Грамадства33

Самыя пажылыя палітвязні — хто яны і за што іх арыштавалі

Адзін з іх атрымаў дзевяць гадоў калоніі, і яму тэрмінова патрэбная перасадка ныркі, іншага судзяць сёмы раз запар.

Тысячы людзей у Беларусі сядзяць у турмах за свае палітычныя перакананні, за выступы супраць дыктатуры ці за патрабаванне свабодных выбараў і сумленнага падліку галасоў на іх. Сярод вязняў — нямала людзей старэйшага веку, ветэранаў працы. 

Наталля Таран

Наталля Таран у 2017 годзе. Фота: яе старонка ў «Аднакласніках»

Самая пажылая з палітзняволеных, чые імёны вядомыя, — 75-гадовая Наталля Таран. Яна нарадзілася ў горадзе Ялта. Па прафесіі была токарам, але апошнія гады на пенсіі.

Затрымалі яе за публікацыі ў «Аднакласніках». Крамолу ўгледзелі ў некалькіх «класах» пад допісамі. Гэта палічылі паклёпам на Лукашэнку, абразай Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады. Жанчыне далі тры з паловай гады зняволення.

Судзіла яе вядомая ў Бабруйску суддзя Вольга Серакова. Яна часта займаецца палітычнымі крымінальнымі справамі, асудзіла па іх каля 20 чалавек.

Вольга Серакова — актыўная выканаўца масавых палітычных рэпрэсій пасля 2020 года. Фота з яе старонкі Укантакце

Сярод іншага, яна дадала паўгода да прысуду Сяргея Франчука, брата каліноўца Вадзіма Кабанчука, а таксама ўхваліла перавод палітвязня Андрэя Навіцкага на строгі рэжым адбыцця пакарання.

Васіль Бераснеў

Васіль Бераснеў. Фота: «Вясна»

Васіль Бераснеў — самы стары з вядомых палітвязняў-мужчын, яму 73 гады.

Ён вядомы ў Оршы чалавек. У 80-я Бераснеў быў дырэктарам сельскагаспадарчай вучэльні ў Высокім пад Оршай (цяпер — Высокаўскі аграрны каледж). Неўзабаве ўзначаліў Аршанскі раённы савет дэпутатаў. Але пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады стаў на бок лагера дэмакратычных сілаў.

Быў упершыню арыштаваны ў 2006-м за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. У 2010-м балатаваўся ў мясцовыя саветы ад аргкамітэта па стварэнні партыі «Народная грамада», якой кіруе Мікола Статкевіч. А ў 2017-м адбываў 14-суткавы арышт за ўдзел у аршанскім «Маршы недармаедаў».

Таксама мужчына займаўся праваабаронай, прадстаўляючы Беларускі Хельсінскі камітэт у Оршы і ваколіцах. Уваходзіў у Аршанскую кааліцыю дэмакратычных сілаў.

А з 2016 года кіраваў аршанскай суполкай прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Дзейнічала яна і ў раёнах паблізу — Талачынскім, Сенненскім, Дубровенскім. Займаўся юрыдычнымі пытаннямі, дапамагаючы ў працаўладкаванні, абскарджваючы незаконныя звальненні і нявыплаты заробкаў.

Яго затрымалі 20 красавіка 2022 года па справе прафсаюза РЭП. А разам з ім і Генадзя Фядыніча з Вячаславам Арэшкам. Берасневу прысудзілі дзевяць гадоў калоніі за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «заклікі да санкцыяў» і «распальванне варожасці».

У калоніі стан Васіля Бераснева пагоршаў да крытычнага. Спачатку з'явілася інфармацыя пра тое, што ў яго праблемы з адзінай ныркай і падвышаны ціск. Адміністрацыя СІЗА і калоніі ігнаравала заявы пра аказанне медычнай дапамогі.

Дзесяць дзён таму стала вядома, што Бераснева перавялі ў шпіталь, бо яму патрабуецца тэрміновая перасадка ныркі. Медыкаментозна дапамагчы яму немагчыма, і ён мае патрэбу ў бесперапынным медыцынскім наглядзе.

Аляксандр Ярашук

Фота: Facebook-старонка Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў

Лідару Беларускага незалежнага прафсаюза Аляксандру Ярашуку 71 год.

Ярашук больш за 20 гадоў узначальваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Часта выступаў пасярэднікам у перамовах паміж уладамі Беларусі і еўрапейскімі чыноўнікамі, Міжнароднай арганізацыяй працы. 

Яго затрымалі 19 красавіка 2022 года. Абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і «закліках да санкцыяў». У выніку яму прысудзілі чатыры гады калоніі.

За рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў рэжым Лукашэнкі атрымаў адказ ад Міжнароднай арганізацыі працы. Яна ўжыла супраць Беларусі 33-ы артыкул статута МАП. Арганізацыя перастала аказваць дапамогу афіцыйным уладам Беларусі, а беларускія дэлегацыі не запрашаюцца на афіцыйныя мерапрыемствы МАП. Таксама апісаныя рэкамендацыі для бізнэсу — перагледзець адносіны з Беларуссю і закрыць усе праекты, не накіраваныя на паляпшэнне сітуацыі з правамі працоўных. Краінам-чальцам МАП забараняецца дэпартаваць у Беларусь прафсаюзных актывістаў.

Патрабаванне МАП — прыняць місію арганізацыі ў Беларусі і дазволіць яе чальцам наведаць прафсаюзных лідараў у няволі. Афіцыйны Мінск чакана адмаўляецца, а лідар праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда назваў рашэнне «маніпуляцыяй і фальсіфікацыяй».

Артыкул 33 ужываўся перад гэтым толькі аднойчы — у дачыненні да М'янмы ў 2001-м за прымяненне прымусовай працы. М'янма тады згубіла адчувальную частку міжнароднай падтрымкі, у тым ліку ў галіне сельскай гаспадаркі і фінансавання інавацыйных праектаў. У выніку санкцыі з М'янмы былі амаль знятыя толькі праз 11 гадоў. Гэта афіцыйнае прызнанне таго, што ў Беларусі крытычная сітуацыя са свабодай аб'яднанняў і сходаў.

Аляксандр Новікаў

Аляксандр Новікаў

Аляксандру Новікаву з Гомеля таксама 71 год. Ён літаратуразнаўца і аўтар блога litkritika.by (цяпер — litkritika.blogspot.com). Вядома, што ў часы СССР мужчына служыў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі і меў афіцэрскае званне.

У сваім блогу ён крытыкаваў улады Беларусі і асабіста Мікалая Чаргінца, кіраўніка афіцыйнага Саюза пісьменнікаў. За гэта Чаргінец часцяком пісаў на яго заявы ў міліцыю за «паклёп», а пасля напісаў на яго адкрыты данос на сайце саюза, які называецца «Ай ды шэльма, ай ды падлізнік». Новікава абвінавачвалі ў тым, што ён быццам падманам «прабраўся» ў праўладны саюз пісьменнікаў, ставіць знак роўнасці між Гітлерам і Сталіным, не надта паважліва ставіцца да Чырвонай Арміі, а таксама крытыкуе Лукашэнку.

У 2022-м Новікаў заняў праўкраінскую пазіцыю. Таксама ён параўноўваў падзеі ў Беларусі з раманам Оруэла «1984» і 1937-м, пікавым годам сталінскіх рэпрэсіяў.

27 чэрвеня 2022 года Аляксандра асудзілі на два гады калоніі за «незаконны збор інфармацыі пра прыватнае жыццё» і «распальванне варожасці ці варажнечы». Фармулёўка абвінавачання такая:

«Н. публікаваў на сваім сайце артыкулы, якія мелі на мэце дамагчыся перагляду сусветнай гісторыі, вынікаў вайны, дыскрэдытацыі Перамогі. Размяшчаў матэрыялы, у якіх змяшчаліся прыкметы рэабілітацыі нацызму, а таксама варожасці ў адносінах да груп, якія паважаюць гісторыю савецкага перыяду.

Акрамя таго, публікаваў у фэйсбуку фатаграфіі, імёны і звесткі аб месцы працы супрацоўнікаў МУС».

Перад тым, як апынуцца за кратамі, мужчына напісаў на старонцы ў «Аднакласніках»:

«Сябар спазнаецца ў бядзе. Але не заўсёды сябры могуць дапамагчы. Асабліва, калі на тваім календары 1937 год. Я заўсёды з вамі, сябры!»

Васіль Дземідовіч

Васіль Дземідовіч. Фота: база «Кіберпартызанаў»

Васіль Дземідовіч — самы стары чалавек у спісе датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Адметна, што дзейнасць гэтая заключалася ў пакіданні каментароў у тэлеграм-чатах.

Яму 71 год. Нарадзіўся Васіль ва Уздзенскім раёне, у вёсцы Стальбоўшчына. У 1971 годзе яго забралі ў армію. Служыў ён у элітнай на той час інжынерна-сапёрнай часці дэсантных войскаў №11932, якая тады знаходзілася ў Літве.

Дземідовіч каля 20 гадоў пражыў у Наўгародскай вобласці, дзе працаваў юрысконсультам і быў заснавальнікам фірмы. Вядома, што ў 2013-м мужчына пераехаў у Мінск, але пасля вярнуўся ў Расію. Калі дакладна ён вярнуўся ў Беларусь назусім — невядома.

У Дземідовіча, наколькі вядома, няма блізкіх людзей. Жонка мужчыны не грамадзянка Беларусі і разам яны не жывуць, дзяцей у яго няма.

Упершыню лукашэнкаўцы звярнулі на яго ўвагу ў 2021 годзе. Тады Васіль вывесіў на сваёй хаце ў Нясвіжы нацыянальны сцяг Беларусі ў гонар Дня Волі 25 Сакавіка. За гэта яго пакаралі арыштам.

Агулам ён напісаў больш за тысячу каментароў у розных чатах са свайго тэлеграм-акаўнта. Упершыню яго асудзілі 16 чэрвеня 2022-га, тады ж узялі пад варту. Тады яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 50 базавых велічынь і кампенсацыяй службовым асобам, якіх «абразілі» ягоныя каментары, на 32 тысячы рублёў.

Пасля гэтага над ім адбылося яшчэ пяць судоў і ўжо пачаўся сёмы — вынікі апошніх двух невядомыя, але на чацвёртым ягоны тэрмін павялічыўся да сямі гадоў, а агульная сума штрафаў сягнула пяці тысяч рублёў. Можна меркаваць, што агулам яму прысудзілі не менш за восем гадоў турмы.

У мужчыны адбыліся дзясяткі цяжкіх этапаў у розныя месцы зняволення па ўсёй Беларусі. Мужчын-палітвязняў этапуюць у кайданках у цеснаце і гэта цяжка нават для здаровых маладых мужчын. Паколькі ў Дземідовіча няма блізкіх, стан ягонага здароўя невядомы.

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца з 2020 года. Праз крымінальны пераслед прайшлі некалькі тысяч беларусаў, а цяпер у зняволенні знаходзяцца не менш за 1697 чалавек, асуджаных або абвінавачаных па палітычных матывах, з іх 1487 прызнаныя палітвязнямі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • mikola
    21.10.2023
    Var*jacka hvora Kraina !
  • Зязюля
    21.10.2023
    Дзякуй за артыкул. Людзі маглі б увайсці ў сапраўдны парламент і вырашыць шмат праблем ў краіне. Жылі б як у Швейцарыі з такім таленавітым і працавітым народам. Але ж перамагла какістакратыя, з гразі ў князі.
  • Вероятный
    22.10.2023
    Зязюля, нажаль, зрусіфікаваныя Швайцарый не будуюць і нідзе нармальна не жывуць. 

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім24

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім

Усе навіны →
Усе навіны

У Ваўкавыску жывуць блізняты-рэкардсменкі — жанчынам споўнілася па 99 гадоў1

Стала вядомая колькасць загінулых пасля першага ўдару ракетамі Storm Shadow па тэрыторыі Расіі2

У Італіі арыштавалі расійскіх шпіёнаў. Адной з задач было стварэнне карты месцаў, не ахопленых відэаназіраннем

Марзалюк: Мяне раздражняе гэтая мантра — «у нас едіная історія, у нас едіный язык»34

Маргарыта Ляўчук нарэшце атрымала пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці8

«На асуджаных могуць уздзейнічаць звонку». Сілавікі вучыліся душыць бунт у калоніі

Студэнты-аматары запусцілі ў космас гіпергукавую ракету ўласнай вытворчасці3

Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ15

Аб'явілі збор на падтрымку Васіля Верамейчыка10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім24

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім

Галоўнае
Усе навіны →