У Мінску праходзяць здымкі серыяла пра расійскіх прапагандыстаў, куды шукалі двайнікоў Ціханоўскай і Лукашэнкі
Шматсерыйны фільм атрымаў канчатковую назву «Новыя рускія СМІ». У ім таксама жадаюць паказаць версію беларускіх падзей 2020 года вачыма расійскіх Z-ваенкараў.
Лукашэнкаўскі прапагандысцкі рэсурс «Мінская праўда» паведаміў аб правядзенні ў Мінску здымак новага васьмісерыйнага фільма пра расійскіх ваенкараў, які ў тым ліку будзе прысвечаны беларускім пратэстам 2020 года.
Міні-серыял пад назвай «Новыя рускія СМІ» заяўляецца аўтарамі як «мастацкі фільм, заснаваны на рэальных падзеях». У ім бяруць удзел беларуская масоўка і маладыя расійскія акцёры Ганна Папова і Пётр Рыкаў.
«Сюжэт пабудаваны на рэальных драматычных падзеях, якія накрылі не толькі постсавецкую прастору, але і краіны Еўропы, Блізкага Усходу і Афрыкі. У яго аснове ляжыць праца расійскіх спецыяльных карэспандэнтаў у зоне канфліктаў за мяжой.
У кінастужку таксама ўвойдуць вострыя падзеі 2020 года ў Беларусі», — піша «Мінская праўда».
Таксама паведамляецца, што над сцэнаром гэтага серыяла актыўна працаваў вядомы пракрамлёўскі прапагандыст і пісьменнік Андрэй Канстанцінаў, аўтар кнігі «Бандыцкі Пецярбург», які на фоне расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну заклікаў масава знішчаць украінскіх грамадзян і іх дзяцей, бо «яны пераўтварыліся ў дзярмо і ўвогуле не з’яўляюцца людзьмі».
Нагадаем, што раней назва новага прапагандысцкага серыяла была проста «СМІ» і для ўдзелу ў яго здымках шукалі акцёраў, вельмі падобных да Святланы Ціханоўскай і Аляксандра Лукашэнкі (з гэтымі двайнікамі хацелі зрабіць толькі «ігравыя фота» для выкарыстання ў кінастужцы).
Прычым ганарар за ролю Ціханоўскай прапаноўвалі меншы.
Раней у масоўку гэтага кастынгавага агенцтва шукалі мужчын 20-40 гадоў, якія мусілі выканаць ролю «памежнікаў Беларусі», а таксама мужчын і жанчын ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў, якія мусілі сыграць тых, «хто перасякае мяжу». Стаўка была ўсяго 1500-2000 расійскіх рублёў (каля 50-70 беларускіх).
Таксама ў канцы жніўня незалежныя журналісты заўважылі ў сацыяльных сетках і іншыя матэрыялы з падобных расійскіх здымак. Так, з’явіліся відэа з масоўкай пратэстоўцаў, якія бегалі з транспарантамі па дыпламатычным квартале ў раёне вуліцы Захарава. Мяркуючы са сторыз акцёраў з розных здымачных пляцовак, там фігуравалі змененыя назвы сапраўдных польскіх тэлеканалаў «Белсат» і TVPinfo — яны на здымках мелі назвы Velcaт і TWPInfo.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Я бачу, што мы збліжаемся». Эйсмант распавёў, што расіян у беларускім тэлеэфіры стане яшчэ больш
Паглядзелі фільм «На іншым беразе». Расказваем сюжэт і тое, што пабачылі ў кінатэатры
Два гады з дня перастрэлкі, у якой загінулі Андрэй Зельцэр і Дзмітрый Федасюк. Як выглядае месца пахавання кадэбэшніка
Каментары