«У сінагогу забег чалавек і выгукнуў «Вайна». Беларусы ў Ізраілі дзеляцца ўбачаным у гэтыя дні
«Павісае пытанне, а што цяпер з бяспекаю Ізраіля на доўгатэрміновую перспектыву», — гісторык, медык і журналіст пра занепакой сітуацыяй пасля ўварвання ХАМАС.
«Лекараў здымаюць са звычайнага прыёму на аказанне дапамогі параненым і апазнанне цел»
Алесь Белы, беларускі гісторык, публіцыст, які жыве непадалёк ад Тэль-Авіва ў горадзе Бат-Ям, кажа, што 7 кастрычніка яго сям’ю разбудзіла паветраная трывога. Усе выйшлі на лесвічную пляцоўку.
Алесь меркаваў, што гэты абстрэл не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы. Ад папярэдніх абстрэлаў у яго застаўся стэрэатып, што яны не настолькі страшныя.
«У сучасных дамах ёсць спецыяльны пакой бяспекі. У дамах старэйшых — бамбасховішча ў сутарэнных памяшканнях. У крайніх выпадках рэкамендуецца выйсці на лесвічную пляцоўку і спусціцца на 2-3 паверх», — тлумачыць Леві.
«Мы без панікі пайшлі ў бамбасховішча. Было незразумела, чаму вось так, раптам трывога. Зноў жа, раней абстрэлы доўжыліся нядоўга, а гэтым разам працягвалася некалькі гадзін запар, — гаворыць Леві. — Мы кінуліся глядзець, што адбываецца, дзе рэакцыя ўраду, вайскоўцаў. Такое адчуванне было, што ўсе аказаліся ў шокавым стане і не ведалі, што рабіць».
«Увесь гэты час тэрарысты беспакарана бамбілі нас, — адзначае ён. — Балазе, што ў Ізраілі ёсць сістэма «Жалезны купал».
Ад абстрэлаў у самом Рэховаце пацярпеў адзін чалавек. Аскепкі ракеты ўпалі на аўтамабіль.
А вось знаёмы Леві, таксама выхадзец з Беларусі, які жыве на поўдні Ізраіля на мяжы з Газай, называе перажытае пеклам.
«У сінагогу забег чалавек і выгукнуў «Вайна»
«Тады расслабіліся, бо было свята, а ўчора таксама было свята «Радасць Торы». Не ведаю, што было на поўдні, як гэта свята паўплывала на настроі памежнай паліцыі, войска, але яны проста прамаргалі маштабнае ўварванне», — лічыць гісторык.
«Цяпер — гэта абсалютны шок ад таго, што так можна беспакарана разыйсціся па вялікай тэрыторыі, не сустракаючы ніякага супраціву (…) Гэта, безумоўна, катастрофа ўсёй сістэмы бяспекі», — лічыць Алесь Белы.
«У атмасферы адчуваецца жах ад таго, што адбылося на поўдні. Мае спачуванні родным пацярпелых, аднак павісае пытанне, а што цяпер з бяспекаю дзяржавы Ізраіль у цэлым на доўгатэрміновую перспектыву. Такія пытанні задаюць у сацыяльных сетках», — заўважае суразмоўца.
Ён адзначае, што ў Шабат набожныя яўрэі стараюцца абыходзіцца без электронных прылад, таму не ведалі пра ўварванне баевікоў у краіну.
«У сінагогу прыйшоў малады вайсковец з аўтаматам, які выпраўляўся бараніць краіну і для яго было важна памаліцца і дакрануцца да скрутка Торы. Кранальнае было тое, што кожны ў сінагозе абдымаў хлопца з добрымі словамі», — расказвае ён.
«Гэта для мяне было ўпершыню. Я ў Ізраілі жыву троху больш за два гады. Наагул падобнай агрэсіі супраць краіны не было 50 гадоў. Прэм’ер-міністр атаку назваў вайной. А гэта вайна за наша існаванне», — падкрэслівае ён.
«Ізраіль існуе ў канцэпцыі, што мы павінны абараніць сябе самі. Гісторыя паказвае, што французы былі нашымі сябрамі, а потым адмовілі нам у зброі. ЗША былі сябрамі, але мы памятаем іх нажы ў спіну за часамі Барака Абамы. Таму мусім быць самастойнымі і абапірацца на ўласны патэнцыял і рэсурсы. Ізраіль — моцная краіна», — адзначае ён.
«Адказ Ізраіля можа прывесці да знікнення палестынскай аўтаноміі»
«Мы не чакалі такога маштабу і цяпер, грамадзяне задаюць пытанні, як так адбылося, што нашы сілы бяспекі, выведка не ўпільнавалі такой атакі. Але разам з тым дзяржаве мы ўсё адно давяраем і спадзяемся, што яна зробіць тое, што трэба, з тэрарыстамі Газы», — адзначае ён.
«У выніку, як кажуць некаторыя аналітыкі, палестынская аўтаномія наагул можа знікнуць. Нешта падобнае мусіць адбыцца, бо калі адны забіваюць ізраільцян, а другія заклікаюць ісці далей, то мусяць адказваць усе. Спадзяюся, што армія так і паступіць: знішчыць палітычную і вайсковую структуры ХАМАС», — спадзяецца Глазштэйн
Яго ўражвае салідарнасць ізраільцян: чэргі на здачу крыві, чэргі на тое, каб перадаць вайскоўцам рэчы. Рыштункам салдаты забяспечаныя, настойвае ён, але людзям важная спрычыненасць да агульнай справы.
Леві мяркуе, што ў ХАМАСа, дзякуючы дапамозе Ірана і Расіі, з'явіліся больш магутныя ракеты, якія здольныя ляцець значна далей. Алесь Белы дадае, што атака на Ізраіль вельмі падобная на нядаўні абстрэл расійскімі войскамі Харкаўскай вобласці.
«У грамадстве расслабленасць і недаацэнка сітуацыі, у якой краіна знаходзіцца»
«Ізраільцяне прывыклі жыць, ведаючы, што ў іх самая лепшая разведка, наймацнейшае войска ў рэгіёне. Але, раптоўна, гэта аказалася ілюзіяй», — адзначае ён.
Міністэрства аховы здароўя Ізраіля паведамляе, што станам на 17:00 нядзелі па ізраільскім часе ў бальніцы краіны паступіла ўжо 2156 параненых, 20 з якіх знаходзяцца ў крытычным стане, 338 — у цяжкім.
На думку Алеся Белага, нягледзячы на тое, што ў Ізраілі ўсеагульная вайсковая павіннасць, краіне неабходная тэрытарыяльная абарона і яе адсутнасць на поўдні «стратэгічны пралік». Ён кажа, што паводле старажылаў, тэрытарыяльная абарона раней існавала, але 20 гадоў таму праз унутрыпалітычную барацьбу, яе скасавалі.
«Ёсць у грамадстве расслабленасць і недаацэнка сітуацыі, у якой краіна знаходзіцца. Вядома ж, вельмі цяжка падтрымліваць грамадства ў такім стане мабілізацыі. Але вайскоўцы і людзі на мяжы з Газай, якая заўжды крыніца небяспекі, павінны быць увесь час мабілізаваныя», — лічыць ён.
«Зразумела, што вайсковая моц Ізраіля значна большая і ў кароткатэрміновай перспектыве перамогі ХАМАС не будзе. Гэта толькі эпізод у няспыннай вайне, якая ідзе з 1947-48 году. Я не магу прыдумаць варыянт, пры якім арабскі бок быў задаволены», — заўважае ён.
«Вымалёўвацца пагроза глабальнай вайны»
«Ёсць ізраільскія арабы, такія ж раўнацэнныя грамадзяне, — гаворыць Леві. — Шмат палестынцаў працуе на будоўлях, багата арабаў робіць кіроўцамі аўтобусаў. Цяпер, вядома, ім прыпыняць дазволы на працу».
«Я дужа баюся трэцяй сусветнай вайны. Ізраіль — частка заходняга свету. І вымалёўвацца пагроза глабальнай вайны супраць Захаду, у якую могуць уступіць арабскія дэспатыі, Расія, Кітай, Іран, які, відаць і стаіць за гэтай атакай. І яна планавалася ў Тэгеране. Вялікі пытальнік — гэта Турцыя», — мяркуе Алесь Белы.
Глядзіце таксама:
Два беларусы пацярпелі ў выніку ракетных абстрэлаў у Ізраілі
Каментары