольда Ашурка, пасля якіх ён памёр, нікога не асудзілі і не пакаралі. Нічога не адбылося і пасля смерці іншых палітвязняў — Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна

«Прывозілі ў калонію. Ужо ў кайданках»

«Я здзівіўся, калі даведаўся, што Пятрова арыштавалі. Тое, у чым яго абвінавацілі, адбываецца ў калоніі пастаянна, — дзеліцца былы вязень калоніі №1. — Чалавека ставяць на расцяжку і б'юць па нагах, каб іх расцягнуць у розныя бакі. 

Пятроў зрабіў тое самае, і ў зняволенага здарыўся разрыў сухажылля, так казалі. Адбылося тое ў сталоўцы з пажылым мужчынам. Пасля вязня забралі ў турэмную лякарню. Зняволены неўзабаве выйшаў па сканчэнні тэрміну, сваякі напісалі заяву, і Пятрова адхілілі ад працы, а пасля арыштавалі. Прывозілі ў калонію ўжо ў кайданках на следчыя дзеянні.

Незадоўга да гэтага ў ПК-1 быў «разбор палётаў», маўляў, хто ёсць хто, і супрацоўнікаў нават вадзілі на паліграф. Там такая атмасфера, што не толькі зэкі даносяць, але і супрацоўнікі пастаянна стукаюць», — кажа былы вязень.

наваполацк калонія новополоцк колония
Наваполацкая калонія №1. Скрын старога відэа МУС

Пасля таго, як арыштавалі Пятрова, звольнілі і яшчэ людзей. Кажуць, што некаторых за палітыку, хто неяк выказваўся ці ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў».

«Бывалыя казалі, што добры мужык»

Былы вязень апісвае характар Пятрова:

«З аднаго боку, ён быў высакамерны са зняволенымі. Усе, хто сядзеў у ПК-1, ведаюць, што ў яго быў забабон пра чысціню галення. Мог напісаць рапарт, нават калі чалавек чыста і гладка выгалены, але нешта яму не спадабаецца. І калі чакалі Пятрова з праверкай, то ўсе ведалі, што трэба ледзь не скуру сашкрэбсці. Мог выклікаць чалавека з шэрагу і пальцам нават правесці. Асабліва ад гэтага пакутавалі людзі, у якіх чорны волас.

Але ёсць і іншы бок. Напрыклад, калі я толькі прыехаў у калонію, яшчэ ў «каранціне», то няшмат ведаў пра тое, як там што працуе. Начальнік калоніі, Пальчык, адразу паставіў мяне «на ўнітазы» — гэта ганебны абавязак, які аўтаматычна пераводзіць у нізкую касту. Дык вось, калі Пятроў мяне вёў на працу, адразу сказаў мне, што я «папаў», даў асадку і лісток: «Пішы адмову». Нават не пытаўся, ці ведаю я, ці не, да чаго гэта прывядзе.

З Пятровым можна было дамовіцца, шмат у якіх выпадках ён ставіўся па-людску. Да прыкладу, ідзеш у лазню памыцца, а яна раз на тыдзень, і баішся, што не паспееш на адзнаку па прафілактычным уліку. Падыходзіш да Пятрова, тлумачыш сітуацыю, і ён кажа, што нічога страшнага.

З адметнага — Пятроў адносна лаяльна ставіўся да палітвязняў. Ён ім не рабіў подласцяў. Пры мне нават даваў аднаму з палітычных добрую характарыстыку. Хадзілі чуткі, што ён нават спрабаваў некаторых з іх адстаяць, калі іх збіраліся «закрываць» у ШІЗА.

Любіў выклікаць людзей на гутаркі. Ён распытваў, чаму мяне пасадзілі. У асабістых размовах не выказваў сваіх палітычных поглядаў, хоць на публіку заўжды маляваўся «патрыётам» і хваліў Лукашэнку. Выклікаў ён на такія гутаркі і палітычных, у тым ліку, казалі, Віктару Бабарыку — топ-вязня калоніі.

Бывалыя зняволеныя тады казалі, што, маўляў, няважна, што ён чапляецца да галення, затое «Пятроў нармальны мужык».

Збег абставін ці помста?

Былы вязень кажа, што збіццём вязняў у калоніі займаліся «кантралёры» — так называюць ахоўнікаў. Афіцэры, накшталт Пятрова, звычайна ў такім не ўдзельнічалі. Садыстам ён называе былога начальніка калоніі Андрэя Пальчыка.

«Ён даваў загады на збіццё і сам біў людзей. І палкамі, і нагамі, і рукамі. На яго куды толькі не пісалі скаргаў тыя, хто выйшаў, і нічога. Але фактычна яго ў выніку адправілі на паніжэнне начальнікам калоніі-пасялення, хоць яму прарочылі пасаду ва ўпраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС».

Андрэй Пальчык

Былы палітвязень мяркуе, што калі б збіты Пятровым вязень не выйшаў неўзабаве на волю, крымінальнай справы за збіццё не завялі б.

«Каля сталовай ПК-1 ёсць тры паштовыя скрыні — адна з лістамі начальніку калоніі, адна з лістамі звычайнымі, на волю, і трэцяя — пракурору. Дык вось я не памятаю выпадкаў, каб увогуле з гэтай «пракурорскай» скрынкі нешта выходзіла на волю, лісты выкідаюць, а тым, хто скардзіцца, ствараюць праблемы».

Але мужчына не выключае, што Пятрову маглі за нешта адпомсціць — не за тое, за што фармальна асудзілі. Бо супрацоўнікаў, якія абыходзіліся з асуджанымі яшчэ больш жорстка, не каралі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Правілы
    21.10.2023
    Як той казаў, у гестапа яго недаблюбвалі за жорсткасць.
  • І што за высер?
    21.10.2023
    Мне што зараз сьлязу пусціць і можа на помнік яму пачаць збіраць данаты? Я не бачыў нармальных супрацоўнікаў УДВП (удин), дый агулам пасля падзей 2020 уся структура можа хавацца па сьвеце як Einsatzgruppen SS. Усяроўна ўсіх знойдзем і за кожнага палітычнага будзе супольная адказнасьць, і кожны будзе адказваць ня толькі свае ўчынкі але і за структуры цалкам. finita la commedia©
  • Ваня
    21.10.2023
    У меня к этим горе работникам нет ни малейшего сочуствия.

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта10

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі6

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў3

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

За тры гады ва Украіне стала на 300 тысяч больш людзей з інваліднасцю5

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта10

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →